Не стылі доўга на крыжы цвікі.
Ісуса пахавалі на гародзе,
Каб узышоў у чалавечым родзе
Нанова Дух Ягоны на вякі.
І спавілі Яго, як немаўля.
І прывалілі каменем пячору.
І грузна камень лёг на грудзі гору,
Якім запаланілася зямля.
Калі да ўсходу сонца да труны
Прыйшлі
Марыя Магдалена й Маці,
З сабою ўзяўшы пахнасці ды масці,
Труну пустую ўбачылі яны.
I, камень адкаціўшы ад дзвярэй.
На ім сядзеў анёл.
Як бліскавіца,
Ён быў.
Дарма шукалі маладзіцы
Ісуса, не шкадуючы вачэй.
Анёл сказаў ім:
— Уваскрос Хрыстос!
Ідзеце й вучням
Гэта ўсё скажэце.
I паспяшалася світанне ў свеце.
I небу дзячліва ўсміхнуўся лес.
Дабро квітнела й камянела зло.
Як камень той,
Што глух каля пячоры.
Душа жадала звыкнуць да пакоры.
Жыццё сляпую смерць
Перамагло!
Нелітасцю
Вяжа снапы вязьмо.
Не ласкай
Гнецца кашэль з лучыны.
Жаданае толькі адно ярмо
Ярмо Айчыны...
Вяроўка, з ласкі звітая,
На якой
Ты можаш засіліць
Падступны смутак,
Разгубленаю рукой
Завязаўшы нямую пятлю.
Вяроўка, звітая з чысціні,
Якой
Залыгацьмеш чароды чутак,
Заганяючы ix у спакой
Непрыкаеным словам
«Люблю».
Усё жыццё чакаць сябе такога,
Якога некалі прыдумаў сам.
Сваю журбу пазычыўшы лясам,
Не бачыць, як спяшаецца дарога.
Усё жыццё гукаць сябе былога,
Які аднойчы ўжо адчуў свой страх,
Ды, спанталычыўшыся на вятрах,
Пайшоўтуды, дзе грэлася знямога.
Усё жыццё шукаць сябе самога.
Які згубіўся недзе ў небыцці.
I ўцяміўшы, чаму маўчыць аблога.
За небакрай,
Як сам туман, ісці...
Калi цябе няма,
Здаецца, усё не гэтак
Наўкол, i на душы, i ў небясі.
Маіх кароткіх дзён
Такі кароткі ветах
Падказвае: прасі яе, прасі.
Прасі яе даўжэй
Застацца ў прыпамінах
І ў снах хоць
Затрымацца як даўжэй.
А ты спяшаешся,
Нявінная ў правінах,
І я малю: набліжся, пабліжэй.
Далёкі бераг
Рэчкі першае сустрэчы,
I пад ільдом расстання
Бʹецца плынь.
I ў рыфму просяцца твае,
Твае, вядома, плечы.
Наіўны гэты верш на ix накінь.
Маю надзею —
Сагрэе...
Змяя —
Двайніца бліскавіцы,
Што пакахала зябкі змрок.
І гром,
Як малады прарок,
Даў блаславіцца і абвіцца,
Я к ля каханка, маладзіцы
Ля дрэва існасці.
Таму
Змяя і ўдзячная яму
І не зайздросціць бліскавіцы.
Тчэ чаўнок падвешанай калыскі
Часу суравое палатно.
Страх дрыжыць,
Якраз як хвост у пліскі,
Змераўшы ў рацэ нябыту дно.
Цемру тчэ чаўнок чаўна Харона,
Сцюжу скрухі тчэ чаўнок труны.
Супадаюць ценьмі крыж i крона
Дрэва бытнасці.
З яго чаўны.
Крыло —
Як цёплае вясло
Нябёсам за святло служыла,
Хмурыны мокрыя сушыла,
Плыло i следам цень вяло.
Крыло шляхі вятроў мяло,
Пакуль аднойчы не абныла.
I пуставокае сіло
У неба бельміцца бяскрыла.
А бабка ходзіць,
Размаўляе з травамі,
Перапрашаючы, што ix ірве.
I называе йменнямі ласкавымі,
Хаваючы спагаду ў рукаве.
Пра нешта
Травы шэпчуцца з вядзьмаркаю.
Ix выслухаць хапае цішыні.
Яна плыве
З нябёсаў збеглай хмаркаю.
Я на й свае шукае карані.
Твой воблік — твой абраз, твая ікона,
З якой табе пабыць дазволіў Бог,
Каб ні перарабіць, ні збыць не мог,
Каб шанаваў штоночна i штодзённа.
У вечнасці, якая тлом зашклёна,
Папросішся пераступіць парог,
I забярэ тваю ікону лёх,
Ані зірнуўшы ўслед табе сцюдзёна.
Нясі з падзякай небу свой абраз,
Каб у лампадах воч агонь не згас,
Пакуль твой цень зямля цярпліва носіць.
Калі цябе, як сноп з палёў жуды,
Прытуліць з непрасохлых дошак восець,
Ікону возьме нехта малады.
Калі агонь патух
I вугалёў даволі,
Свабодны толькі дух.
Душа не мае волі.
Не шукай сваіх сярод чужых,
Роднымі не зробяцца чужыя.
I чужая йголка не прышые
Латку радасці да сноў былых.
Не губляй сваіх сярод чужых.
Згуба не вяртаецца дадому.
Ворагу, як i сабе самому,
Пажадай, каб гнеў.
Як дождж, аціх.
Марнай мрояй не трудзі свой слых,
Што гукнеш чужых —
I ты пачуты.
Хоць бы стала моцы на пакуты
Адшукаць чужых сярод сваіх...
Читать дальше