Я вярнуўся на свае нары, рады, што не трэба ўставаць на развод, што хоць трошкі акрыяю ад павалу і бясконцых пагрузак. Узбуджаны нечаканым паваротам лёсу, доўга не мог заснуць, варочаўся на мулкіх нарах, засланых мокраю целагрэйкаю, на бярозавай плашцы замест падушкі.
Марыў, як «закіпіць» работа ў КВЧ, хоць і было няёмка перад сябрамі па брыгадзе, што ўбіўся ў прыдуркі. I апраўдваў сябе самога: а хіба было б лепш, каб настыраўся з самадурам, каб дагарэў у кандзеі ці «слабасілцы», каб яшчэ адным нябожчыкам стала больш? У кожнага свой лёс, свая дарога. Я яе прайшоў сумленна, каб выжыць, каб некалі расказаць праўду нашчадкам.
Вясна саракавога года была ранняя і дружная. У лясных лагчынах яшчэ ляжаў падталы шэры снег, прыцярушаны карою і ігліцай, прыгрэтыя сонцам узгоркі папрастрыквала кволая траўка, падсохла разбітая паўсотняй фурманак возчыкаў дарога. Брыгады ўжо не хлюпалі па суцэльнай калатушы, а пераскоквалі з грудка на грудок, цалялі ў падсохлыя каляіны.
Ачапленне было кіламетраў за пяць ад зоны. Яно пачыналася штабелямі дроў, накатамі шасціметровага кругляка, ярусамі рудстойкі і пропса, дробнага падтаварніка і шпал. Склады драўніны расцягнуліся кіламетры на чатыры ўздоўж і на кіламетр углыб. Прыйшла пара вывозіць арыштанцкую прадукцыю на будоўлі, на шахты, на заводы, у нейкія далёкія гарады, дзе ніхто і не здагадаецца, што кожнае бервяно паліта слязьмі, магчыма, іх родзічаў ці знаёмых.
Каб вывозіць, трэба падвесці чыгуначную ветку, як тут яе завуць, «вус». Дзеля гэтага прыехаў прадстаўнік чыгуначнага аддзела лагера бесканвойны інжынер Сцяпан Агурцоў. Тэрмін у яго быў невялікі, і ён вольна ездзіў па ўсёй тэрыторыі лагера. Вясёлы, трошкі цынічны малады чалавек неяк разгаварыўся са мною; мы знайшлі агульную мову і пасябравалі.
Увечары мяне выклікаў начальнік і загадаў прыняць брыгаду на будаўніцтве чыгункі. Я адмаўляўся, бо ніколі чыгунак не будаваў. Агурцоў паабяцаў, што за дзень навучыць усім прамудрасцям, работаю будзе кіраваць сам. «А якую брыгаду прыняць?» — «Заўтра на разводзе ўбачыш і павядзеш», — сказаў начальнік.
Я доўга думаў пра сваю новую пасаду і не ўяўляў, з каго мне набяруць брыгаду. Ноччу прайшоў цёплы дожджык, зямля курылася блакітнаю параю. Развод закончыўся, а ніякай маёй брыгады не было. Падышоў Агурцоў: «Ты толькі не палохайся і не лезь у бутэльку. Чыгунку мы з табою пабудуем і выратуем людзей. Слухайся толькі мяне, і ніколі не пярэч. Я з начальнікам пра ўсё дамовіўся». Браму зачынілі, а маёй брыгады няма. Аж гляджу, з ізалятара адзін за адным выпаўзаюць зацятыя «адказчыкі» з вялікім кандзейным стажам. Яны месяцамі не працавалі, даходзілі на трохсотках і рэдзенькай поліўцы. Каб вырвацца ў стацыянар, адны зашывалі сабе рот, прышывалі гузікі на голыя грудзі, рэзалі чэрава, калечылі рукі, абы толькі не хадзіць на работу.
Некаторыя мае будучыя брыгаднікі з зімы не вылазілі з кандзея, таму былі ў дзіравых целагрэйках і ватных штанах, мультановых малахаях, зарослыя і бледныя, але вясёлыя і языкатыя. «Брыгада ух, работает да двух. Начальнічак, лады, дай болей баланды». Асабліва ўсе блацякі любілі гаварыць у рыфму. Былі сярод іх «зладзеі ў законе» — ад шыі да пят у кваліфікаваных татуіроўках Колька Сцёпін і невысокі, бялявы і прыгожы Толік Кузняцоў. У яго была адзіная наколка, але на ўсю спіну — ілюстрацыя да пушкінскай «Песні аб вешчым Алегу»: коннік, кудзеснік, чэрап і змяя. Унізе чатырохрадкоўе: «Так вот где таилась погибель моя! Мне смертию кость угрожала! Из мертвой главы гробовая змея шипя между тем выползала…» Відаць, наколваў кваліфікаваны мастак. Як толькі было цярпець такую пакуту? Між іншым, надпіс для Толіка быў прарочы. Гады праз два расказвалі, што на нейкім іншым лагпункце за тое, што «ссучыўся» (здрадзіў сваім) ці прайграўся, Толіка соннага засеклі ў бараку, а вінаватага так і не знайшлі, ды і не надта шукалі.
Нарэшце маю брыгаду пастроілі. Агурцоў з усмешачкай і жарцікамі расказаў пра ўмовы працы: работа здзельная — норму схапілі і — у зону, за перавыкананне — трэці кацёл і кіло дзвесце хлеба. Пасля вячэры ўсё, што астанецца ў катлах, — чыгуначнай брыгадзе. «Ну як, лады, хлопцы?» Маўчаць, не вераць. «Вас я не пакрыўджу, але ўкалваць прыйдзецца без дурыкаў». — «А ты не цямніш, начальнічак без намордніка?» — «Што вы, хлопцы». — «А ты забажыся па-блатному». — «Бля… буду», — ляпнуў сабе ў грудзі Сцяпан і перахрысціўся пад агульны рогат. «А цяпер у сталоўку! Стоп! Стоп! Вы ж не табун, а брыгада. Строем за брыгадзірам». I мы пайшлі. У хлебарэзцы выдалі кожнаму па шасцісотцы, накармілі густою баландою і абедзеннаю кашаю.
Читать дальше