Толькі жыццё зажадала іначай:
Сын у калгасе гады пралайдачыў...
Сказаў перад смерцю:"Доля такая".
... Унук у Сібіры нафту шукае.
...Кажаны абляталі хату пустую.
Шацталіся людзі:"Нябожчык вартуе."
Бачылі пасмы туману над дахам —
Казалі: „Нябожчык слухае птахаў."
Ганак драўляны прарос крапівою.
Толькі бярвенне ў хаце — жывое!
I па жывому, па цёпламу плача.
Хату купілі двое — пад дачу.
Едуць на лета з далёкага Мінску.
Кажуць, жыць перасталі па-свінску:
Зашыў ён пад скуру ампулу злую,
Яна блінцы на сняданак гатуе.
А побач — дарога. У святы ці будні
Заходзяць шафёры — тут смачная студня.
I, быццам лілея, сядзіць гараджанка,
I вецер паціху варушыць фіранкі...
За ноч зусім зялёным стаў арэшнік.
Ледзь цепліць печка. За акном смуга.
У Вербную Нядзелю толькі грэшнік
Адчайна дакранецца да плуга.
Вунь у царкве, забранай ад культуры,
Гармідар, і не ўціснуцца зярну.
Унізе ладзяць нейчыя хаўтуры.
Уверсе славяць Бога і вясну.
Яшчэ царква ад скокаў не астыла,
I новенькі блішчыць іканастас,
З-пад скуднае пабелкі „Веды — сіла"
Шчэ праступаюць, як мінулы час.
Ды, кінуўшы ўчарашнія кумірні,
Зноў ваяўніча моліцца народ,
(Пракляўшы Леніна і атам мірны)
За мечаны Чарнобылем свой род,
За спрамленыя ў балота рэчкі,
За нейчы грэх, што з намі — па вяках...
I вербныя галінкі, быццам свечкі,
Як сутаргай, засціснуты ў руках.
А навакол, як толькі згледзець з ганку,
Курыцца парай цёплая зямля,
Кадрыль гармонік п'яна рэжа з ранку,
I недзе горка плача немаўля...
На злом галоў ляціць цягнік закляты,
А рэйкі абарвуцца ў тупіку.
...У гнёздах паміраюць птушаняты,
I пакідае рыбіна раку.
Прырода, мы часцінка тваёй долі.
Дык выратуй сябе і свет — сама,
Бо Чалавеку ўжо няма спатолі.
I на яго надзей ужо няма...
Хата. Стогадовы дуб. Крыніца —
I буслы, зляцелыя здаля.
„Чалавек, дазволь нам пасяліцца.
Наймілей нам гэтая зямля."
Расчынялі дзюбкі бусляняты.
Адпаўзалі гады ў лаўжы,
I кружылі радасна над хатай
Як заслон, два белыя крыжы.
...Моц набрала лета сакаўное,
Сонца, як.расплаўленая ртуць.
Толькі дзеці хворыя абое,
Ад гнязда ніяк не адлятуць.
„Я знарок вам не сказаў пра пашу,
Дзе атручанае ўсё навек.
Як і я, загінуць дзеці вашы."
I смяецца злосна Чалавек.
I буслісе пасівелай сніцца
Вешчы сон — ахоўні позні знак:
Мёртваю вадой бруіць крыніца,
I стаіць ля хаты — Ваўкалак...
Калі і на бохан не шкрэблася збожжа,
I бабуля з артрытам стагнала ў кутку,
Пехатой тупацела я ў Задарожжа [ 1 1 Задарожжа - вёска ў Бешанковіцкім раёне.
],
Галасавала там на бальшаку.
У радні гарадской пазычыўшы грошай,
Я вярталася ў вёску, і было йшчэ няўзнак,
Што калгас, дзе жывём мы ўсе – задарожжа,
I яго абмінае імклівы бальшак.
...Пасівелыя пасмы, як зімовая пожня.
Ды і па сённяшнім, па круцельскім лядку,
Люд наш выкоўзваецца з задарожжа
Каб апынуцца на бальшаку...
Яна прыплывала да нас
Купецкімі стругамі ганзейцаў.
Яе шпурлялі на драўляны прычал
Разам з маслам святога Квірынуса [ 2 2 "Маслам святога Квірынуса " ў XII стагоддзі называлі нафту.
],
Шоўкам і парчой.
Яна падала рэхам у Дзвіну
I чаплялася белаю хмаркай
За крыж Святой Сафіі.
Яна тупацела па нас
Бязлітаснай падэшваю крыжака.
Нязношвальным салдацкім ботам,
Які і па сёння не згніў у зямлі.
Яна пратыкала нас гучным "Хэндэ хох!",
Нібыта рагамі быка,
I вывальвалася з нашых хат,
Камянеючы ў надмагіллях.
А сёння яна
Схіляецца ў белым халаце
Над лысым ад хіміятэрапіі
Дзіцёнкам,
I вычэрпвае, як журавель,
З нашае студні
Чарнобыльскую каламуць,
I прышывае нас
Сярэбранымі іголкамі "Люфтганзы"
Да каляровай сукні Еўропы.
I мы сутаргава ўспамінаем яе,
Як звон келіха -
На раздарожжы.
Читать дальше