На ўсіх скрыжаваннях вісела: «Свабода!
Свабода ў нас для народа!»
Свабода друку? Што ж, давайце!
Пісалі ярасна шпікі,
I былі словы, як цвікі,
Што ў дамавіну забіваюць.
Усё, што лепшага наўкола —
Свабода, шчырасць і пратэст
Скажаліся ў судовы тэкст,
Заносіліся ў пратаколы.
Свабода слова? У астрогах —
У Слоніме, Лукішках, Гродна
Забітых аддавалі родным
I дараваць прасілі ў бога.
О правакатараў разгул!
І ўсё ж народнага сумлення
Нястрымнай прагай вызвалення
Даносіўся падземны гул.
Супраць плыні — вёслы на ўключыны.
А бязвольнага плынь панясе.
Як ішлі яны ў рэвалюцыю!
Як у казку нязнаную — ўсе.
I Пышкі*, як сцяжкі зялёныя,
На кашулях лёс вышываў.
Дэфензіва над кожным — праклёнамі,
З дзесяці адзін выжываў.
I ўсё ж у сценах астрожных,
Захлынаючыся ў барацьбе,
Усё гучала неасцярожнае,
Непадсуднае — КПЗБ!
У вузкіх вуліцах гродзенскіх білася
I гудзела, як грозны набат,
I не ўпітвалі кроў забітых
Пліты з надпісам «Магістрат»...
Узышоў над краінай распятай,
Як промень, трыццаць дзевяты...
Цішыня на світальных вуліцах,
Толькі сэрца агнём гарыць.
Вось да клёнаў прымоўклых туляцца
Маладосці ягонай сябры.
I блішчаць на далонях скутых
росы цёплыя, як сляза.
Выжыў ён. I прайшоў скрозь пакуты,
Каб патомкам пра іх расказаць...
Сваёй прыналежнасцю гордыя
Да няскоранай гэтай зямлі,
Адкрываем мы новы горад,
У якім да нас жылі...
* Пышкі — лясны масіў, дзе збіраліся падпольшчыкі.
Водгук рэха, як рык ласіны.
Вераснёвага лісця іржа.
Пругка ў кошыку журавіны,
Як астылыя зоркі, ляжаць,
Аб купіны ўсе ногі збіла —
Боты цяжкія ў дзесяць гадоў.
Восень стройная, як арабіна,
Загарнула мяне ў падол.
На плячы яе павуцінка —
Я прапала навек у лясах.
I заблыталіся журавінкі
У светла-русых маіх валасах.
В'ЕТНАМСКАЯ ГЕРАІНЯ НГУЕН ТХІ ЦЯУ Ў МІНСКУ
Тут — цішыні ўтульнасць глыбокая,
Звініць пад вокнамі мінскі трамвай.
А там расціскаюць каханага ботамі
Здарова-тупыя джы-ай.
Ужо не ўстаць яму болей, здаецца,
А ён, як народ неўміручы, ўстае.
I кожны ўдар там, далёка, кладзецца
На тонкія кволыя плечы яе.
А сэрца шчыміць, а сэрца змагаецца.
Туды, на радзіму! Дні, як вякі...
I нават у сне не расціскаюцца
Маленькія смуглыя кулачкі...
Я сасню цябе, я сасню
Арыкаў сінюю глыбіню,
Вавоўны белую гарачыню,
Прахалоду блакітных гор,
Рэха дальняе наўздагон,
Радзіму бацькі майго..,
Што кліча часамі мяне
Кіргізскай песняй у сне,
Шалёнай грывай мільгне.
Буйнасць макаў у шызай траве,
Там прытульна тваёй галаве,
Там даўжэй чалавечы век...
Ад бабулі, што клікалі Вольгай,
Я імя панесла у вечнасць...
Мне яна ўяўляецца вольхай,
Што раскінула рукі над рэчкай,
Уплялася ў зямлю карэннем,
I такая ў ёй прага жывая,
Што і я, гараджанка, нярэдка
Кожнай жылкай яе адчуваю,
Калі з рэчкай зліваюся кожнай,
Калі кнігаўкай плачу ў полі,
Калі ўвосень раскінуся пожняй,
Што чужынцы не стопчуць ніколі...
Жыве ў Светлагореку Жэнька.
Дзетдомаўка Кузьміна.
А можа, яна Бажэна,
А можа, Грэтхен яна?
Ляжала мёртвая маці
Ля хутара Альтэнштос,
Дзіця загарнуўшы ў халацік
З канцлагерных сініх палос.
З якіх была далячыняў
I хто? Адказу няма.
Прывёз у дзетдом дзяўчынку
Малодшы сержант Кузьма.
Думалі ўсе — загіне:
Соскі не брала ў рот.
Сядзела нянька Аўгіння
Тры ночы над ёй напралёт.
...Жыве ў Светлагорску Жэнька
Па прозвішчу Кузьміна.
А можа, яна Бажэна,
А можа, Грэтхен яна?
МАНАЛОГ ЛЮДМІЛЫ СЕЧКІ, РАЗВЕДЧЫЦЫ АТРАДА ІМЯ КАТОЎСКАГА
Мяне даўно як быццам пахавалі.
Я ж засталася ў любчанскіх барах.
Стаю сасной, мядзяная, жывая,
А побач даўні — партызанскі шлях.
Зарос травой ён. I даўно ігліца
Заслала ўсе сляды. А я жыву.
Сякуць дажджы каля магільных плітаў
Матуліну сівую галаву.
Читать дальше