Лірыка
Падрыхтаванае на падставе: Барадулін, P. Абсяг. Лірыка. - Мн.: «Маст. літ.», 1978. - 256 с.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Цяпер —
Ці ў радасці згары,
Ці счахні ад адчаю,
Адчуй адно:
Ідзеш з гары.
Твой смутак залачае...
Ужо заняўся веташок
На макаўцы віхрастай.
Забудзь стажок і муражок
І ў сад чужы не шастай!
І сам сваім гадам
Гадзі,
Яны — як тыя госці.
А вёскі ўсё часцей,
Глядзі:
Пагосцішча,
Пагосце.
Яшчэ тваю сасну
Піла
Не кроіць на цалёўкі.
Узмах вясла,
Узмах крыла.
Чакае ўзмах рыдлёўкі...
Зняверцу-роспач пратуры:
Азёрна,
Борна,
Гойна!
Далёка бачыў на гары —
Ідзі з гары спакойна.
Нам перадаць імкнецца час
Усе свае прыкметы,
Пакуль пад сонцам
Круціць нас
Ганчарны круг планеты.
Памяць грукне ў шыбу ззяблай вішнінай,
Добры сон паўторыць
Той начлег:
Светла прачынацца ў хаце сцішанай,
Вестку чуць ад мамы:
— Выпаў снег...
У чым жа існасць існавання,
Суседства з існасцю — быцця,
Быцця свядомага — жыцця?
Здагадак чаўнакі снавалі,
Саткалі капу забыцця,
Каб захінуць ёй
Шлюбны ложак,
Вясельны і хаўтурны стол.
Сагрэлі ўзор давер валошак
І снег, што ўснежыў вечны дол.
Ці ўзважылі зямлі патайнасць
Рыдлёўкі даланя,
Лямеш?
Пакуль жывеш,
Датуль пытайся.
Пытаннем сутнасці жывеш...
Утаймаваўшы агонь,
Разняволіўшы атам,
Перамогшы звера ў сабе,
Ад нябесных пазбавіўшыся апек,
Да чалавецтва ідзе чалавек
Ад самога сябе дэлегатам...
Быць заступнікам перад атамам
Просіць свой век.
Плылі спрадвеку пехатою.
Пагляды лашчыла руно
Жаданае і залатое —
Рунела рунь...
Сахі стырно
Трымалі моцна.
Заплывалі
За вечаровы небазвон.
Люлялі. арганаўтаў
Хвалі
Перастаялых баразён.
Карэц каравай даланёю
Трымалі
Працы каралі.
Рабілі з небам іх раднёю
Крутыя крылы араллі.
У полі
Сеялася заўтра.
Кляліся небу перуном
Ушацкіх гоняў арганаўты.
Зямля рунела ім
Руном.
Няма хвілінкі,
Каб навальніцца.
Знойдзецца праца
І ў навальніцу:
Даюць батрачцы
Анучы лапіць.
Што гром злуецца —
Шукае лапаць?
Ад страху золка,
Ад жаху хмарыць:
Можа ў іголку
Пярун ударыць!
Згубіць бы йголку
У пуні, ў сене.
Пярун гразіцца —
Трасуцца сені.
Бяды хапіла.
Быў свет пямілы.
Яна з іголкі
Сям'ю карміла.
Ці бліскавіца
Жагае ў хатку?
Ці мама ўдзявае
Нітку ў шаршатку?!
Хлапчуку з ляшчынінаю ў руцэ
З маладой ляшчыніны
Будзе вудаўё.
Свет табе расчынены —
Забірай сваё!
Будзе кладка рыпкаю,
Будзе лёд і жвір.
Залатою рыбкаю
Выхітрыцца вір.
Будуць юшкай хмарыста
Трызніць саганкі.
Будзе ўдача скнарыста
Абрываць кручкі.
Вобмелі, заглыбіны
Нераст абвядзе.
Будзе след ад рыбіны
Ў маладой вадзе.
Не глядзі зняверыста,
Пазірай задзірыста.
Будзе рыбе нерасту
I надзеі – вырасту!
Пах вечаровага жытла
На цішыні настоен.
Схіл паўтарае
Хіб вала.
Спакойны вол настрою.
Ён абагнаў загоны дня
І зараз на папасе.
Жаданы выган — цішыня
Прымае ўсіх па часе.
І двор, і кол —
Пасецца вол,
Спакою вол рахманы.
І свет, здаецца, ўвесь —
Наўкол.
І вышыня — ля хмары.
І саганок, і таганок
Змрок свойтае паволі.
І толькі
Стомы ціхі крок
Яшчэ пыліць у полі...
Прыцягненне Віцебскай зямлі
Мы дамоў вяртаемся,
Генадзь,
Дзе б сцяжыны нашы ні кружылі.
Лепей на зямлі бацькоў
Канаць,
Чым раскашавацца на чужыне.
Смутак раптам гляне з-пад рукі —
Засклыгочуць нервы
І рысоры,
Смутак —
Быццам вёска Петрачкі
Па дарозе на твае Расоны.
Читать дальше