Неўзабаве Міхайлаў пайшоў ветэрынарыць на конбазу, яго брыгаду перадалі майму напарніку Валодзю Мяжэвічу. Яго журналісцкая хватка засвойваць усё на ляту, уменне давесці сваю правату, непаспешлівая разважлівасць ратавалі яго ў самых складаных варунках. Ён выгаварыў у начальніка права скамплектаваць брыгаду па-свойму і прапанаваў новы метад працы — канвеерны. Дайшоў, як кажуць, сваім розумам да таго, што цяпер шырока вядома як брыгадны падрад.
Мяжэвіч узяў у сваю брыгаду Грыцка і Амельку Смыкоў, нізкарослых, дужых і паслухмяных братоў з Чарнігаўшчыны, выдатных вальшчыкаў з пня. Яны клалі любую дзеравіну дакладна туды, куды трэба: крыж-накрыж, хлыст на хлыст, каб зручна было, не згінаючыся, пілаваць. За вальшчыкамі ішлі сучкарубы і раскражоўшчыкі, я быў адзіны кольшчык на ўсю брыгаду. Калуном і канадскім тапаром, як арэхі, лузаў свежыя бярозавыя чуркі і сукаватыя яловыя камлі. Брыгада працавала весела і дружна на агульны кацёл, стараліся адзін аднаму памагчы: перад адбоем усе разам складалі дровы ў паленніцы, і не верылася, што столькі напілавалі за дзень, скочвалі ў штабялі дзелавы лес і, пільна азіраючыся, хавалі канцы туфты. Выпрацоўка ішла на ўсіх пароўну. Вылучалі толькі Смыкоў, — ім заўсёды быў забяспечаны трэці кацёл. Часам усёй брыгадзе выводзілі «стаханаўскія». Гэта ўжо было свята: брыгаду саджалі на сцэне за доўгі стол, неслі поўныя міскі баланды і кашы, а на «прэмблюда» маленькія, як царкоўныя просвіркі, булачкі. Глядзіш на яе і не ведаеш, есці ці толькі нюхаць. Пах нагадваў волю, тую пару, калі можна было купіць пульхную сітніцу, батон, сайку ці свежую французскую булку. Я непрыкметна хаваю сваё «прэмблюда» ў кішэню, бо сорамна кусаць, калі на цябе прагна глядзіць столькі галодных вачэй. Булачкі выпадалі рэдка, і мы ведалі, што гэта заслуга вынаходлівасці нашага брыгадзіра — вялікага майстра складаць рапарцічкі і выводзіць працэнты за нарэзаныя і туфтовыя кубікі, а часам за «кантоўку дня ля пня».
У канцы мая ўдарыла пякельная спёка. На сінім да бляску небе — ні воблачка, ні хмурынкі. Сонца ў зіхоткім німбе пералівалася растопленым металам, сляпіла вочы і смаліла бязлітасна. Звяла бярозавае лісце, і пахла лазняю. Ігліца, сухі мох, дробнае сучча трашчалі пад нагамі, як порах. Высахлі ўсе копанкі і лужыны, а мы прэлі ў абшарпаных, з клоччам чорнага пакулля ватніках. Забаранілі паліць лаўжы, бо на паўночных лагпунктах тыднямі гарэлі лесасклады, пажар дабіраўся да зоны, гарэў лес, гарачы вецер даносіў да нас пах дыму і гары. Лесарубы млелі ад гарачыні і смагі. Пад вываратамі знаходзілі зялёныя ад жабурыння, поўныя юркіх апалонікаў лужыны, прыпадалі да іх і праз анучачку смакталі слізкую і горкую каламуць. З высахлых балацін накінулася на нас плойма крыважэрнай заедзі — вялізныя, як чмялі, авадні ссякалі да белых пухіроў, сляпні прыліпалі да змакрэлага цела, лезлі ў рот, у вочы і вушы, звінелі і гайдаліся хмараю вакол галавы камары. Ледзьве адкараскаліся ад паразітаў у рубцах кашуль, як напала гэтая лютая погань. Коні не маглі адбіцца ад заедзі, раўлі і падалі ў аглоблях. Міхайлаў іх мазаў дзёгцем і крэазотам, але і гэта слаба памагала.
У спёку саслабелыя трацілі прытомнасць. Падала выпрацоўка, не памагалі штрафныя пайкі і кандзей, расла туфта, каб пратрымацца хоць бы на шасцісотцы. Задумалася і начальства. Раптам у нядзелю абвясцілі выхадны. О, радасць! А мы ўжо забылі, калі ён быў. Усе ўзяліся латацца, абшывацца, галіцца, падстрыгацца. У каго што збераглося з дому, апрануліся ў «вольныя» штаны і кашулі, каб хоць у выхадны не парыцца ў пашарпаных ватніках. Летняга адзення ў лагеры не было, таму і летам хадзілі ў зімовых неданосках.
Арыштанты ў сваёй адзежы ўстрывожылі камандзіра ўзвода аховы: гэта ж магчымыя ўцекачы. Надвячоркам у зону ўвайшло чалавек пятнаццаць стралкоў, і пачаўся павальны «шмон» — забіралі нялагерную вопратку, з мяшкоў і фанерных чамаданчыкаў вытрасалі фотакарткі і лісты з дому, забіралі іх на «праверку», хоць і прайшлі яны самую пільную цэнзуру. Так нічога і не вярнулі. Завідна пагналі на вячэру і да заходу сонца празванілі адбой. Нарадчык і дзяжурныя ўсіх заганялі спаць, — пад’ём будзе ў гадзіну ночы, снеданне і развод. Працаваць будзем да дзвюх гадзін дня, пакуль не ўдарыць спёка.
Але дзе ты заснеш, калі яшчэ смаліць сонца, а ў палатцы ад гарачыні няма чым дыхаць. Усе абліваюцца потам, варочаюцца, кідаюцца і лаюцца ад злосці. А тут яшчэ развялася плойма клапоў, імі забіты ўсе шчыліны ў нарах, яны, як дождж, сыплюцца з апалубкі і дасмоктваюць рэшткі арыштанцкай крыві. Вошы, гніды і клапы неадступныя спадарожнікі арыштантаў на ўсіх этапах, у турмах, перасылках і бараках. Сякуць яны нас і ў палатцы.
Читать дальше