Адзіны ратунак у самых вялікіх пакутах — не апусціцца, не страціць волю, прыстойнасць, не забыцца, што ты чалавек, і мець надзейнага друга. Любое гора з таварышам дзеліцца напал і становіцца паловаю гора. Таму і трымаліся мы адзін аднаго: Алесь Пальчэўскі, Уладзімір Мяжэвіч, прыгажун і выдатны журналіст Юрка Такарчук, мой даўні друг Алесь Розна і я. Каму б ні прыйшла вестка з дому, яна была нашай агульнай радасцю, пасылка дзялілася на ўсіх. Пасылкі ўскрываліся, ператрасаліся і выдаваліся на вахце. Каму б яна ні прыйшла, атрымліваць мы ішлі ўсе разам з добрымі кіямі, бо па завуголлі «чарцей-пасылачнікаў» цікавалі блатары. Яны наляталі, накрывалі галаву бушлатам, білі кіем па галаве, вырывалі скрынку з рук, і толькі іх бачыў, а ты лямантуй, крычы, кліч на дапамогу, — ніхто не прыйдзе, толькі ўспамінай убачанае на вахце сальца, сухары і блакітнаватыя драбочкі цукру. Колькі наглядчыкі ні спрабавалі шукаць украдзенае, ніколі нічога не знаходзілі.
Мы засвоілі прымітыўныя складанасці лагернага жыцця — трымаліся ўсе разам і неяк жылі, малілі толькі Бога і начальніка, каб хоць бы нас не разлучалі.
Мой напарнік Валодзя Мяжэвіч вельмі хутка засвоіў усе тонкасці падліку лясной прадукцыі. Ён імгненна пераводзіў пагонныя метры ў кубічныя, беспамылкова падлічваў кубатуру рудстойкі і дзелавой драўніны, шпальніку, балансу і авіяфанеры. Гэта заўважылі дзесятнікі і бралі Валодзю сабе ў дапамогу, а нам за гэта дапісвалі працэнты, а значыць, большала і пайка.
К вясне мы акрыялі на пасылках і нашых «туфтовых» заработках. Навучыліся дакладна валіць лес з пня, хутка пілаваць і калоць дровы, засвоілі, што выгадней нарыхтоўваць, і круціліся як маглі. Праўду кажуць — голад не цётка, ён і ката прывучыць гарчыцу есці.
Пабольшалі дні, прыпякала сонца, асядалі сумёты, дружна сходзіў снег, падсыхалі ад вахты да ачаплення дарогі, набракла апырсканае пупышкамі бярозавае вецце, выпстрыкнула вострая траўка, па абочынах засінелі пралескі. Усё гэта хвалявала, будзіла ўспаміны, а радасці было мала. Суцяшала толькі, што меней мерзлі, не грузалі па сумётах, на развод выходзілі завідна і вярталіся, калі сонца толькі знікала за лесам. Было яшчэ светла, а па зоне, пабраўшыся адзін за аднаго, трымаючыся за відушчага, вобмацкам, з нармальнымі расплюшчанымі вачамі ішлі хлопцы. Начальства вінаваціла іх у сімуляцыі; за тое, што не выходзілі на начныя пагрузкі, саджала ў кандзей. А няшчасныя хлопцы плакалі і кляліся, што, як толькі змеркне, нічога не бачаць. Падтакваў начальству і ліпавы прыблатнёны лекпом.
А сляпых станавілася ўсё больш і больш. Удзень — нармальныя старанныя лесарубы, а на змярканні пабяруцца адзін за аднаго, і сунецца па зоне чарада сляпых. Як ні білася начальства, як ні мардавала ў ізалятары, відушчымі не станавіліся. Заступіўся брыгадзір дахадзяжнай брыгады былы ветэрынарны ўрач Міхайлаў. Прыбыў ён разам з намі з магілёўскай турмы. Быў адным з трох нерасстраляных выкладчыкаў Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Іх вінавацілі ў шкодніцтве, у тым, што прышчэпвалі коням і каровам сібірскую язву і сап. Як яны ні даводзілі, што ў беларускіх сёлах не было зарэгістравана ніводнага выпадку гэтых хвароб, нічога не дапамагло: дзесяць чалавек расстралялі, траім далі па дзесяць гадоў. Латарэя!
Вось Міхайлаў і адважыўся прыйсці да начальства. З пабітым рабаціннем тварам, надзьмуты, як гладышка, малодшы лейтэнант глядзеў трахомнымі вачыма на колішняга палкоўніка ветэрынарнай службы зэка Міхайлава:
— Ну, чаго табе?
— Грамадзянін начальнік, я хоць і ветэрынарны ўрач, але асновы анатоміі і фізіялогіі ведаю дасканала і мушу сказаць, што вы дарэмна заганяеце ў ізалятар людзей, якія слепнуць на змярканні. Яны сапраўды не бачаць.
— А ты адкуль ведаеш? Заступнік мне знайшоўся сімулянтаў і контрыкаў!
— Я вам хачу вярнуць паўнацэнных работнікаў. У іх так званая курыная слепата. У арганізме адсутнічае вітамін «Д» і іншыя неабходныя кампаненты. Яны ёсць у сырой пячонцы і рыбным тлушчы. Паспрабуйце даць ім трохі пячонкі, і ўсе стануць відушчымі.
Начальнік задумаўся.
— Калі праўду кажаш, расканваірую, і пойдзеш рабіць на конбазу конскім доктарам, ашукаеш, згнаю ў ізалятары. Так што выбірай. Тлушчу і нашым дзецям няма. А дзе ўзяць пячонку?
— На конбазе. Там выбракаваных коней раздзелваюць нам у кацёл, а ўвесь лівер выкідваюць сабакам. А гэта ж ратунак для няшчасных людзей.
Нарэшце ўгаварыў Міхайлаў начальніка. Праз тыдзень ужо ніхто не хадзіў па зоне вобмацкам.
Читать дальше