Усё глыбей засмоктвалі яго мосць пана Марціна забароненыя веды…
Вось ужо ад алхіміі перайшоў да магіі… Трэба толькі ўпадобіцца ўсходнім уладарам.
Вось ужо хапаюць па ўсіх вёсках прыгожых дзяўчат і робяць з іх «кадэтак» – няшчасных гарэмніц пана Марціна.
Вось чорны дым з тыгляў зносіць да неба тыя рэчывы, што самое неба адмаўляецца прымаць…
А ўласная сям’я, жонкі, дзеці, – то ж замінішча!
Маці Юзафа, рахманая Аляксандра з Бялхацкіх, не вытрымала ваўкалацтваў мужа, памерла… Другая жонка, пані Марта з Трэмбіцкіх, больш трывушчая…. Затое з-за сваіх спробаў выправіць мужніны блюзнерскія паводзіны – апынулася пад замком. На голых дошках, на хлебе й вадзе… Разам з усім вывадкам дзяцей, і сваіх, і ад першай жонкі-гаротніцы. Старэйшай сястры пана Юзафа пашанцавала – у пятнаццаць выдалі замуж. Адзін з малодшых братоў застаўся няўцямным калекам – з-за пабояў бацькі… Юзафу таксама перапала. Кулакі ягонай мосці Марціна Радзівіла назаўсёды пакінулі яго гарбатым. Гарбунком.
Нават калі брат Марціна, Геранім Радзівіл, узяў замак Чарнаўчыцы, вырваў як з воўчых зубоў, для Юзафа мала што змянілася.
Бо не дзеля спачування да няшчасных сваякоў, а дзеля хцівасці, каб захапаць невымерныя валоданні Марціна Радзівіла, напад ладзіўся.
Уладальніка Чарнаўчыц, прызнанага недзеяздольным, пасадзіў на ланцуг брат Геранім Радзівіл. Калі па праўдзе, дык такі ж вар’ят. Малодшых дзетак Марціна забраў другі дзядзька, Міхал Казімір Рыбанька, вялікі гетман. Так што Міхал Радзівіл, брат пана Юзафа, гадаваўся ў бліскучым Нясвіжы, разам з Пане Каханку. Балі, паляванні, каруселі рыцарскія… А Юзаф, спадчыннік, патрапіў пад апеку шалёнага дзядзькі Гераніма. Той жа палон, толькі больш выгодны.
Толькі ў дваццаць тры, калі дзядзьку паглынуў чысцец, пан Юзаф Радзівіл змог заняць адпаведнае свайму статусу месца.
Вядома, знайшлі яму жонку… Гожую ды радавітую. Шляхта рукі-боты цалавала…
Але пан Юзаф ніколі не мог забыцца на таго верабейчыка, што прылятаў на вакно замка ў Чарнаўчыцах, а яны з мачахай і братамі мелі адзіную ўцеху – карміць таго птаха крышкамі хлеба…
І вось цяпер:
– Каму свежыя гарбункі?
Староста варухнуў густа-сівым брывом, і хутка абразлівы крык сціх.
Яўдахія, гандлярка, не магла даўмецца – чым выкліканая несправядлівасць новага старосты? Вось ужо дваццаць год яна прадае на Высокім рынку ля ратушы свае вырабы – печыва на мяду, што называецца «гарбункі».
Напачатку яно называлася дулямі – раскатаная змейка салодкага цеста завязвалася ў вузел, пасыпалася макам, і – у печку.
Але «Каму салодкія свежыя дулі?» – не надта прывабна гучала. А паколькі печанае смакаццё атрымлівалася гарбаценькім, выкручаным – дык і прыдумалася… Гарбункі!
І шкаляры езуіцкага калегіюму (які пры каралі Стасю перастаў быць езуіцкім), і пісарчукі з магістрата, і юрысты з палестры, і мешчукі з Траецкага, і кавалі з Татарскага прадмесця – усе любілі гарбункі Яўдахіі… А той што… Перажыла напады на горад і шведаў, і маскоўцаў, і сваіх жа ліцвінаў… Ледзь ацалела, калі шпіталь і школу пры царкве Святых Казьмы і Даміяна разганялі. Дзівілася на Міхала Валадковіча, сябра сардэчнага Пане Каханку, які ў столь менскага магістрата пуляў і казань ксяндза Аблачынскага сарваў, прывёўшы на пляц перад Святадухавым касцёлам цыганоў і мядзведзяў… Нават прывід таго пана Міхала, расстралянага за бясчынствы ў сутарэннях ратушы, бачыла – махаў ёй праз акно… Няма чаго Яўдахіі баяцца. Двух мужоў страціла, пяцёх дзетак пахавала, воспу перахварэла… Засталася, як палын пры дарозе. Вось і ратуюць гарбункі, духмяныя, з макам ды мёдам!
І ў царкву Святой Кацярыны прыносіла спадарыня Яўдахія сваё печыва, клала ў скрыні для жабракоў, накрытыя ільнянымі рушнікамі… А тое, што, зусім непагляднае, заставалася на дне яе кошыкаў, таксама знаходзіла спажыўца. Спадарыня Яўдахія, пакрэктваючы, спускалася па стромых берагах Свіслачы, і прыгаворваючы «Гыля-гыля-гыля!» сыпала мядовае крышыва ў ваду…
Незразумела, для чаго тут быў покліч да качак, але прыплывалі на пачастунак менскія цмокі – тлусценькія, чорныя, з тоўстай ільснянай лускою. І хапалі наперабой рэшткі тых гарбункоў, замілавана паглядаючы на спадарыню Яўдахію маленькімі залатымі вочкамі.
Як жа Менск – без мядовых гарбункоў з макам?
А вось жа – вымелі з пляцу булачніцу разам з прылаўкам, печывам і жальбамі…
Памалілася Яўдахія Святой Юстыніі і Святому Кіпрыяну, ды зноў паставіла цеста… Толькі не такое салодкае. Надта ж солана было ў горле ад слёз.
Читать дальше