Ляцяць чайкі з горада яны забіраюць мора з сабой, каб вярнуць яго вясной.
«П’яны як няясыць,
Падчас залевы
Я пішу лісты»
У Правансе ёсць мясцовы вінны напой, падобны на херас. Напой складаецца з белага віна, што настоена на маладых грэцкіх арэхах, з цукрам і дадаткам брэндзі «для моцы». Яго разліваюць па бутэльках вясной і летам. Настойка вытрымліваецца ад пары месяцаў да паўгода, а можна і даўжэй.
Бутэлькі з цёмнага шкла захоўваюцца ў прахалодных і недаступных для святла месцах, каб падчас зімовых завей выпіць каля агню.
Гіганцкі дзікі звер спіць на горадзе, падмяўшы пад сябе яго. Як шкада, што сёння аўторак і ты ідзеш на працу і не можаш блукаць па мінскіх вуліцах, у густой белай патацы.
Туман хавае цыклапічнасць горада. Пажырае будынкі, быццам галодны звер. Затаіўшыся, чакае якога-небудзь небараку, ці ходзіць ціхенька па вулачках.
Халоднае дыханне. Туманная субстанцыя, быццам вата, абцяжарвае рух. Крадзешся па вуліцах у надзеі не абудзіць звера. Ён узрыквае з малочна-шэрай гушчыні рухавікамі машын, усхліпвае захлынаючыся, успыхвае халодным блакітным або бурштынавым цёплым святлом вачэй-фар.
Туман распірае лёгкія, засланяе вочы, хавае недарэчнасці гарадскога ландшафту, выцягваючы на першы план чорныя драбы голых дрэў, быццам выгаралых крывяносных сасудаў.
Адзінокія ліхтары там-сям гараць, асвятляючы дробныя кавалачкі прасторы. Позняя восень Мінска, апошнія дні лістапада, горад застыў у прадчуванні зімы, уцягваючы ноздрамі халодны туман раніцы.
Зыбіцкая – гэта праява хтанічнай, балотнай сутнасці беларусаў. Гэта хтонь, твань, балота, багна, зыб. Зыбіцкая.
«Хтанічнасць» – дзікая прыродная моц зямлі, падземнага свету. Ёй уласціва падабенства да звера, звышнатуральныя здольнасці, адсутнасць стваральнага пачатку, здольнасці пярэваратня і расчапленне – «дзве душы».
Затаіўшыся ў глыбіні, у цемры, у волкасці, у эмацыйным балоце, у нас зыбіцца іншая душа. Цкаваная, вынішчаная з навакольнага асяроддзя. Рэшткі хтанічнага краю, што калісьці шчэрыўся балотамі і ляснымі нетрамі, а цяпер пераўтвораны ў пастаральную карцінку.
Зыбіцкая – праява гэтай другой душы, нашай хтанічнай сутнасці, якая вырываецца раз-пораз на волю. Хтонь у тым ліку і «сталасць весялосці і бруду». Атрымліваецца, што Зыбіцкая з’яўляецца жывым увасабленнем прыдушанай хтанічнасці. І як праява «падземнага свету», і як «пярэварацень» – бо ўсё адбываецца ноччу, калі штось вырываецца на волю з цёмных глыбінь беларускай душы.
У такія моманты ўсё вакол ператвараецца ў карнавал весялосці і «бруду», людзі-пярэваратні гойсаюць у цемры па Зыбіцкай.
Выбіраючыся туды ноччу, ты не здзіўляешся, сустрэўшы там людзей з павучынымі лапкамі, ваўчынай поўсцю на карку, з кіпцюрамі, перапончатымі крыламі, у лусцы. Людзей халаднакроўных, галодных да цёплай крыві, ці хаця б да напою мацнейшага, якія вырваліся з падземных засценкаў, з карпаратыўнага Тартара, у цёмную серабрыстую ноч.
Гэта не вясёлыя гулянні пры святле сонца, гэта цяжкія хмельныя святы пад месяцам, пад Гекатай, у прыцемках, у п’яным тумане, гэта балотная здань, якая хаваецца за адрэстаўраванымі фасадамі вонкава занудлівых людзей.
Выходзячы раніцай з чарговага бара, які быццам бы пячора, што паглынае людзей, у перадсвітальны змрок, ты апынаешся пасярод наступстваў карнавалу. Змрок сцірае яркасць колераў, ператвараючы ўсё ў выцвілую карціну Босха.
Быццам пярэваратні, якія не памятаюць, што робяць у звярыным абліччы, людзі не памятаюць, што яны рабілі, пагрузіўшыся ў багну.
Хітры балотны морак і перарывістае святло багны, што вядзе ў дрыгву, але не толькі на пагібель, але і каб весяліць балотныя істоты, для вар’яцкай асалоды.
Бо дрыгва, балота, багна – гэта і ёсць наш родны дом.
«Чайка» размяшчалася ў старым падвальным памяшканні былога більярднага клуба «Як 18» на вуліцы Якуба Коласа. Яшчэ студэнтамі мы часта завісалі ў гэтай більярднай – згуляць пару партый у пул і выпіць. У адрозненне ад іншых більярдных, туды можна было прыносіць свой алкаголь. Грошай тады ў нас вадзілася не шмат, і піць у барах мы сабе не маглі дазволіць.
Дзіўнае спалучэнне часу, месца і назвы, бо тое было не столькі пра самалёт, колькі пра наш узрост, пра 18-годдзе, якое навісла над більярднымі сталамі, пра нас. А можа таму, што більярдны клуб знаходзіўся ў будынку № 18 па вуліцы Я.К.
Читать дальше