Старадаўнія жылыя дамы Віцебска можна бачыць і сёння на вуліцах Суворава, Чэхава, Талстога. Цікавае, напрыклад, былое мужчынскае духоўнае вучылішча на рагу вуліц Суворава і Чэхава, пабудаванае ў 1890 годзе (позні класіцызм). Або дом № 4 па вуліцы Л. Талстога: у 1882—1910 гг. тут працаваў выкладчык гімназіі, беларускі этнограф і фалькларыст М. Нікіфароўскі; альбо дом № 7 па вуліцы Крылова, пастаўлены ў канцы XVIII стагоддзя як корпус базыльянскага манастыра — у колішняй гімназіі тут вучыўся малады дзекабрыст I. Гарбачэўскі.
У Віцебску шмат помнікаў сучаснай гісторыі, асабліва партызанскага руху, а таксама 9 помнікаў Леніну. Але пра гэтыя помнікі напісана шмат болей, чым пра тысячагадовую гісторыю горада. Таму мы хацелі б, каб вы ўбачылі і іншы Віцебск — той, дзе, як у любым горадзе сучаснай Еўропы, цесна ад храмаў, самых розных, са сваёй гісторыяй, з людзьмі, якія тут жылі ў мінулыя вякі. У Віцебскай вобласці, у маёнтку Цяпіна, рэфармацыйны дзеяч і пісьменнік Васіль Цяпінскі ў 1580 годзе выдаў (у сваёй уласнай друкарні) Евангелле, перакладзенае ім на старабеларускую мову, на Віцебшчыне нарадзіліся Францішак Скарына, Сімяон Полацкі, тут дзей-нічала славутая друкарня Спірыдона Собаля (1630 год). У Бешанковіцкім раёне нарадзіўся дзяржаўны і грамадскі дзеяч Леў Сапега (1557-1633 гг.), які прыняў вялікі ўдзел у стварэнні Статута Вялікага княства Літоўскага, дзе была зафіксавана прававая сістэма юрыспрудэнцыі, якая зрабіла вялікі ўплыў на развіццё права Польшчы, Расіі, Латвіі, Эстоніі і Украіны і была адменена расійскімі ўладамі паступова на ўсёй тэрыторыі Беларусі з 1831 года. Дасканалы для свайго часу, Статут з'яўляецца унікальнай крыніцай звестак пра жыццё нашых продкаў, іх звычаі, узровень культурнага развіцця. На Віцебшчыне працавалі славутыя мастакі I. Рэпін, I. Хруцкі, беларуска-польскі паэт і мастак А. Рыпінскі, скульптар Г. Дмахоўскі... I многія, многія іншыя творцы, чые душы былі скіраваны на праслаўленне сваёй Бацькаўшчыны...
Сённяшні Віцебск — буйны індустрыяльны цэнтр з развітай прамысловасцю. Але гэта — і той горад Марка Шагала, які ўбачылі людзі свету на яго «віцебскіх» палотнах, з яго ўтульнымі старымі вулачкамі, ад якіх мала засталося — але ж засталося! Тут цяпер адкрыўся музей М. Шагала, краязнаўчы музей папаўняецца новымі знаходкамі археолагаў, рэстаўруюцца старажытныя будынкі. I, як шмат вякоў назад, стаіць Ратуша — сімвал незалежнасці горада, адлічвае час яе гадзіннік. Нам хочацца паказаць, што гэта быў за час...
У беларускіх легендах перапляліся матывы сусветных і біблейскіх паданняў. Ёсць у нас казкі пра двух братоў — Кузьму і Дзям'яна, якія перамаглі Змея (вобразы братоў-блізнятаў ідуць ад індускіх Ашвінаў і грэчаскіх Дыяскураў); ёсць на Віцебшчыне легенда пра жанчыну, якая дапамагла святому старцу і разам з ім пайшла са свайго злога селішча, але азірнулася і ператварылася ў слуп (як жонка Лота), а найбольш на Віцебшчыне паданняў пра курганы-валатоўкі, дзе спачываюць вечным сном багатыры.
Аўтар таксама памятае, як пад Вялікдзень прыходзілі ў вёску валачобнікі — людзі, якія спявалі пад вокнамі песні і, граючы на ліры, расказвалі балады і песні. Гэтыя песні захаваліся, і мы спадзяемся, што вы пачуеце іх ад спевакоў народнага ансамбля танца «Зялёныя агеньчыкі», ансамбля песні і танца «Маладосць», ансамбля «Віцябчанка» і іншых, убачыце прыгожыя творы з залацістай саломы ў выглядзе казачных птушак або «павукоў», якія сімвалізуюць Сусвет і якія раней былі ў кожнай беларускай хаце. Або ўбачыце, як на Сёмуху — хрысціянскую Тройцу — упрыгожваецца двор маладымі бярозамі і жанкі пасыпаюць падлогу пахучым аерам. Раніцай над Дзвіной устае сонца, пра якое ў беларускай загадцы гаворыцца:
На полі, на полі
Сядзіць пціца вяратніца,
яе ніхто не сымае:
Ні цары, ні царыца,
Ні чырвоная дзявіца.
Непадалёк ад старога Замчышча ў Дзвіну ўпадае ручай Дунай — памяць аб продках-славянах, якія былі на далёкім Дунаі. I гэтая памяць жыве ў старых назвах Віцебска, у яго гісторыі, у яго песнях. Магутнае племя крывічоў, якое тут рассялілася і дало адну з першых назваў Беларусі — Крывія,— уплялося ў гісторыю як арыгінальнае, захаваўшы і па сёння многія язычніцкія звычаі, якія цяжка разгледзець адразу, але якія жывуць у народзе і сёння.
Летапісная Орша, ад якой засталося толькі археалагічнае ўрочышча Замчышча пры зліцці ракі Аршыцы з Дняпром, першы раз згадваецца ў летапісах у 1067 годзе пад назваю Рьша. Повад для ўспомнення быў дастаткова трагічны — менавіта сюды на сустрэчу з кіеўскімі князямі Яраслававічамі прыехаў полацкі князь, асілак, воін Усяслаў Чарадзей. Прыехаў, паверыўшы клятве не рабіць зла Усяславу, але толькі перамовіцца з ім — у чым князі цалавалі крыж.
Читать дальше