Рыгор Барадулін
Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна
© Барадулін Р. І., 2013
© Давыдзенка Н. А., укладанне, 2013
© Някляеў У. П., прадмова, 2013
© ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», 2013
© ПУП «Кнігазбор», 2013
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Рыгор Барадулін – чарадзей беларускай паэзіі.
Што такое паэзія? Сярод іншага – гэта выяўленне магчымасцяў мовы. Ці інакш: паэзія – гэта мова ў яе вяршынным выяўленні.
Рыгор Барадулін – чарадзей беларускай мовы. Параўнайце тое, што мы чытаем у сённяшніх (беларускамоўных, якія засталіся) газетах, на беларускамоўных (якія ёсць) інтэрнэтных сайтах з тым, што напісана ў «Нерушы», «Руме», «Вечаллі», іншых кнігах Рыгора Барадуліна. Не па змесце, а па лексіцы параўнайце, граматыцы, сінтаксісе. Гэта не проста якасна адрозныя, гэта розныя мовы. І не толькі таму, што адна – празаічная, другая – паэтычная: яны розняцца так, як розніцца штучнае й натуральнае. Прычым паэтычная мова (у канкрэтным выпадку мова Барадуліна), якая найдалей ад гутарковай, выглядае натуральнай, а мова празаічная (газетна-інтэрнэтная), якая да гутарковай найбліжэй, – штучнай. Такой, нібы на ёй пішуць і размаўляюць не носьбіты мовы, а замежнікі, перакладчыкі. І такую няўклюдную, машынную (гуглаўскаю) мову ўсё большая частка яе карыстальнікаў пачынае ўспрымаць як натуральную – і як натуральную скарыстоўваць: менавіта на ёй многія аўтары пішуць сёння й прозу, і вершы.
Мова спрашчаецца. Машынізуецца, нібы спраўджваючы тэорыю «лінгвіста-марксіста» Н. Я. Мара: «Будучыня мовы – мысленне, якое вырастае ў вольнай ад прыроднай матэрыі тэхніцы».
Гэта датычыцца не толькі нас – працэс сусветны. Шмат дзе (у тым ліку ў нас) ён накладваецца на працэс выцяснення роднай мовы, – і абодва працэсы, супадаючы, паскараюць адзін аднаго.
Усё гэта небяспечна. Вельмі. І калі б толькі для літаратуры – такой бяды. Нават калі б толькі для мовы…
Прырода мовы, нягледзячы на тое, што быў такі найвыбітны мовазнаўца, як Вільгельм Гумбальдт (як і прырода чалавека, нягледзячы на тое, што быў такі найвыбітны прыродазнаўца, як Чарльз Дарвін), дасюль застаецца загадкавай. У набліжэннях да разгадкі першынство належыць таму ж Гумбальдту, які й па сёння – найбольшы аўтарытэт у мовазнаўстве. «Мова народа ёсць ягоны дух, і дух народа ёсць ягоная мова, – цяжка ўявіць сабе нешта больш тоеснае,» – вось асноўная канцэпцыя Гумбальдта, якую падзялялі ўсе вядучыя лінгвісты свету, у тым ліку гэтакі аўтарытэтны вучоны ў славянскім свеце, як А. А. Патабня. Менавіта Гумбальдт увёў паняцце «моўная свядомасць народа» й сцвярджаў, што як чалавек (народ) стварае мову, гэтаксама й мова стварае чалавека (народ). Кожная мова апісвае вакол народа, якому яна належыць, круг, выйсці з якога можна толькі ў тым выпадку, калі ступіш у круг іншы.
З гэтага вынікае: іншы круг – іншая мова. Іншая мова – іншы народ.
Каб было больш зразумела, як пад уплывам іншай мовы мы можам стаць (па свядомасці, па менталітэце) не тымі, хто мы ёсць, прывяду прыклад (найблізкі) з гісторыі ўплываў.
На сучасную рускую мову (якую люблю й супраць якой, як і супраць любой іншай мовы, нічога не маю) вялікі ўплыў аказала не толькі мова царкоўнаславянская (з якой увайшлі ў рускую, да прыкладу, дзеепрыметнікавыя, якія цяжка вымавіць, словы й словазлучэнні: предшествовавшее произошедшему ), але й цюркскія мовы. Найбольш відавочны гэты ўплыў у сучасных рускіх прозвішчах: Иванов, Петров, Сидоров. Этнічна рускія прозвішчы, якія ўзніклі да часоў Залатой Арды й захаваліся ў фальклоры, іншыя: Илья Муромец, а не Муромцев. Тут што істотна? Тое (і яно выяўляецца, адчуваецца ў мове), што Муромец – чалавек сам па сабе, самастойны, а Муромцев – не зусім. У цюркскіх мовах не толькі імёны, але й усе рэчы абавязкова суадносяцца з асобай, якой належаць. Без канкрэтызацыі таго, каму яны прыналежныя, ні чалавек, ні рэч як бы й не існуюць. Усімі й усім нехта павінен валодаць, над усім і ўсімі гаспадарыць. Шах, бай… цар. Гэтакі менталітэт – і ён зафіксаваны ў мове. Яно не добра й не кепска, проста яно так ёсць. Там, на Усходзе. Але ці яно супадае з тым, што ёсць мы?.. Тут, на Захадзе.
Мы на мяжы кругоў. Пытанне ў тым, ці хочам мы застацца тымі, хто мы ёсць? Беларусамі. Еўрапейскім народам у еўрапейскай дзяржаве.
Сёння ўсё часцей можна пачуць: час нацыянальных дзяржаў прамінуў. На змену ім прыходзяць цывілізацыйныя дзяржавы, якія развіваюцца больш паспяхова. Найпершы прыклад – Кітай. Добра, няхай так. Але я не чуў і не чытаў, каб хто-небудзь у цывілізацыйным Кітаі сказаў ці напісаў, што час адмовіцца ад нацыянальнай мовы. Ніхто не даводзіць такога й у Еўропе. Наадварот, вунь як французы з немцамі, нарвежцы з фінамі ашчаджаюць свае мовы, змагаюцца з іншамоўнымі ўплывамі! Ды ўсе народы ў сённяшнім свеце, у якім культура падмяняецца цывілізацыяй, менавіта з дапамогай нацыянальнай культуры й мовы змагаюцца за саміх сябе, і толькі беларусы – саміх сябе супраць.
Читать дальше