Вандроўнаму часу спіну балесна
Горбяць аблокаў летуценныя клумкі.
Каб з клетак мозгу выпусціць думкі,
У небе ад птушак зрабілася б цесна.
Абняла агонь несутрымны
Так Венера Мілоская —
Аж
Абязручыла,
I наўсцяж
Паплылі закаханыя гімны.
У часіну людзкога прыбою
Кожны хоча быць на плыву.
Ніка страціла галаву,
Дажынаючы поле бою.
Льга, відаць,
Запытацца у Бога,
Што вядзе жыццё па жыцці,
Ці мілосць бязрукая,
Ці
Безгаловая перамога?
Да слова бруд не прыстае,
Бо слова незямнога кшталту.
Яму нябеснасці стае.
Каб быць
Непадуладным гвалту.
Ствараем слова, ці яно
Нас, недаствораных, стварае,
Так золь дабельвае радно,
І гоіць боль зямля сырая.
І колькі часу ні сплыло б,
Назвацца хоча ўсё нанова.
І думка свой гарачы лоб
Халодзіць даланёю слова.
I сёння, i заўтра, й калісьці
Шумецьме, шумела, шуміць
Зялёнае смелае лісце,
Каб шумам самоту стаміць.
Шукаючы з цемрыва выйсця,
Шумецьме. шумела, шуміць
Зялёнае плённае лісце,
Каб позірк пакуце прыцьміць.
Чакаючы восені прыйсця,
Шумецьме. шумела, шуміць
Зялёнае, соннае лісце.
А цень нецярпення грыміць...
Няма да каго прыхінуцца душою,
Нікога наўкол няма,
Душа свая часам здаецца чужою,
Не чуе сябе сама.
Спадаюць дні,
Быццам з дрэва сучча.
СПлываюць ільдзіны дзён i гадзін.
Адзін прыходзіш на свет калючы
І адыходзіш — адзін.
KAЛІ Ў ВУШАЧЫ НАЧАВАЎ НАПАЛЕОН...
Калі ў Вушачы начаваў Напалеон,
Ноч ліпеньская ў асалодзе млела.
Спакой трывогу браў
У свой палон.
Вушачка-рэчка ў туманах мялела.
Раскручваў жорны часу
Мулкі млён.
І выдумлялі вецер ветракі.
І ратуша драўляная старэла.
І ў неба на кашулі васількі
Да раніцы ўсміхаліся нясмела.
І сон ішоў з Парыжа нацямкі.
Да імператара патрапіць
Хоць бы ў сон
Паненкі мроілі, ажно не спалі.
Мілосць здавён —
I эшафот i трон.
I жарсць падумак смелых
Кралі кралi,
Калі ў Вушачы начаваў Напалеон...
З вушацкае песні
Пад досвітак вяртаюся з карчмы,
З карчмы жыцця,
Hi п'яны, ні цвярозы.
Яшчэ ў душы
Віюць гняздзечка крозы,
А ў галаве не цішацца грамы.
На панібрата піў са мною час.
Плыла вясёла чарачка, як хмарка.
I доля —
Захмялелая карч марка —
Мне налівала ўкоптур i не раз.
Было,
Што зблізку бачыў салаўя,
Ды болей дзён
Пражыў пад крумкачамі.
Не дасыпалі сны мае начамі,
Каб у карчме
На ўсё забыўся я...
Цёплы клопат мяне бядзіць.
Як патрапіць у песню,
Дзе
Сіў арол сядзіць.
На ваду глядзіць,
Веташок плыве па вадзе.
Дзірваны ўзараў
Той арол-арэц
Сівых аблачын,
Туманоў.
Перуну прайграў
З вышынёй гулец.
Пагубляў арол
З сініх сноў
Сыноў.
У таго арла
Клопату па гарла,
А сцюдзёны клопат.
Як лёд.
Пасівець арлу
Памагла імгла.
Веташок на сход,
А туга на ўзлёт...
У вачох начлежыцца зара,
Вечная кунежыцца загадка.
Мудрай паслухмянасці сястра.
Апякунка шчырасці — ўніятка.
Незямное робіцца зямным,
I чужое просіцца ў вышыні.
Клопатаў надзённых цёмны дым
У маршчынах небасхілу стыне.
З плыткай далані маладзічка
Светла нашчыцца замілаванне.
Уніятка — вернасці дачка
Усміхнецца —
Свет раднейшы стане...
На Беларусь вяртаецца Бог.
Беларусы ўспомнілі,
Што яны беларусы.
Трыпутнік аблудны
На раздарожжы пасох.
Бязвернікі ўжо не пнуцца ў Ісусы.
На Беларусь вяртаецца Бог.
Вера абражаная рунее.
За саломінку променя
Хапаецца лёх.
Наваселіцца
Ў душы знелюдзелай надзея.
Ступакамі кайнасці
Стоптваецца парог
Невідочнага незямнога палаца.
На Беларусь вяртаецца Бог,
Не спяшаючыся вяртацца...
І першы крумкач вылятаў з каўчэгу
Зірнуць. ці паменеў патоп,
А пасля
Галубка, бялейшая пер'ем ад снегу.
Л я цела глядзець,
Ці падсохла зямля.
Усё, што крыляла, паўзло, капыцела,
Бы ў хісткай калысцы,
У каўчэгу жыло.
Душа пакідаць не спяшалася цела.
Усмешка да часу таіла святло.
І Ной быў падпаскам
У Бога самога
Ці першым царом у дзяржаве жыцця,
Дзе крыўдзіць ніхто
Не жадаў анікога,
І гад быў рахманы, як тое дзіця.
Трымаўся каўчэг
На хрыбціне ў патопа.
Драмала дабро
Ля нявіннага зла.
Яшчэ маладая была Еўропа,
I Азія смуглай яшчэ не была.
Абсяг захлынаўся
Ў нахлыне i ў гуле.
I хваля вучылася глыбы глушыць.
Усё дапатопнае воды глынулі,
Каб пасляпатопнаму
Зноўку грашыць.
Калі з зялёнай галінкай алівы
Галубка вярнулася ў цесны каўчэг,
Смялеў Ной маўклівы,
Святлеў свет цярплівы
I час не спыняў свой імклівы бег.
Читать дальше