У шасцідзесятыя гады ў Камсамольску-на-А муры я ехаў у трамваі каля таго самага лагера, дзе пад шасцізначным нумарам сканаў Сяргей Дарожны, і ўспомніліся яго даўнія радкі: «Зіма, зіма, а снегу па калені, ні сцежак, ні дарог няма». Так, цяпер ні сцежак, ні дарог няма за тыя сопкі, куды звезлі тысячы пакутнікаў з усіх куткоў нашай горкай, знявечанай, абрабаванай здзічэлымі катамі зямлі. Магіл іх няма, і следу не засталося, толькі крываточыць і баліць незагойны рубец памяці нямногіх жывых, што пранеслі цяжкі крыж, каб сведчыць пра здзекі, знявагі чалавечай годнасці, пра масавае знішчэнне лепшых, сумленнейшых сыноў і дачок краіны, за волю і шчасце якой гінулі многія пакаленні самаахвярных летуценнікаў і волатаў духу.
Калі з першых дзён не засвоіў прымітыўныя лагерныя хітрыкі, твой тэрмін будзе скарачацца хутчэй за шчыгрынавую скуру, і вывезуць цябе, небараку, у самым хуткім часе ноччу за вахту, а ў зводцы перавядуць з групы «А» ў групу «Д» (нябожчыкі).
Не прыпомню ніводнага выпадку, каб нават самы дужы і здатны лесаруб не тое што дзесяць, а запар тры гады вытрымаў на лесапавале. Спачатку ён — ударнік, яго ставяць усім у прыклад, абедаць садзяць на сцэну і, каб усе бачылі, нясуць кампот і беленькую булачку, потым ён знікае са сцэны, ледзьве дае сто працэнтаў, праз паўгода трапляе ў «слабасілку», аціраецца каля кухні, на сметніках збірае косці, становіцца «шакалам» і «міскалізам», апухае, перастае ўмывацца і непрыкметна пераходзіць у групу «Д». Нават асілак пры тых харчах, у тых умовах і пры нечалавечых нормах больш трох гадоў не вытрымліваў.
Яшчэ неяк трымаўся той, хто засвоіў спрадвечныя лагерныя ісціны: «Не правялі б канала без туфты і аманала», «Дзень кантоўкі — месяц жыцця», астатняе залежала ад вынаходлівасці, асцярожнасці і рызыкі, каб не засыпацца, не трапіць у кандзей і здаваць адны і тыя ж дровы, рудстойку і дзелавы лес, пакуль не вывезуць з дзялянкі.
На туфту мяне з Мяжэвічам далікатна падбіў сам дзесятнік Папоў. Яго намёкі спачатку напалохалі, а як расшалопалі, што да чаго, з штрафнікоў ледзь не выбіліся ў стаханаўцы. Дзесятніку я падарыў вельмі дарагі напамінак аб доме — зялёны пуловер у ромбіках. Каб падарунак не выглядаў хабарам, сказаў: «У палатцы ўсё адно ўкрадуць, у вас ён зберажэцца ды і на волі вам згадзіцца». Ён паламаўся дзеля прыліку, нібыта нехаця ўзяў, потым наўрад ці ўспомніў калі нас з Валодзем, а я вось яго і цяпер успамінаю.
Паленцы ў нашых штабелях ён адзначаў пятае праз дзесятае, на шасціметровых бярвеннях ледзь прыкметна пісаў таўшчыню, запісваў выпрацоўкі і ішоў далей. Назаўтра раніцай на сваю ўчорашнюю паленніцу мы спускалі бярозу, дровы рассыпаліся, з адзначаных бярвенцаў шкельцам счышчалі адзнакі, распілоўвалі зваленую бярозу, змешвалі дровы і хуценька складалі новы штабель са старых дроў у другім месцы і ў іншым кірунку. На месцы штабеля раскладалі вогнішча, і знікалі яго сляды. На канцах дзелавой драўніны зразалі колца з адзнакаю, закопвалі яго ў снег і зноў здавалі бервяно, укарочанае на некалькі сантыметраў. Вясною ўся дзялянка, як аладкамі, стракацела пазразанымі колцамі з шасціметровых лясін. Часам «туфтачы» так захапляліся, што бервяно скарачалася ледзь не на метр, але нічога, — здавалі.
Туфта была толькі падтрымкаю да нашага мізэрнага пайка, бо ўсё адно трэба было варушыцца: валіць, абсякаць сучча, пілаваць, калоць, выкладаць паленніцы, разбаўленыя туфтой.
Начальства ведала пра нашы фокусы, але не надта зважала на іх. Яму важна было, што выконваецца план, ідуць добрыя зводкі ва ўпраўленне і ГУЛАГ, а што на складзе не хопіць некалькі тысяч кубаметраў, ніхто не заўважыць, бо і грузчыкі зараджаюць туфту, і вагоны ідуць напалову пустыя. Тут трэба было майстэрства. Я ім валодаў дасканала, але дзяліцца вопытам не буду.
Часам туфта даходзіла да абсурднага здзеку. Кожны вечар брыгадзір здае нарміроўшчыку рапарцічку дзённай выпрацоўкі. Каля акенца нарміроўшчыка чарга, штурханіна, гамана, углядацца ў кожнае слова няма калі, трэба хутчэй падбіць працэнты і здаць рапарцічку ў продстол. I вось знаходзіліся брыгадзіры-жартаўнікі і пісалі на поўным сур’ёзе:
1) Пракладка тунеля на дне Унжы — 100 пр.
2) Кантоўка дня каля пня — 96 пр.
3) Затрымка сонца — 110 пр.
4) Брыццё галавы прараба — 100 пр.
5) Разгонка дыму — і гэтак далей.
Нарміроўшчык дакладна падлічваў працэнты, ставіў сваю візу, а назаўтра рагатала ўся бухгалтэрыя.
Калі хто пападаўся на туфце, кара была бязлітасная — дзесяць сутак ізалятара, а часам заганялі на штрафны. Гэта рабілася не столькі дзеля страху, а толькі для справаздачы, што вядзецца «барацьба з туфтою». Гэтае слова настолькі прыжылося ў лагеры, што ўвайшло ў афіцыйныя дакументы.
Читать дальше