Ты праплывай заўсёды нада мной
I ў ружу завівай маё дыханне,
Здзіўляй мяне парнаскаю цаной,
Стамляй парнаскім хваляваннем.
I з таямніц, незразумелых мне,
Адкрый мне тую таямніцу,
Што ў гэтым хваляванні і цане
Класічным мармурам іскрыцца.
О, не, не раскрывай яе да дна,
А растлумач мне толькі тое —
Калі мая каханая адна,
Што робіцца з яе душою?
Здагадка забірае мой спакой,
Бо ў той здагадцы навіна благая:
Каханая парой такой
3 маёй паэзіі знікае.
Ты ў мармур апранаеш малады
Яе зыход. I я бездапаможны!
У вусны мармуровыя тады
Яе цалуе кожны падарожны...
Скажы, што ўсё не так, што ўсё' не так,
Што я здушыў сябе маною.
Накрэслі мне супакаення знак
I заставайся нада мною.
Я прачытаў: адзін мастак,
Што золатам пісаў дыханне,
Тлумачыў жоўтае, як знак
Найпранікнёнага кахання.
Раней падумаў бы: мана,
Бо жоўты ж колер на разлуку
I ў жоўтай радасці няма
Ні кроплі радаснай, ні гуку.
Але цяпер са мною ты,
Твой цвет вядомы мне і колер —
Ен поўны сонечнай вады,
Якой не высахнуць ніколі.
I я паверыў мастаку,
У лёс ягоны самагубны,
Што звон магільнага пяску
Дадаў у колер непадкупны.
Мастак той ведаў, што лягчэй
Магчыма жыць, але ці трэба?
I з пастарскіх яго вачэй,
Нібы з турмы, глядзела неба.
Спакоем кінуты і сном,
Ад самагубства раіў шчыра
Лячыцца хлебам і віном
I правансальскім жоўтым сырам.
Тут і ўзышла сляза твая
Над патаемным нашым садам,
Табе здалося, што і я
Той карыстаюся парадай;
Табе здалося, што жыву
Як не жыву — адно чакаю,
Дзе б гэта скласці галаву
Дзеля імгненнага адчаю, —
I самагубства па мяне,
Як па даступную ахвяру,
У канапляным лахмане
Ідзе, падобнае на Мару...
Павер, павер — усё не так,
А ў тым, што расказаў такое,
Магчыма, вінен той мастак,
Што закахаўся ў жоўты колер.
Прабач, каханая, цябе
Сваёю кніжнаю трывогай
Я напалохаў і цяпер —
Я варты кары самай строгай.
Я ні душой, ні галавой
Не адчуваю адцвітання,
Бо адчуваю колер твой —
Найпранікнёнага кахання.
А на яе — слязу тваю —
Гляджу і цешуся нямала:
Пяецца лёгка салаўю
Там, дзе яна ўзышла-упала.
12 чэрвеня — 20 чэрвеня 1992
Каханая, мне трыццаць пяць —
Век віртуознае ігры!
I я хачу цябе кахаць,
Струну выводзячы з імглы...
Твае мужчыны, што былі,
Мае жанчыны, што былі, —
У незваротнасць адплылі,
У незваротнасць адплылі.
Хвіліны лепшыя мае —
Калі, заўсёды малады,
Мой госць пяшчотны спазнае
Твае галіны і плады.
I ты мне шэпчаш: «...трыццаць пяць,
Каханы мой, а хоць і сто...
Я буду так цябе кахаць,
Як не кахаў цябе ніхто!
Твае жанчыны, што былі,
I ўсе няўдачы, што былі,—
У незваротнасць адплылі,
У незваротнасць адплылі...
Хвіліны лепшыя мае
Цвітуць адна перад адной,
Калі глыбокае пяе
Тваё дыханне нада мной».
Каханая, жыццё ў жыцці, —
Як местачковая краса...
I нашым коўрыкам цвісці,
І нашай мальве не згасаць;
I нашым ластаўкам прасцей
Цяпло шукаць у снах чужых,
Калі афінская пасцель,
Як сад, не выпускае іх.
19 жніўня — 27 жніўня 1992
Улагоджаны «Батлейкаю»,
Смехам лялечных каляд —
За цябе, сваю верленінку,
П'ю шампанскі далягляд.
3 нечаканасцю шляхетнаю,
Забягаючы ў мой верш,
Ножку мне сваю балетную
Пры сустрэчы падаеш...
На струне сямейнай рызыкі, —
На пакутлівай струне, —
Столькі кветак, столькі музыкі
Адкрываеш для мяне!
Ты гаворыш белай флёксаю
Атуляючы няўзнак:
«Мы — шчаслівыя па-восеньску,
Гэта лепей, чым ніяк».
Ты гаворыш, паслухмяная
Той лагодзе, што не раз
3 простай ніткі канаплянае
Ткала восеньскі атлас...
Мы — шчаслівыя, я ведаю,
I шчаслівы гэты свет,
I навокал з'явы светлыя —
То батлейка, то балет.
Читать дальше