Дзе ты цяпер?
Зірні ў сівыя высі,
Каб толькі зорку нашую знайсці.
Не знойдзем, хоць апоўначы прысніся
Апошні раз у блытаным жыцці.
Гляджу на месяц i дзіўлюся
I тут, i ў дальняй старане,
З маленства на яго малюся,
Што ён глядзіць i на мяне.
Свяціў ён яснымі начамі
I затуманены імжой,
Твая лажбінка між плячамі
Мне болей не была чужой.
Спаўзла блакітная сукенка,
Твой цень гайдаўся на вадзе,
Дзве зорачкі дрыжалі ў зрэнках
I дзве сунічынкі грудзей.
Мы кінуліся ў вір глыбокі
Пад затуманенай вярбой.
Плылі i зоркі, i аблокі
I над табой, i пад табой.
У хісткі месяц ты нырнула,
I ён расплыўся па рацэ,
Вясёлка сіняя мільгнула,
Хвасталі пырскі па шчацэ.
Па водмелі i росным лугам
Я за табою, як сляпы,
Ішоў, адным з'яднаным кругам,
Да першай свежае капы.
Калі чакаў цябе я ў змроку,
Расцвіў у садзе белы бэз,
На кожным я спыняўся кроку,
Пакуль праз плот не пералез.
Спалоханы i абраселы,
Загледзеўся я праз акно,
Зачараваны i нясмелы,
I закаханы так даўно.
Праз цюлевую афіранку
Убачыў чуб, пагон i кант,
Як недаступную каханку
Адважна лашчыў лейтэнант.
А я баяўся дакрануцца
I да рукі i да спіны...
Цяпер яны з мяне смяюцца,
Што быў нясмелы i дурны.
А я яшчэ не траціў веры,
Што даражэй за ўсіх яна,
Пакуль не ўбачыў, што ў кватэры
Святло патухла давідна.
Як пахнуць травы пад дажджом
I яблыні пад навальніцай,
А нам з табою пад плашчом
Вясна чаромхавая сніцца.
Мы ўспомнілі ўдваіх адно,
Як сэрцы горача трымцелі,
I мы з аблокаў, як на дно,
Пад шаты райскія зляцелі.
Я верыў, ты — навек мая,
I ні адна на свеце сіла
Больш не разлучыць, i змяя
Нас нечакана спакусіла.
Мінула шчасце так даўно,
Прайшлі дажджы i навальніцы,
А мне, як хмельнае віно,
Вясна чаромхавая сніцца.
Уверцюра дваццатага стагоддзя
Мне дваццаць год.
Табе аж дваццаць пяць.
А нам не развітацца да паўночы.
Суседзі за сцяной салодка спяць,
А ў нас дваіх гараць да рання вочы.
Мы ў змроку.
Не запальваем святла,
Адно гаворым, думаем другое.
Завея столькі снегу намяла
I вокны пазавешвала смугою.
Ты тулішся бліжэй, усё бліжэй,
Гаворыш пра чаканыя сустрэчы.
А мне за ўсё здаецца даражэй
Твой тонкі стан i ў залацінках плечы.
Ужо ў руцэ дрыжыць твая рука,
Да вуснаў вусны прагнуць дакрануцца,
I толькі паўхвіліны да рыўка,
Каб у маіх абдымках апынуцца
Ледзь-ледзь чуваць, як музыка гучыць
То набліжаецца мелодыя, то гіне
Нас да адзінства можа далучыць
Хіба што уверцюра Паганіні
Сціхае музыка, i вецер сціх,
А наша не канчаецца спатканне,
I вузкая канапка на дваіх
Дала прытулак да світання.
Я не забыў, як сцежкі замяло,
Але ў якім, не ўспомню, годзе
Знарок мы не запальвалі святло...
Усё ж было дваццатае стагоддзе.
Такім натхнёным, юным i прыгожым
Наканаваны быў шчаслівы лёс,
Шляхі без ростаняў i раздарожжаў,
Без смутку, без адчаю i без слёз.
Разгортвалі i Вы на ўзлёце крылы
Чысцейшай галубінае красы,
I зачароўвалі пяшчотнай сілай
Дзявочыя, як песня, галасы.
Натхнёна Жэня, Зіна i Наташа[ 1 1 Я. Пфляўмбаўм, З. Бандарына, Н. Вішнеўская паэтэсы-маладнякоўкі.
]
Спявалі дзеля шчасця i святла,
Але ў злавесны век атруты чаша
Іх напаткала i не абышла.
Дарогі разышліся назаўсёды,
Сарваліся i змоўклі галасы.
Нягоды напаўзалі на нягоды,
Як майскі снег, як град, як маразы.
А Вы не страцілі лірычнай ліры
Hi ў горы, ні ў адчаі, ні ў тузе,
Яна была ратункам у Сібіры
I пуцяводнай зоркаю ў тайзе.
Яе збівалі лютыя бураны
I каты распіналі на крыжы,
Але i ў горы гоіліся раны,
Бяда не стала пусткаю душы.
Читать дальше