...Дзякую лес за любыя грыбкі,
Зношу смірэнна лясныя насмешкі.
...I хлапчанятамі баравікі
Зноў выбягаць пачынаюць на сцежку...
Як ускрык, як боль тваё імя...
Сціснуся. Перавяду дыханне.
Ёсць на свеце справы, акрамя
Адбалелага даўно кахання!
Ды, нібы жаўна, душу дзяўбе:
Ў свеце, дзе і так бракуе шчасця,
Мы ўмудрыліся ўдваіх сябе
Гэтак легкадумна абакрасці!
Млечны Шлях схіліўся над ілбом.
Пройдзе.
Што было і што здалося.
Падсякае залатым сярпом
Жнівень дні мае,
Нібы калоссе...
Уздымаецца неба імкліва.
Дождж прайшоў - быў настырны, як зяць.
Ацяжэлыя ціхія слівы
Адрачона па садзе стаяць.
Да ад'езду машына гатова.
Падсыхае да Менску шаша.
У цішы нараджаецца слова
Аб усім, што тут мела душа.
А было — састарэлая хата
Ды навокал — палі і палі.
I — усход.
На паўнеба, як свята.
Блізка так, як нідзе на Зямлі....
Ад ліпеньскай спёкі сагрэлася хата,
I сталі палынна-трывожнымі ночы,
I жывіцца сэрца надзеяй крылатай,
Што ў шыбіну стукне вандроўнік аднойчы.
Вандроўнік з забытай даўнішняй паэмы,
Што ў папках запыленых згінула быццам.
I я, страпянуўшыся, гляну: „ А дзе мы?
I як нам святлом жыватворным абмыцца?"
Інакшаю стану ў святле месяцовым:
Як мячык закінуўшы клунак за плечы,
Пайду па дарозе шукаць тое Слова,
Якое і кліча, і плача, і лечыць...
Сын ціха плакаў. Галасілі сёстры.
Муж думаў, як каханцы пазваніць.
Смерць працірала свой сцізорык востры,
Што залатую абразае ніць.
Прырода раўнадушша не хавае:
„Сумленна абавязак свой раблю.
Штодзень старыя формы разбіваю,
Для будучага новае ляплю..."
ЦЫКЛ «ЭМІГРАНТЫ» 1993-1997
Янку Запрудніку, майму земляку
Запыленым люстэркам слова „Мір".
Кустоўе чэзлае паміж двух храмаў.
З начыннем, вартым шкадавання. крамы
Як процівагі, па баках... I жвір.
Не бачыла яшчэ раскопкаў, дзе б
Два метры ўглыб — і не знайсці манеты,
Далонню бедняка калісь сагрэтай,
Як спадзяванне на жытло і хлеб,
Дзе пацеркай — дзявочаю красой
Не адгукнулася б на кліч стагоддзе...
Ды тут, пад гэтым жвірам — карагодзяць
Такія цені тут!
I вечны сон
Ім не закон!
Цыганаў каралі
I тыя, што і каралёў цкавалі,
I тыя, што на вуліцы Завальнай
За валам, дзе кавалі кавалі
Гісторыю,
Не тую, дзе — Імя.
А простую — кальчугу з безліч колцаў.
Сялянскія, рамесніцкія хлопцы...
А час ўсіх заворваў, як лямях.
Вось мы ў стагоддзі гэтым прараслі,
I ў гэтым — хочацца ці не — народзе.
Наш дух зямны Ўсявышні ці
Заброддзем [ 3 3 Заброддзе – прадмесце Міра, дзе жыла сям'я Я. Запрудніка.
],
Ці замкавым абрысам акрыліў.
На вуліцы Завальнай — цішыня.
Маўчыць касцёл святога Мікалая.
Тут шлях наш пачынаўся.
I палае
Любоў дз Бацькаўшчыны ў нас адна.
Паэты мы, і Слову аддамо
Агонь, пранесены праз паняверку.
Краёчак сцерці б з пыльнага люстэрка,
I ўспыхне Вечнасці святло само!
„Паклон Радзіме— і ўзляцелі птахі,
Нібы журбою неба аплялі.
Як вартаўнік, на гэтай Гауптвахэ
Вы засталіся... Воблакі плылі...
Гудзеў арган. Блішчэў жывот анёла,
Што граў на парцалянавай трубе,
Кірмаш калядны еў і піў наўкола...
Я ж несла нешта светлае ў сабе,
Што нераскласці сэрцу на адценні...
Душа з душой, свабодна гавары!
Хай вечаровыя кладуцца цені —
Жыццё ідзе, нясе свае дары.
Выгнаннікі вяртаюцца акрасай
Суровай і няласкавай зямлі.
...А банкаў гмахі, быццам стрэлкі Часу,
Цягнуліся ўвысь, нібы гулі...
Франкфуртп-на Майне, снежань 1993 г.
На зямлі тэўтонаў — абярогам
Мова — незабытая ралля.
Чым бліжэй да вечнага парога,
Тым мілей бацькоўская зямля.
Колькі ўжо на вулачках зацішных,
Дзе прылізаны любы куток,
Выклікалі ў памяці вусцішна
Вы дзяцінства дарагі куток.
Засыпае лісце залатое
Вуліцу Карэліч, дзе калісь
Бацька дрэвы пасадзіў — на тое,
Каб яны да неба падраслі.
Читать дальше