Першымі апускаліся ў лагеры не загартаваныя працаю кволыя інтэлігенты. Яны пачыналі длубацца на сметніках каля кухні, вылізваць чужыя міскі, станавіліся абыякавыя, пераставалі ўмывацца, трацілі чалавечае аблічча і годнасць, ад жывых ішоў нейкі трупны дух. Па зоне сланяліся патэнцыяльныя смертнікі. На работу ісці яны не здалелі, без тэмпературы санчасць вызвалення не давала, значыць, садзіліся ў кандзей, а там неўзабаве — дарога на вахту з біркаю на вялікім пальцы правай нагі.
Самых саслабелых пасылалі ў брыгаду лапцяплётаў. У зямлянцы з невысокаю надбудоваю бязногія і кульгавыя дзяды забяспечвалі галоўным абуткам лесарубаў — вяцкімі лапцямі на сорак вушак. Сярод лапцяплётаў былі свае стаханаўцы і ўдарнікі і, седзячы, зараблялі трэці кацёл. Паслалі да іх вучыцца двух маладых польскіх дахадзяг. Колькі яны ні біліся, а цалкам лапця не сплялі: адзін неяк агораў насок, другі пятку, і панеслі здаваць у капцёрку кожны па паўлапця, каб не лічыліся прагульшчыкамі і не начаваць у кандзеі. Ну ж і парагатаў з іх капцёр Яша Смірноў, а яны, няшчасныя, стаялі і плакалі.
З польскімі і з малдаўскімі прозвішчамі сяк-так асвойталіся, а прыбыў вялікі этап з Грузіі, і пачаліся пакуты для брыгадзіраў і работнікаў бухгалтэрыі: усе прозвішчы здаваліся на адзін капыл. Іх блыталі ў продстале, блыталі нарміроўшчыкі, блыталі рэгістратары санчасці. Пакуль было цёпла, сыны Каўказа яшчэ неяк трымаліся, а ўдарылі маразы, закруцілі завеі, дарогі і тайгу завалілі высокія сумёты, учарнелі, згорбіліся, закалаціліся ад голаду і сцюжы некалі прыгожыя і дужыя землякі «вялікага» Сасо і пасыпаліся адзін за адным, як мухі. Пакуль дойдзе да ачаплення — духі вон. Трэба ж абтаптаць, падсекчы камель. Пачнеш пілаваць, а пілу заціснула. Вопытны лесаруб ведае, як даць рады, а бедныя дзеці сонечнага поўдня выбіваюцца з сілы, пакуль зваляць адно дрэва. Ніхто іх не вучыў гэтай рабоце: пілу з сякераю — у зубы і гайда ў лес, а там хоць пуп развяжы, а норму дай. Дрэвы падалі абы-куды, і гінулі пад імі дзесяткі бездапаможных лесарубаў. Ніхто па іх не заплакаў, не паведаміў радні, як загінуў іх пакутнік.
На такіх санчасць складала на вузенькай паперцы акт: «Памёр ад запалення лёгкіх» або «ад сардэчнай недастатковасці», а дзе і калі пахаваны, засталося таямніцаю назаўсёды. За тыдзень нябожчыкаў набіраўся поўны дашчаны хляўчук, названы моргам. Укамянелую зямлю было не ўкапаць, а хаваць неяк трэба. За поўнач голыя, закасцянелыя ад марозу трупы, адных удоўж, другіх упоперак, укладаў на сані хозвозчык Мяфодзій Кастроў, вывозіў у лес за конбазу і да вясны завальваў снегам. А як растане зямля, было не да нябожчыкаў, ды і знікалі яны неяк таямніча з таго месца. Толькі часам знаходзілі косці і чарапы.
Ад сцюжы, голаду і непасільнай работы, асабліва грузіны і малдаване, падалі на хаду. Яны хутка трацілі волю, надзею і чалавечае аблічча; апускаліся маральна і фізічна, голад іх гнаў да скрынак з кухоннымі адкідамі, яны прагна грызлі салёныя галовы траскі, абпіваліся вадою, ногі, твары распухалі да шкляной празрыстасці, і людзі нячутна згасалі. Раніцай будзяць на паверку, а ён нежывы. Брыгадзір не надта спяшаўся даваць на нябожчыка весткі ў санчасць, каб яшчэ дні два мець лішнюю пайку на брыгаду. Здаралася наадварот: па зоне блукалі «жывыя нябожчыкі». Не надта пісьменныя брыгадзіры часам памыляліся: памрэ Гогіберыдзе, а ў рапарцічцы спішуць Насарыдзе. I ён з раніцы ходзіць высвятляць, чаму яму не даюць пайку. У продстале тлумачаць, што ён памёр. «Вай, слюшай, зачем умер? Я ещё живой». I тупае небарака, жывы нябожчык, у санчасць па даведку, што ён сапраўды яшчэ жывы.
Малдаване ўсё ж неяк трымаліся, лягчэй пераносілі маразы, каго не абабралі блацякі, насілі кажушныя душагрэйкі, і лесапавалам яны авалодвалі спрытней. Маладыя хлопцы стараліся зарабіць большую пайку і давалі больш за сто працэнтаў. Але ўсе былі замкнёныя, маўклівыя і змрочныя. Толькі і пачуеш: «Буна даміняца», «буна сяра». Іх парадзелая брыгада жыла асобна, але не надта дружна, часам усчыналіся сваркі, а за што, не разбярэш. Брыгадзірам у іх быў не то малдаванін, не то ўкраінец Іон Саўчук, чалавек патрабавальны і жорсткі. Ён адразу засвоіў галоўную лагерную паганялку: «Давай! Давай! Маць-перамаць!» Хто не вырабіў норму, таго з вахты здаваў у кандзей, дагаджаў начальству, каб толькі ўтрымацца ў брыгадзірах.
Неяк на пагрузцы наша брыгада стаяла побач з Саўчуковаю. Пакуль выводзілі загружаны састаў, усе разам паселі вакол вогнішча. Грузчыкам прывезлі дзежку застылай на марозе баланды з турнэпса і вотруб’я. Значыць, зноў грузіць усю ноч, а раніцай ісці на павал. Цяпер успамінаю, і не верыцца, што гэта мог вытрываць галодны чалавек, хоць і вытрымлівалі адзінкі. Мы пракліналі чыгунку, што самі пабудавалі, глядзелі на бясконцы склад — і апаноўваў жах, што ўсё гэта суджана нам перацягаць на ўласных гарбах. Звалімся, вывезуць за вахту, прыгоняць новых, і на іх долю хопіць.
Читать дальше