Павесялелі мае дахадзягі. Як яны прагна ўміналі дзённую пайку, як выскрабалі і вылізвалі міскі. У інструменталцы ахвотна разбіралі рыдлёўкі, ламы і кіркі. Дарогу пачыналі весці ад канца складаў да магістралі. Капалі глыбокія кюветы, а грунт выкідалі на будучае палатно. Хоць і худыя, знясіленыя, дахадзягі, як мурашкі, выкарчоўвалі пянькі, махалі рыдлёўкамі, варочалі ламамі і пазіралі на дзве тычкі ў канцы нашага ўчастка. Да першай — сто працэнтаў, да другой — сто пяцьдзесят. Там свяціў трэці кацёл і вялікая пайка. Акорднае заданне — найлепшы прыганяты для лагерніка. Яго найбольшая мара — хутчэй з’есці сваю порцыю і легчы на голыя нары. I мае «рабацягі» стараліся і прыспешвалі адзін аднаго. Трохі адставаў прыгожы азербайджанец Касімаў. Яго вялізныя чорныя вочы глядзелі пранізліва і сумна. З разадраных па швах некалі ватных штаноў свіцілася бруднае смуглае цела, на прапацелую майку надзета дзіравая целагрэйка. Я спытаў, ці ёсць у яго яшчэ якое-небудзь адзенне. «Есть», — і Касімаў высмыкнуў з прарэхі рубец заношаных трыкатажных трусоў: «Вот, нэ знаю, как ему фамілія». — «Трусы», — падказаў я. «Тур-русы. Забил сапсэм». — «Кім жа ты быў на волі, Касімаў?» — «Я- я? Я била лёчик». — «На якіх самалётах лятаў?» Здзіўлена глядзіць на мяне Касімаў і ўсміхаецца: «Сапсэм не летал. Я лёд возил», — рагочам удвох. Сапраўды, і смех і грэх з такога «агітатара».
Агурцоў быў асаблівым прыхільнікам маёй брыгады. Ён, відаць, хацеў выратаваць хранічных адказчыкаў, падкарміць іх, паставіць на ногі. Выкарчуем два пні, а ў рапарцічцы іх ужо чатыры, пералапачваем жоўты пясочак, а дзесятнік піша: «твердый глинистый грунт с извлечением валунов». Хто іх лічыў, хто праверыць, які там быў грунт? А гэта давала вунь які высокі працэнт!
З першых дзён мая брыгада «чыгуначнікаў» пад рогат усяго лагпункта стала ўдарнаю і стаханаўскаю. Ніхто не любіць аднастайную марудную работу ад званка да званка, асабліва калі норма вялікая, а пайка малая. А тут работа акордная — зрабіў і — на бакавую, і пайка свяціла самая важкая. Вось і стараліся з дапамогаю разумнага Сцёпкі Агурцова. Калі ён недзе ёсць і цяпер, дык не адзін чалавек абавязаны яму жыццём, і дзеці тых дахадзяг прыйшлі ў гэты свет таму, што выжылі іх бацькі.
Аднойчы мы прыйшлі на вахту, калі сонца толькі звярнула з паўдня, і трэба ж было сутыкнуцца з начальнікам. Ён як затупае, як вырачыцца: «Вы чаго гэта? Хто дазволіў? Усёй брыгадай у кандзей захацелі? Брыгадзір, далажы!» Я паказаў рапарцічку, падпісаную дзесятнікам. Сто трыццаць працэнтаў. Начальнік зірнуў на маіх абадранцаў, пакруціў галавою і засмяяўся. Стралок пацвердзіў, што працавалі без перакуру і дзесятнік дазволіў весці ў зону.
«Хрэн з ім. Наша дзела даць рабсілу, а яны няхай разлічваюцца. А вы будзеце ўкалваць — новае абмундзіраванне дадзім».
«Мы работы не баімся, на работу… сам панімаеш, гражданін начальнічак. Ударнікі, адным словам. На зіму бяры нас у прыдуркі. З мяне класны пекар будзе. Тут усе кухары, капцёры і бухгалтары. Вунь Касімаў свой лётчык», — зарагатаў і адбіў чачотку Толік Кузняцоў. «А на цябе, здаецца, нарад прыйшоў», — успомніў начальнік. «Можа, на работу ГУЛАГ запрашае? А калі на штрафняк, схаваюся, не знойдзеце. Мне цяпер і тут добра», — прызнаўся Кузняцоў.
Мы баяліся, каб начальнік не павярнуў назад на трасу. Аж не, пакруціў галавою і пайшоў праз вахту. Пусцілі ў зону і нас. Сцёпка Агурцоў шчодра нам выпісваў трэці кацёл за неіснуючыя валуны, пянькі і цвёрды грунт і паступова адносіў вешку далей і далей. Хлопцы нібыта не заўважалі і ўкалвалі не лянуючыся. Мне Агурцоў тлумачыў сваю «методу»: «Так, як цяпер, яны ніколі не працавалі і наўрад ці будуць працаваць. Ты ж ні разу не крыкнуў на іх «давай, давай». Акордная работа — найлепшы прыганяты. Беручыся за рыдлёўку, чалавек павінен ведаць, колькі ён павінен зрабіць і што за гэта будзе мець. Бачыш, як яны варушацца і слухаюцца цябе, бо вераць: ні ты, ні я не ашукалі іх ні разу. Зірні, як яны ад’еліся. Пасля галадухі чалавек становіцца як налівач, а сыты ўжо не захоча садзіцца ў кандзей на трохсотку».
Аднойчы я прыхварэў, і брыгаду павёў сам Сцёпка. Хацеў паказаць, на што здатны, і ўвечары прынёс мне падпісаць рапарцічку на сто пяцьдзесят працэнтаў. Следам за ім зайшоў Касімаў, памыты, пачышчаны, у новых картовых штанах і кашулі. Усміхаецца і маўчыць, потым працягвае з-за спіны беленькую булачку са свайго «стаханаўскага» пайка. «Кусай, биригадир. Ты балной. Кушай, пажалуста». Я паўпінаўся, потым разламалі булачку напалам і з’елі ўдвох.
Читать дальше