Ён толькі зрэдку ў забытым сне
Ды ў думках ласых бывае дома.
Чужое ўсё ў чужой старане.
Адно што родная толькі стома.
Здаецца смехам ягоны плач.
Па свеце гоніць дакораў зграя.
I вочы выцалуе крумкач.
Як роднага,
Прыме зямля сырая.
Свая ў жыцця з нябытам камерцыя.
Ратуе свет сябе творчай працаю.
Паэму інтымную дапісвае радыяцыя
Прыдворная паэтэса ў смерці.
Толькі ў сне я жыву цяпер,
Там бяда бядзе спачувае,
Там радня мая ўся жывая,
Незнявераны мой давер.
Шкадаванню там мейсца ёсць,
Там няблага ў застоллі грэцца.
Там вяртаюцца, каб сустрэцца,
I маленства, i маладосць.
Пасівелыя груганы
Там мяняюць пер'е на цені,
Што забылі свае найменні,
Каб прыходзіць маўкліва ў сны...
У першасвеце на пачатку самым
З далоні шчырасці піла пчала.
Быў райскі сад,
I быў я ў ім Адамам,
Ты, адпаведна, Еваю была.
Меў смеласць страх,
І сорам быў пры сіле.
Быў дзень, як год,
І ноч, як дзень, была.
Мы забаронны яблык надкусілі
І падаліся ў госці да святла.
Аціхлася лісцёвая залева,
Сцямнелі пад вачмі віроў кругі.
Цяпер я не Адам i ты не Ева.
A доўг расце.
Быў яблык дарагі...
Зорка босая йшла па зямлі.
Я хацеў ёй купіць чаравічкі.
Толькі як згаварыцца,
Калі
У яе незямныя прывычкі.
Зорка босая йшла па расе,
І сляды яе не астывалі.
І вятры слугавалі красе.
Халады ад яе адставалі.
Зорка босая йшла нацянькі,
Бо спазніцца баялася дужа.
Дзе ступала, цвілі васількі,
Дзе стаяла, ўсміхалася ружа.
Зорка босая йшла ў тумане
Кладкай зыбкай над хітрай вадою.
Зорка босая йшла да мяне.
Каб аднойчы назвацца табою.
І калі ў нас нічога не будзе,
Акрамя вады i агню,
Я напоўню пяшчотай грудзі,
Небасхіл да сябе прысланю.
I цябе да сябе прыхіну я,
Як галінку агонь малады.
Дождж тады
Да цябе прыраўную,
Што стулае ў твае сляды.
Мроя ў радасным перапудзе
Свой згадае забыты след.
I кал i ў нас нічога не будзе,
Будзе ў нас як сусед
Сусвет...
«Я табе сяброўка і сястра.
Я табе ўжо болей не каханка...» —
Пазваніла мне накаванка.
Пасвятлела позняя пара.
Праз гады спаткаў мой смутак
Тую,
Што вяла мяне праз пекла ў рай.
Як ты забыццю ні патурай.
Ад сябе самога не ўратуе.
Гэта ужо як быццам калыханка,
Ад якой бадай што спаць пара.
Калышы, сяброўка i сястра,
Ашукай, як шчырая цыганка...
Я Вас чакаў з вясны да сівізны.
Як вечны вязень раніцу чакае.
І Вы прыходзілі парою ў сны.
Далёкая, як зорка трапяткая.
Я Вас шукаў як не на ўсёй зямлі,
І ў кожнай маладой неразгаданай
Вы, ўзнёслая, былі і не былі,
Плылі ракой, разводдзем разгайданай.
Я Вас гукаў, i голас мой змаўкаў
Перад красой, нябачанай вякамі.
Ішоў за Вамі ценем, —
Цень знікаў,
І словы захаплення замаўкалі.
Я жыў чаканнем i цяпер жыву
Надзеяй, што сустрэну хоць зімою.
Хілю заснежаную галаву
І дзякую за веснавую мрою...
Восень смелая ў непаўторных.
Позняя ў самавітых зіма,
Лета шчырае ў незабытых,
У адзіных вясна здагадлівая.
Час гады меле ўпрытайкі ў жорнах.
Млынару супачыну няма.
Мліва сее на частых сітах
Старасць
Ды на сябе паглядвае...
Дрэву перасаджанаму гола
У чужой маркоце й цішыні.
Хай галіны й зашумяць вясёла,
Сумна дол свой
Помняць карані...
Прыядаецца ўсё,
Апроч
Лусты жытняй
Ды бульбы сопкай.
Радасць скача апошняй стопкай
Перад тым, як кульнуцца ў ноч.
Праядаецца ўсё,
Апроч
Імені свайго i ўспамінаў.
Той, хто засветла свет пакінуў,
Рэху не згадае:
Кроч!
Прыглядаецца ўсё,
Апроч
Неба ды аблічча матулі.
Хто згубіўся ў агульным гуле,
Хай пілнуецца родных воч...
На нічыйных гарадзкіх дварах,
Быццам сны ў разбураным Сезаме,
Па сваіх былых гаспадарах
Вішні плачуць
Белымі слязамі...
Кат звяртаўся да сваёй ахвяры,
Ha спагаду маючы надзею:
— Гэта я пакутую ад кары,
Я — ахвяра,
Вер мне, дабрадзею.
Потны, слізкі ад крывавай працы,
Болей сам, здаецца, дыхаў страхам.
І цікаўнасць дыхала на пляцы,
І сачыла за скупым узмахам.
Кат. відаць, спазняўся на вячэру.
Кат спяшаўся да сям'i, дадому.
І няшчасны папрасіў сякеру —
Галаву адсек сабе самому!
Читать дальше