Начальства нібыта вяло барацьбу з туфтою і туфтачамі, хоць і ведала, што без туфты не абыходзілася ніводная зводка і справаздача ўпраўленню. I яшчэ быў адзін паратунак — «закасіць» у санчасці вызваленне ад работы: нагнаць тэмпературу, прымарозіць пальцы, толькі так, каб не аднялі, прыбінтаваныя пялёсткі кураслепу давалі такія флегмоны, што можна было кантавацца тыднямі. Такіх майстроў было не так многа, але былі і ратаваліся як толькі ўмелі, прыслужвалі каля кухні, пякарні, продкапцёркі і мелі кавалак хлеба ці лішнюю міску баланды.
Мы па-ранейшаму спалі на голых нарах, на бярозавай чурцы замест падушкі. Асабліва даймалі неадлучныя арыштанцкія спадарожнікі, якія не пераводзіліся нават пасля дэзінфекцыі ў рубцах нашых бляшаных ад бруду кашуль і споднікаў. Яны не давалі ніколі сумаваць: усе чухаліся, скрэбліся, раздзіралі цела да крыві. А яны пладзіліся і набухалі на нашых маслах, дасмоктваючы тое, што не высмакталі следчыя. Чаргу ў лазню наша брыгада чакала больш за месяц. Ды і лазня тая была як на здзек. Непадалёк ад вышкі скідалі хатку не больш як на адну сям’ю. Каля яе дымілася жалезная будачка з дзверцамі. Звалі яе вашапрудка, а па-вучонаму — «дэзакамера». Брыгада распраналася каля яе проста на снезе. Кожны нанізваў свае транты на гарачае драцяное колца і вешаў у камеру. У лазні ніякіх сенцаў не было, па снезе адразу ўскоквалі ў мыйню, церліся адзін аб аднаго і закураныя сцены. Пры ўваходзе выдаваўся, як ірыска, драбочак мыла і конаўка ледзь цёплай вады. Наіўнаму яе хапала намыліцца, а змываць чым хочаш. Выскаквалі за дзверы, зачэрпвалі снег, ён хутка раставаў, і збольшага змывалі мыла. А потым калаціліся, чакаючы, калі выкінуць на снег каляную і рыпучую ад гарачыні адзежу.
Потым даўмеліся: распраналіся на лесасецы і над вогнішчамі трэслі свае пажоўклыя ад бруду і пражарак кашулі, праводзілі над полымем рубцамі, і толькі трэск ішоў ад паразітаў. Калі б тады, барані божа, уплюнуўся тыфус, ён бы «вызваліў» увесь лагер, але лёс быў літасцівы, а мы трывушчыя.
Мы з Мяжэвічам разам з туфтою налаўчыліся зарабляць часам аж восемсот грамаў хлеба і «прэмблюда» — квадрацік густой аўсянай кашы.
Павярнула на вясну, пабольшалі дні, прыгравала сонца, асядалі сумёты, каля пнёў чарнелі праталіны, пацямнелі ад сцюжы і першага сонца твары, парэпаліся, зашэрхлі, задубянелі ад мазалёў рукі, на нагах, асабліва ў цяпле, нылі і торгалі прымарожаныя пальцы. Але трымала нас сяброўская еднасць. Алесю Пальчэўскаму пашанцавала прыстроіцца рэгістратарам да лекпома ў так званай санітарнай часці. А лекпомам быў тыповы блатнячок, малады, высокі Васёк у ссунутай на адно вуха кепачцы, у бушлаце з натапыраным каўняром. Яго медычныя веды далей тэрмометра і рыцыны не сягалі. Скардзіўся яму на разводзе рабацяга на гарачку і галаўны боль, Васёк грэбліва мацаў пульс і лоб і цадзіў праз зубы: «Увечары зойдзеш, а цяпер шуруй на работу. Кубікі патрэбны. Панімаш?» Начальству такі «медык» якраз і быў патрэбен.
Пальчэўскі ў санчасці вёў усю канцылярыю, прысутнічаў на прыёмах, мераў тэмпературу і, калі бачыў зусім саслабелага, прыбаўляў некалькі дзесятых, каб даць вызваленне ад работы. Часам у спісы вызваленых цішком уключаў каго-небудзь з нас.
Пасля разводу ўсіх, хто заставаўся ў зоне, выганялі да вахты на паверку. Прагульшчыкаў заганялі ў кандзей, з вызваленых па хваробе адбіралі дужэйшых абіраць на кухні мёрзлую бульбу, чысціць рыбу, скрэбці флякі, калоць дровы і цягаць ваду. Самым абразлівым было, што пры выхадзе з кухні абшуквалі ад вушэй да пят. У каго знаходзілі прыхаваныя дзве-тры бульбіны або кавалак траскі, збівалі да крыві, а самі работнікі кухні жэрлі не ў сябе ды яшчэ цягнулі з сабою ў барак. Які я ні быў галодны, а ў заработкі на кухню да канца тэрміну ніколі не хадзіў. Калі чалавек станавіўся рабом страўніка, траціў годнасць і сорам, пачынаў лазіць па памыйніцах і сметніках, вылізваць у сталоўцы чужыя міскі, рабіўся «шакалам», значыць, хутка яго ноччу вывезуць за вахту па групе «Д».
Ад дахадзяг ішоў цяжкі дух гнілой бульбы, гнілі і паносу. Пра такіх гаварылі: «Кандыдат у сасновы бушлат». На першых парах, калі паміралі адзінкі, кульгавы сталяр Міцька Сарокін збіваў для іх з няструганых аполкаў скрынку, яе і празвалі «сасновым бушлатам», а як пачаўся масавы мор, не хапала ні дошак, ні сталяроў — вывозілі ў агульныя траншэі нават без бялізны, а зімою прысыпалі снегам, бо ўкапаць мёрзлую, як каменны маналіт, зямлю ні ў кога не выстарчала сілы.
Читать дальше