О, Божа мой, які я быў шчаслівы,
Калі усё наперадзе было,
Калі за хатай даспявалі слівы
I маладзік пасерабрыў сяло.
Хадзіў адзін я палявою сцежкай,
I пырскалі расою каласы,
Былі надзеі, радасці, i ўсмешкі,
I любыя з маленства галасы.
Цяпер усё далёкае ў мінулым
Сплыло паводкай веснавой вады,
I толькі часам азавецца гулам
Неспадзяванае бяды.
З трывогай кожны ранак сустракаю
I сам не ведаю, чаго чакаю.
I ў раі магчыма палюбіць
Адзіную, не знаючы аб здрадзе.
А як Адам дазнаўся, што рабіць,
Каб Ева стала жонкаю i маці?
Здаецца, здагадаўся я:
Перамаглі i маладосць i сіла,
I, з яблыні схіліўшыся, Змяя
Адкрыла вочы ім i спакусіла.
З тае пары пайшоў i род людскі —
Чарнявы, русы, шматгалосы,
Пячорны, вандраўнік i гарадскі, —
Кітайцы, еўрапейцы, эскімосы.
З гадамі разбрыдацца пачалі
То па адным, а то сумесна,
І так кахаліся,
што на Зямлі
Адамавым нашчадкам стала цесна.
Адных палохала за стратай страта,
Другія не вылазілі з маны,
I рушылі з прашчамі брат на брата,
Каб дарасці да атамнай вайны.
I дараслі, i залілі крывёю
Зямлю,
што не знайсці каго вініць...
Пакуль вайны, пажараў i разбою
Hi Богу, ні Адаму не спыніць.
Як ні пакутую, а дзякую, Змяя,
Што гэты дзікі свет спазнаў i я.
Гудзе за вокнамі завея,
У шыбы звоніць i скрабе.
Мяне ніхто не разумее,
Не разумею сам сябе.
Не заціхае завіруха.
Пасля дванаццаці гадзін
У хаце холадна i глуха,
I я пакутую адзін, —
Сябе бязлітасна караю
За ўсе пралікі i грахі,
Бо не пабачыў зроду раю,
Не выйшаў з пеклішча сухі.
Такі, як быў, i застануся,
Не стану лепшы i другі,
Бо для мяне на Беларусі
Усе самкнуліся кругі.
Я чую i ў завейным свісце
Ад чай, па грозу i бяду
I вобмацкам шукаю выйсця,
Але не веру, што знайду.
Такі ўжо лес наканаваны
З пачатку да канца жыцця,
Бо ў сэрцы не загоіць раны
Стагоддзя страшнага дзіця.
Гляджу на маладых i закаханых,
Нібы здалёку на сябе гляджу,
Вясновай стомаю закалыханы
I шэптамі маруднага дажджу.
Здаецца, расхінаю гронкі бэзу,
Што расцвіце сягоння давідна,
I праз густы шыпшыннік пералезу
Да цёмнага высокага акна.
У цішыні дрыжаць на шыбах зоры,
I маладзік глядзіць у твой пакой,
Ты расхіні хоць напалову шторы
I хоць усмешкай сэрца супакой.
Далёкае прыпомніцца, як сёння,
Хоць зморшчыны не сцерці на ілбе,
I сівізна пасерабрыла скроні,
Каханая, ў мяне, a i ў цябе.
Мінула ўсё, i казачная стома
З табою разлучыла назаўжды.
Дзе ты цяпер? Нікому невядома,
I безнадзейна страчаны сляды.
Успамінаю даўнія гады я
I шчасце ад вясны i да зімы...
Шкада, калі такія маладыя
Расстануцца дарэмна, як i мы.
Маўчаць фантаны,
Апусцелі паркі,
Не засталося нават ліхтароў,
I толькі водзяць мопсы i аўчаркі
На павадках сваіх гаспадароў.
Трава някошаная стыне,
Іскрыцца павуціна на галлі,
На пачарнелым бэзе i язміне
Пасядуць хутка першыя гілі.
Яшчэ шуміць апалая лістота
I з кожным ранкам пахне саладзей,
Азімак-дуб не скінуў пазалоту
I журыцца, што — менш i менш людзей,
Што многія датлелі, як агаркі...
Пусцеюць душы, i пусцеюць паркі.
Як мне ні горка на душы,
Як ні трывожна ў свеце,
А сала вей пяе ў глушы
Чаромхавага вецця.
Заходзіць сонца за лясы
I ўсходзіць, як заўсёды,
I ўсё цішэюць галасы
Яшчэ жывой прыроды.
Яе пакінулі на здзек
I нелюдзі, i людзі.
Няўжо i дваццаць першы век
Такі злачынны будзе?
Мне кажуць: «Боль не варушы,
Пакуль душа жывая».
Як добра, што ў лясной глушы
Хоць салавей спявае.
Читать дальше