Туфта была туфтой, а чыгуначны «вус» рос з кожным днём і састыкаваўся з галоўнаю магістраллю. Зажурылася мая брыгада, што кончылася «лафа» і «стаханаўскія» абеды. Пачаліся пякельныя пагрузкі. Паражняк падавалі адзін за адным пераважна ноччу. Нарадчыкі і дзяжурныя бегалі па зоне з ліхтарамі — лавілі ўцекачоў, а яны зашываліся на гарышчы, хаваліся ў моргу, толькі б не ісці на пагрузку. Загрузіўшы два эшалоны, людзі валіліся з ног, засыналі на хаду, ламаліся і падалі пад цяжарам сырых шпал, не здалелі ўскаціць даўжэзнае бервяно, яно зрывалася з пакатоў, калечыла, а то і на смерць раструшчвала не надта спрытнага грузчыка.
Пагрузка была не для маіх «стаханаўцаў». Пачаліся «мастыркі»: прыкладалі да цела пялёсткі люцікаў, а праз пару дзён з’яўлялася мокрая флегмона, набівалі тэмпературу, на вогнішчы прыпальвалі пятку, абы толькі не ісці на пагрузку. Некаторыя зноў падаліся ў ізалятар. Аднойчы па дарозе на пагрузку прыгожы хлапчук з Магілёва Лёнька Філонаў (мабыць, мянушка стала прозвішчам) вільнуў за разлапісты выварат, затаіўся, стралок прайшоў каля яго і не заўважыў. Вопытны «кішэннік» і «дамушнік» Лёнька Філонаў бясследна знік. Відаць, недзе на перагоне зашыўся ў гружаны вагон і паехаў на волю.
Толькі пасля пагрузкі спахапіліся, што не стае чалавека. Гадзіны тры на вахце трымалі ўсе брыгады, з аўчаркамі абшасталі ўсе склады і лесасеку, у загружаныя дрыўмі вагоны паролі пікамі, а Лёньку не знайшлі. Доўга мяне цягаў упаўнаважаны чэкісцкага аддзела за «садзеянне ўцекачу». Брыгаду перавялі ў рэжымныя. Мае хлопцы дзякавалі Лёньку, што выратаваў нас ад начных пагрузак.
Пасля вызваленчага паходу Чырвонай Арміі на захад 1939 года наш лагер стаў інтэрнацыянальным. Увосень прыбыў этап з Польшчы: мужчыны ў ніколі не бачаных шыкоўных гарнітурах і палітонах, з блішчастымі скуранымі чамаданамі і партфелямі, жанчыны ў капялюшыках, светлых пальцечках з пелярынкамі і ў лайкавых пальчатках на зграбных ручках. З Бесарабіі прыгналі дзевяноста трох малдаван у доўгіх суконных бурнусах, у кажушных камізэльках і каракулевых стаўбунаватых шапках. Быў сярод іх колішні пракурор, некалькі святароў і звычайныя сяляне — вінаградары і кукурузнікі.
У польскім этапе трымаўся незалежна паважаны ўсімі землякамі былы таварыш міністра, быў і маленькі, сівенькі і надта ж гаваркі банкір. Ён кожнаму расказваў, колькі яго мільёнаў захоўваецца ў швейцарскім і лонданскім банках. А цяпер ён працаваў «рухавіком» — увесь дзень тузаў за вяроўку прымітыўнае прыстасаванне, што шчапала дранку на дах. Перакоўваўся, вывучаў на практыцы, як дастаюцца мільёны.
Дужэйшых паслалі на павал і на пагрузку, жанчын на акорку драўніны, самую прыгожую ўзяў за прыбіральшчыцу на пякарню Коля Зотаў, колішні буйны махляр і прайдзісвет, з добра падвешаным языком і ўяўнай адукаванасцю. Начальства яму патурала ва ўсім: ён за кошт прыпёку шчодра карміў усіх вольнанаёмных.
Тыдні праз два палякі ўжо не пазнавалі адзін аднаго ў лагерных неданосках. Іх бессаромна распраналі вольныя і блатары, брыгадзіры і дзесятнікі, кухары і капцёры. Уркі на дзвярах свайго шалмана павесілі прыгожую фанерную шыльду «Ларёк». Многія палякі пацягнуліся туды, спадзеючыся нешта купіць. Ім у дзвярах рабілі «цёмную» — на галаву накідвалі коўдру або бушлат, вытрасалі кішэні, здымалі пінжак, папярэджвалі, калі каму заікнецца, прырэжуць, давалі ў каршэнь кухталя, і небарака ляцеў з ганка, мінаючы прыступкі. Некаторыя беглі скардзіцца на вахту. «Дзе абрабавалі?» — «У ларку». Пасля аперацыі шыльда часова здымалася. Наглядчык з пацярпелым ішлі ў сапраўдны ларок і, як кажуць, цягнулі пусты нумар. Потым шыльда вывешвалася зноў для чарговага «наіўняка».
Большасць гарнітураў, чамаданаў, паліто і партфеляў пераплыла за зону, у шафы і куфры начальнікаў і стралкоў. Іх бессаромна выменьвалі за хлеб, цукар, махорку, за невялікую плату. Пекар Коля Зотаў з дапамогаю вольных адпраўляў дадому пасылку за пасылкаю.
Менш прывабнаю была вопратка малдаван, але і іх хутка пераапранулі ў неданоскі трэцяга тэрміну. Паплыў за зону шыкоўны сурдут былога пракурора Бесарабіі Прусакова, з тонкага сукна — сутана айца Іоны. Валіць лес, грузіць вагоны, будаваць ляжнёўкі яны былі не здатныя. Пайкі не цягнулі вышэй за чатырыста-пяцьсот грамаў, рэдзенькая баланда на першы кацёл, лыжка ячменнай кашы, а часам за невыкананне нормы ўся брыгада з вахты ішла без затрымкі ў кандзей. У многіх малдаван паацякалі твары, пад вачыма пазвісалі вадзяністыя мяшэчкі, пабляклі і апусцелі вочы.
Читать дальше