У недалёкай вёсцы Платонаўцы за трыста дарэформенных рублёў купілі старую, але яшчэ моцную, прасторную хату. Сельсавет пад забудову ссыльным далёка за вёскаю, каля самай тайгі, нарэзаў высокі, ніколі не араны груд. Пад ім круцілася крынічная Біязянка, а з другога боку быў глыбокі лог, зімою забіты снегам, а ўвесну поўны талай вады. Ссыльных выселілі нават з сяла на асобную вуліцу і назвалі яе Зялёнай.
Цяпер і самому не верыцца, што за лета паставіў хату. Падруб і сталярку памаглі зрабіць Зміцер Сцяпанавіч з Вацлавам, а сцены, пакуль мог дацягнуцца, складаў сам, апошнія вянцы падняць памог сусед па забудове, сын сонечнай Малдовы, Несцер Павалук. Ён будаваўся, як ніхто: укапаў чатыры шулы, з жонкаю і дзвюма дачушкамі на сабе нацягалі з тайгі вяршынніку з сукамі і заклалі імі сцены, як азярод. Пад гэтым зрубам хутка дакапаўся да тлустай гліны, мясіў яе з саломаю і гноем і ляпіў сцены. Дах накрыў вялікімі лістамі бяросты, прышыў іх зграбнымі рэечкамі, сцены пабяліў, пад хатаю зрабіў склеп і цяплічку. За лета вырасла хата, як лялька.
Цераз вуліцу мнагадзетны, нізкарослы, затурканы нястачамі, бадзяннем па турмах і ссылках Іван Рудэнка зляпіў хацінку з дзёрну, абмазаў глінаю і берасцяны дах прыкідаў пластамі дзёрну. У гэтай земляной нары ён пражыў з вялікаю сям’ёю аж да вызвалення. Калі пыталіся ў Рудэнкі, за што ён трапіў у няволю, адказваў адным словам: «Па плану». Часам тлумачыў: пасвіў ён чараду авечак, падагнаўся да дарогі, аж бачыць — з іх сяла пыліць грузавік з людзьмі і вайскоўцамі ў кузаве. Стаў пры дарозе і глядзіць, куды гэта ў такую гарачую пару едуць людзі. Спыніўся і грузавік. Начальнік з кабіны пытае: «Гэта твае авечкі в-у-унь там сталачылі проса?» — «Што вы, я туды не ганяў, і проса ў тым баку няма». — «Давай залазь». — «А як жа авечкі?» — «Давай, давай, без разгаворчыкаў». Двое саскочылі, падсадзілі ў кузаў і паехалі. «Ну, вось і трыццаты ёсць», — узрадаваўся старшы. У іх план быў — забраць трыццаць ворагаў, а ў сяле знайшлося толькі дваццаць дзевяць мужчын. Іван Рудэнка «забяспечыў план» і вось пятнаццаты год пакутуе з сям’ёю. Тонкая, як тычка, жонка рабіла прачкаю ў дзіцячым доме, а Іван там жа канюхаваў, цяслярыў, сталярыў, рабіў, хто што загадае.
Ссыльныя дружна памагалі адзін аднаму будавацца. На сваёй будоўлі я і начаваў. На світанні з-пад крутаяру цягаў на каромысле гліну на тынкоўку і печ, разгарадзіў хату на тры катушкі, памаляваў падлогу і рамы, скідаў сенечкі і хлеўчучок, і ў канцы жніўня ўвабраліся ў пустую, гулкую, але сваю хату. Здавалася, лепшага нам і не трэба, абы не чапалі, каб толькі далі спакойна працаваць і дажываць век, няхай сабе і ў гэтым суровым краі.
З вясны да замаразкаў капаліся на сваім гародзе, цягалі сотні вёдзер вады на грады, няньчылі кожнае каліўца, завялі карову і двух парсюкоў, бо без гаспадаркі нават з грашыма будзеш галодны: у краме, апрача хлеба, ліпкіх цукерак, часам круп і салёнай рыбы, нічога не было. Так што хочаш не хочаш — абрастай гаспадаркай.
Затое вечарамі, калі за сценамі гудуць і стогнуць бураны, шуміць тайга, шорсткі снег шапаціць па сценах, у хаце патрэсквае аж чырвоная бляшаная печка, пахне падсмажанымі скваркамі і дранікамі — так добра і лагодна. На другі год да сянец прыбудаваў лазню. Распараныя сядзім суботнімі вечарамі ў прасторнай кухні, сёрбаем фруктовы чай і слухаем з вялікай папяровай талеркі навіны і спевы з Масквы. Часам прарвецца беларуская звонкая песня, а я глытаю слёзы, і агортвае балючы сум па нашых барах, васільках і перапёлках у жыце, па бусліным клёкаце, заліўных лугах, высокім і чыстым жаўруковым небе.
Школа наша расла: адкрылі дзевяты клас і неяк душыліся ў ранейшых старых катухах. Вучыліся пераважна пераросткі. Здаралася, прыходзіш пасля зімовых канікулаў у клас, пытаешся, чаму няма Ахрапкінай або Маліцікавай, а ў адказ чуеш, як самае звычайнае: «А они в замуж ушли». Бывала, тыдні праз два, не вельмі саромеючыся, вярталіся з замужжа, садзіліся за парту і зноў вучылі «парціцып цвай».
Ніводзін навучальны год я не пачынаў першага верасня. Прывыкаць да гэтага пачалі я і вучні. Непрымірымы змагар за высокую ідэйнасць Страпчанка здымаў мяне звычайна перад самым пачаткам заняткаў. Праз тыдні два мяне зноў аднаўляў аблана. Некаторыя лічылі, што ў мяне там ёсць «моцная рука», а я ў вобласці не быў і нікога не ведаў. Падстава была адна — знятая судзімасць, а самае галоўнае — не звяліся сумленныя, добрыя і смелыя людзі нават у жахлівыя гады суцэльнага страху, арыштаў, здзекаў і беззаконня. I ўсё ж былі Людзі. Я ім удзячны ўсё жыццё і не забуду ніколі.
Читать дальше