Можаш намалоць ручным млынком
І напіцца жалудовай кавы,
Каб успомніць
Даўні смак гаркавы
Кавы з некуплёным малаком.
З гадамі ўжо не да авацый.
З гадамі
Сабе самому падабацца
Цяжэй, чым даме.
Святло ліняе,
Свет імжыцца,
І позірк халадае.
Цяжэй
З самім сабою ўжыцца
З гадамі.
Глушэй
Знямелая знямога
Пра ўсё згадае.
Але збіраць
Сябе самога
Цяжэй, чужэй
З гадамі.
Жадаю лесу зялёнага лёсу,
Жадаю долу жніўнае долі,
Касе жадаю смачнага ўкосу,
Жадаю наўколлю
Вярбовага колля.
Жадаю брэху гучнага рэха,
Кары жадаю не помніць кары.
Багаслаўляў жа Сэсар Вальеха
Таго, хто цень свой
Згубіў на пажары.
Магільнік шэпча:
– Ідуць мерцвякі…
Глядзяць жабракі:
– Ідуць медзякі…
Смяюцца грубкі:
– Ідуць мерзлякі…
Скрыпяць вазы:
– Ідуць ездакі…
Зяхаюць харчэўні:
– Ідуць едакі…
Па-свойму ўсе хадакі —
Сваякі.
На кожнага ў іншага
Позірк такі.
Пялёстка-ветраковы васілёк —
Вясёлы плён
Нятленнасці й нябыту.
Ў зялёным жыце
Ясны вугалёк,
З якога ўзыдзе полымя блакіту.
Гасподзь апоўдні гляне з-пад рукі
На незабытую сваю гасподу
І ўбачыць васільковыя цвікі,
Што ўкрыжавалі млявую лагоду.
Затулены вякамі
Вугалькі
Ў зялёным жыце
Космасу глухога.
Маіх азёр вушацкіх васількі,
Відаць, блакітным робяць
Позірк Бога.
Учора, здаецца,
Дальбог жа, ўчора
Пячурка цямнелася,
Быццам пячора.
Клёцкі ў барознах
Сядзелі трывала.
Малако ў паўдзён гізавала.
Паветраны шарык рохкаў,
Пасля ў яго насыпалі гароху,
І ён бразджэў без супыну.
Шапка-вушанка
Вусата хрумстала канюшыну.
У пашчу сурочаную
Няўклюднай мяліцы
У званочках сарочку
Клалі маміны пальцы.
Бляялі кажух з рукавіцамі.
Ад соку хмялелі
Жалейкі ніцыя.
А потым —
У кіпені яблык
Назваўся кампотам.
З прораззю сала
Беконам стала.
І словы крэўныя з часам
Назваліся
Слоўнікавым запасам.
У горле песні
Радасць няспуджаная перасела.
Кожны сваё
Адгарцаваў, адбрыкаў.
Усё хутчэй перасела
З саней ды з брыкаў
У цягнікі ды машыны.
Кашулі ды кажухі
Скарацілі шляхі
У крамы ды ў магазіны.
Усё фасуецца.
Усё ў фасоне.
Прагрэс
Цераз пахілены плот пералез
Сёння.
Я не помсціў нікому ў шаленстве,
Нават сабаку суседскага не зачапіў.
Калі й біў я каго ў маленстве,
Дык адно толькі масла біў.
І цяпер задыхаюся ва ўспаміне
І ад стомы валюся
На аерны сяннік, як цэп.
Масла біць у вузкагорлым графіне —
Гэта не тое, што рэзаць яго
І намазваць на хлеб.
Чаму графін?
Растлумачыць мушу.
Вайна дык і бойкі звяла.
А мы пасля вайны разжыліся
На графін з зялёнага шкла.
І я, калі масла ў ім біў,
Яго не любіў, як душу,
Ды калаціў, як ігрушу —
Ажно не хапала зла.
Трасеш, калоціш графін штосілы,
Здаецца, дарослы станеш,
А масла ўсё не відаць.
А голас унутраны кпіць:
«Тады была сіла,
Як маці на гаршчок насіла.
Падсмецення на патэльні
Не паспытаеш, відаць».
А ўсяго калоцяць адразу
Трасца, гарачка ды малярыя.
І ты ўжо не бачыш,
Дзе горла ў графіне, дзе дно.
Ды ўрэшце ў крупінкі збіраюцца
Вяршынкі густыя,
І тут галоўнае самае адно:
Не празяваць і выліць у час
Вязкаватую масу ў місу,
Бо імгненне — і ў горле графіна
Перасядае камяк,
І яго — хоць графін разбівай —
Не дастанеш ніяк.
Трэба паспець, як на сходах казалі,
Падвесці рысу.
А з маслам голад не страшны.
З маслам і гаўно смашна.
З маслам і зямелькі глынеш.
Прыгаворы маміны ўспомніш
І ўзмашна
Трасеш графін,
Масла б’еш, б’еш, б’еш.
Толькі б не перастарацца,
Спыніцца паспець.
І мяне, як масла, збівае праца.
Адчуваю, застаецца ледзь-ледзь…
Вальдко —
І цокаюць падковы,
Вальдко —
Стукочуць капыты,
Вальдко —
Інее дзень зімовы,
Вальдко —
Захакалі харты.
Увесь наш свет — вялікі табар,
І ўсе мы — трохі цыганы.
Вымольваем у сонца хабар,
У тым не чуючы віны.
Читать дальше