– Дзе я? Дзе мая дачка? Хто вы?
Ён сеў на ложак побач з ёй, прымусіў легчы.
– З вашай дачкой усё добра. З вамі – не дужа. Але хутка ўсё пройдзе.
– Што пройдзе? На што я хворая?
Юнак падціснуў выразныя акрэсленыя вусны, схіліў галаву на бок.
– Вы не хворая. Вас атруцілі, – нешта вырашыў для сябе, цяжка выдыхнуў. – Ёсць такая… Істота. Лойма. Раней яны скрадалі дзетак ды падмянялі іх на сваіх. Звычайныя кабеты бабілі нячысцікаў. Цяпер размнажацца складаней. Так што яны падмяняюць саміх кабет. Атручваюць. Прымаюць іх воблік, займаюць іх месца ды жывуць у асалоду.
Улляна сціскала коўдру. Атрута. Падмена. Нячысцікі. Усё гэта не змяшчалася ў галаве. Але і інтэр’ер, і яе адчуванні, і сумныя бурштынавыя вочы юнака прымушалі паверыць. Без дадатковых пытанняў. Яе магло ўжо не быць. І дачушку гушкала б нейкая пачвара. Жанчына заплакала.
Юнак паклаў ёй на лоб халодную далонь, нешта зашаптаў. Замест словаў яна чула шолах лістоты ў вечаровым лесе, лёгкі ветрык ды стракатанне конікаў.
* * *
– А што я павінен быў сказаць?! – юнак стаяў ля яе ложка, прытупваючы нагой.
– Нічога, Уладзь. Нічога акрамя замовы на ачышчэнне, – другі голас быў больш суровы, больш дарослы.
Нешта зазвінела. Відаць, упала на стол звязка ключоў. Зашапацела. Зняў куртку альбо паліто. Запстрыкала. Расшнураваў боты. Яна глядзела праз прымружаныя вейкі, не наважваючыся паказаць, што прачнулася. Перад ёй мільгануў цень, запясце абхапілі моцныя пальцы. Па целе разлілася незвычайная цяплыня. Раптам захацелася падхапіцца ды бегчы, танчыць, скакаць. Яна расплюшчыла вочы.
Над ёй схіліўся светлавалосы юнак. З твару ён выглядаў нават малодшым за Уладзя, але па погляду ды паводзінах усё ж здаваўся старэйшым.
– Галава не баліць? – халодна пацікавіўся ён.
– Не, я… Выдатна сябе адчуваю.
– Ты забіў яе? – падаў голас Уладзь, яўна спрабуючы замяць перад сябрам правіну.
Светлавалосы дастаў з кішэні байкі некалькі невялікіх шкляначак з попелам, паставіў на стол.
– І не толькі яе. Няпросты Лошыца раёнчык, – звяртаючыся, відаць, да яе, хмыкнуў ён.
Уладзь закусіў палец, цыкнуў.
– Паслухай, Усевалад, чалавек мае права ведаць, што з ім адбываецца.
Ягоны сябар выпрастаўся, і Улляна змагла ўбачыць, наколькі шырокія ў яго плечы ды дужыя рукі.
Чым менш народу ведае пра нячысцікаў, тым лепш. Усім, – спакойна адказаў ён. – Зможаш адвезці спадарыню дадому? Моўчкі.
Староста Юзаф і булачніца Яўдахія
Прывілей быў з пячаткай. Конь быў белы. Гарадская шляхта п’яная дармовай медавухай і дагодлівая.
– Віват пану старосце!
Новы ўладар места на скрыжаванні Свіслачы і Нямігі, попелу, касцей і травы, прысыпанай першым сняжком, уязджаў у свае ўладанні. Атрымаў пасаду не за ўсмешкі, за паслугі перад тронам.
Радзівіл, які ненавідзіць Радзівілаў.
З задавальненнем кіруе секвестраванымі маёнткамі сваяка Пане Каханку. І роднага брата, кумпана таго чырванатварага балбатлівага Пане Каханку, не прызнае.
Ёсць справядлівая помста ў горадзе, дзе калісьці камяні малоліся на муку.
– Віват ягонай вяльможнай мосці, пану старосце менскаму Юзафу Радзівілу!
– Гарбункі! Гарбункі!
Пан староста нацягнуў цуглі, белы конь, куплены за дзве шапкі дукатаў, скасавурыў незадаволена чорнае вільготнае вока, падобнае да пераспелай слівы…
– Каму свежыя гарбункі?
Твар пана Юзафа пачаў таксама набываць слівовае адценне…
Месцічы, прыдворныя, блазны, хціўцы, славалюбцы, падлабунькаўцы і пахлебцы – хавалі ўсмешкі. Хто ў рукаве адамашкавым, хто проста даланёй з радавымі сыкгнетамі прыкрываўся… Больш спрактыкаваныя лізункі нат рысачкай не змяніліся – толькі вочы… У вачах смех… Рогат… Кепікі…
Каб ім восцень у зубы!
– Каму свежыя гарбункі?
Ваявода абвёў налітымі крывёй вачыма панылыя відарысы новага ўладання. Шэрыя камяніцы, гнілыя платы… Менск… Замардуй, загадуй, закалаці яго трыста радзімцаў і з радзімчыкамі!
Ваявода заўсёды ведаў, што паблажлівая ўсмешка – тое, што знойдзе ён, перасыпаючы пясок любой паважлівай увагі і багавейлівага позірку…
Юзаф Радзівіл быў гарбунком.
Не дай Гасподзь камусьці з вас мець такое дзяцінства, як займеў ягоная мосць, яснавяльможны Юзаф Мікалай Радзівіл… Ягоны бацька Марцін урадзіўся разумным… Хаця й страшнаватым, як жабяня. Вочы – адно на Алатыр-камень глядзіць, другое – на востраў Авалон. Мо таму захапіўся ў свой час алхіміяй, каб незямныя веды захілілі зямныя недахопы?
Читать дальше