Хлопец ужо збіраўся пайсці дахаты, калі вада ў рачной яміне закалыхалася і з яе ўзняўся зялёнабароды Вадзянік. Ён паказаў Кастусю залаты аловак і запытаў: «Твой?» Шаранговічу страшэнна спадабаўся вялікі важкі залаты аловак з устаўным стрыжнем. Ён ледзь не сказаў, што гэта ягоны аловак, але стрымаўся і не схлусіў. Вадзяны чорт схаваўся ў Свіслачы, але праз імгненне ўсплыў і працягнуў Кастусю яго звычайны аловак: «Трымай свой аловак. А за тое, што не хлусіў, я падарую табе залатую рэч. Усё, што ты намалюеш залатым алоўкам, будзе ацэньвацца на выдатна і выдатна прадавацца…»
Так і адбылося. Усё, што Кастусь Шаранговіч маляваў залатым алоўкам, падораным Вадзяніком, выдатна прадавалася і ацэньвалася на выдатна. Добра, што хлопец быў нясквапным чалавекам, маляваў і прадаваў роўна столькі, каб хапала на сціплае жыццё. Кастусь рабіў малюнкі да дзіцячых кніжак і за такім заняткам дажыў да пяцідзесяці гадоў. У пяцьдзясят дактары знайшлі ў Шаранговіча рак. Гэтую кепскую навіну Кастусь панёс на бераг Свіслачы. Там ён сеў над глыбокай ямінай і расказаў пра сваю хваробу рачной вадзе. З-пад вады ўзняўся доўгабароды чорт і папрасіў Кастуся вярнуць залаты аловак. Шаранговіч вярнуў Вадзяніку яго аловак і пайшоў у майстэрню, дзе ўсё акуратна ўпарадкаваў і прыбраў. З прыбранай майстэрні мастак Шаранговіч патэлефанаваў усім сябрам і знаёмым, каб развітацца. Казаў, што з’язджае з мінскай Асмалоўкі, едзе жыць на возера Балатон. Але на Балатон Кастусь не паехаў. Ён паехаў на возера Нарач, дзе ў цішыні і спакоі пражыў свой апошні год.
Пасярод Асмалоўкі стаіць дзіцячы садок. Шэры цагляны будынак не вельмі добра ўпісваецца ў пасляваенны стыль гэтага раёна. Не ўпісваецца, бо збудавалі садок значна пазней. А раней на яго месцы стаяў прыватны дамок Расціслава Кіпцюра-Лусты. Гад быў несусветны той стары Расціслаў. Каб Кіпцюр-Луста быў звычайным гадам, дык мужчыны не палілі б яго складзены з сасновых бярвенняў крываваты дамок. Расціслаў меў вялікія схільнасці да чорнага вядзьмарства. Ён чараваў і ліхадзейнічаў.
Пачалося з таго, што вядзьмак нагнаў у Асмалоўку процьму дробных рудых мурашак. Яны панабіваліся ў цукар, у печыва, у цукеркі. Мурашкі папсавалі ўсё салодкае. Людзям давялося павыкідаць не толькі печыва ды цукар, нават слоікі з варэннем давялося павывозіць на сметнік. За мурашкамі ў Асмалоўку прыйшлі мышы. Яны згрызлі і папсавалі тое, што мурашкі абыходзілі. Мышы грызлі сала і мяса, макароны і крупы, кардон і паперу. Двойчы ў Асмалоўку наведваліся брыгады з санэпідэмстанцыі. Мужчыны ў зялёных камбінезонах залівалі Асмалоўку атрутай. Першы раз супраць мурашак, другі – супраць мышэй. Атрута дапамагла. Мурашкі і мышы пазнікалі. Шкоды яны нарабілі шмат, але ў Асмалоўцы іх павыводзілі.
Цяжэй за ўсё было са змеямі. Гадзюкі пачалі з’яўляцца ў самых неверагодных месцах… У ложку, пад прасцінамі. У каструлях. У кішэнях кажухоў і палітонаў. Людзі палохаліся да страты прытомнасці. Жудасць ахапіла ўсіх жыхароў Асмалоўкі. Усіх, акрамя ведзьмака Расціслава Кіпцюра-Лусты. Гад радаваўся. Хадзіў па Мінску падвяселены самагонам і выхваляўся, што трымае ў страху ўвесь свой раён.
Асмалоўскія мужчыны пачулі выхвалянні ведзьмака. Уночы на таемным сходзе мужчыны вырашылі спаліць жыўцом Кіпцюра-Лусту. Яны падпёрлі дзверы яго дома бервяном, каб вядзьмак не змог уцячы. Аблілі сцены газаю і падпалілі. На вокнах у дамку былі жалезныя краты. Так што вядзьмак мусіў загінуць у полымі. Павінен быў, але не загінуў, бо ператварыўся ў вялізнага гругана. Калі ахоплены агнём дах праваліўся, людзі пабачылі, як у слупе дыму падымаецца ў неба вялікі птах. Ён зрабіў кола над Асмалоўкай і паляцеў у бок плошчы Перамогі… Недзе праз год на папялішчы збудаваўся самы звычайны мінскі дзіцячы садок.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.