Птушкам сыпану зярнят паболей,
Хай ізноў на мой балкон ляцяць.
Мроіцца - каго не ўбачу болей,
Галубамі на мяне глядзяць.
Я губляла іх часінай горкай,
Я за імі ўслед туды сыйду...
Лашчыць вецер шэранькія пёркі
I шпурляе ў неба чараду.
Я за ёй сачу, пакуль не схлыне
Ў глыбіні, дзе не дастане зрок.
Выблісне і золатам, і сінню
У галубкі райскае пяро...
Мне столькі Богам дадзена цяпла!
Здаецца—
Свет бы абагрэць магла.
Наіўная!
Душу аддаць хацела.
А ім было патрэбна толькі цела.
Што ж, шкадавала:
Цела аддавала...
Так каханне мне сэрца ірвала!
Так туманіў твой смех галаву!
Бы ключы ў акіяне —схавала,
I спакойна на свеце жыву.
Толькі недзе, нібы па-за часам,
Выступае з-за шэрай імжы:
Мы стаім, закаханыя, разам,
I няма паміж намі мяжы.
А за намі, над намі ў світанні,
Як з Сусвету прыйшоўшы, гало
Залатым нас ахутаўшы ззяннем,
Над разлукай і злом узняло.
Пройдзеш міма...
Парвецца дыханне...
Нескарона ўзгадаю: „Было!"
...Залатое высокае ззянне
I бязмернага шчасця святло...
ЯНО ПАСЛЯ СМЯЯЛАСЯ З МЯНЕ...
Усё бліжэй да Госпада вяртанне,
Усё далей юначыя грахі.
Як бегала калісь за мной Каханне!
Нібы за Пенелопай жаніхі.
Я ж летапісы "грызла" да змяркання,
Чакала - прынц ля ганка мільгане.
Уволю пасміхалася з Кахання...
Яно пасля смяялася з мяне...
Чым болей хочаш быць шчаслівым,
Тым менш жыццё табе дае.
Чакай, скарыся, будзь цярплівым,
I нечакана настае
У шэрані ці завірусе,
У мітульзе пустых гадоў,
Хвіліна, што цябе прымусіць
Дагледжаны пакінуць дом,
Услед пайсці за бліскавіцай,
На ўсё забыцца, акрамя
Вады з бабулінай крыніцы,
Свайго уласнага імя...
Мілы! Як крычыць па лесе сыч!
Слухай жа: паганскае карэнне
Рве зямлі нямыя сутарэнні
I жывому кідае свой кліч!
Хочаш, не - заўжды красавікі
Выбухаюць сонцам і вадою,
Туманамі - цёплым сырадоем,
Выбухаюць дотыкам рукі!
Зманам бессмяротнае душы
Красавік, смяротны, як і цела.
Колькі ўпала - ўпасці ж не хацела,
Колькі спраў, што ўжо не завяршыць!
Кроплямі яны ў сонцазварот,
Потым прыдуць да дзяцей турботай.
I прымусяць працаваць да поту,
Узнаўляючы Зямлю і Род!
А пакуль - па лесе плача сыч,
Стоена трымаюць ноч яліны...
Цішыня.
Жанчыны смех шчаслівы,
I Жыцця магутны, вечны кліч...
Па-вар'яцку гула завіруха
Над самотнаю стужкай шашы.
Вы таропка шапталі на вуха
Скаргі на адзіноту душы.
Дотык вуснаў быў злы і гарачы,
Ды маю не кружыў галаву:
Адыйшла ад ілюзій юначых,
Без кахацня адна пражыву.
Бо знаёмая ўжо да драбніцаў
Мне пачуццяў танюткая ніць,
Бо з атручанай гэтай крыніцы
Не збіраюся болей я піць.
Я глядзела і цвёрда, і горда,
Толькі штось, невядомае мне,
Камяком падступала да горла
I туманна мільгала ў акне.
I ўсё больш безнадзейна і глуха
Шэпат гаснуў ў шоргаце шын.
I шалёна гула завіруха,
I аўтобус ляцеў па шашы...
Азёрных качак чарада.
Зялёная, як чары, ціна.
Спакойна дыхае вада,
Аб кладку трэцца чараціна.
Саспелі рана гарбузы,
I семкі лускае дзяўчынка.
Рыбак цікуе скрозь хмызы...
Апошні тыдзень адпачынку.
Лісток зацягвае слімак
У востры дом свой адмысловы.
...Імкне Паэзія дарма
Прыроду выказаць праз словы...
Згодна з народным павер 'ем, душа
прылятае на Дзяды птушкай
То не муж — імклівая шаша
Птушку аб машыну разаб'е.
Узгадаем: „Нейчая душа
Хоча, каб успомнілі яе."
I заглухне сам сабой матор.
Іншая жанчына... Іншы час...
Ён не скажа: "Лепш бы я памёр",
Не націсне роспачна на газ.
Свечку я сама ўкладу ў руку,
Завяду да цэрквы, да крыжа
Памянуць...
Спакойна там вякуй,
Так адданая яму душа!
Ці ж не мне каханню знаць цану!
Вецер вільгаць высушыць са шчок.
Ты душу прабіў, нібы сцяну —
Цёплы яшчэ, шэры камячок...
Читать дальше