– Я хачу дапамагчы. Вы не патрапіце дадому, калі не паслухаецеся. Здыміце паліто і апраніце навыварат.
Дзяўчына зірнула на юнака, нярвова расшпіліла гузікі. Пальцы зусім не слухаліся. Юнак акуратна зняў з яе паліто, вывярнуў ды зноў накінуў на плечы.
– А цяпер трымайцеся, – працягнуў ёй далонь. – І не глядзіце назад.
Ён упэўнена рушыў наперад, не разбіраючы шляху, па сырой глебе ды жухлай траве. Лізе было шкада і сваіх новых ботаў, і яго яркіх красовак, але яна паслухмяна трымала цёплую руку юнака. Праз якую хвіліну яны выйшлі на тратуар недалёка ад Купалаўскага музея. Дзяўчына зноў заплакала. Цяпер ужо ад палёгкі ды непаразумення. Тэлефон у кішэні раззлавана гудзеў.
– Слухаю, – спалохана сказала яна ў трубку.
– Дзе цябе чэрці носяць?!
– Я падыходжу, падыхожу, – мармытнула яна, хоць разумела, што робіць сабе толькі горш – да дому як мінімум хвілін пятнадцаць.
– Калі цябе не будзе ў хаце праз пяць хвілін, будзеш заходзіць праз акно.
Яна разгублена зірнула на юнака.
– Я падвязу, – спакойна кіўнуў ён ды дастаў з кішэні ключы ад машыны.
– Ваш бацька меў рацыю, калі спытаў, дзе вас носяць чэрці, – заўважыў ён, калі яна ўладкавалася ў яго ўтульнай машыне.
У салоне было чыста, пахла добрымі мужчынскімі духамі, мандарынамі ды – зусім крыху – зёлкавай гарбатай.
– Што вы маеце на ўвазе?
– Лепш не распавядаць нікому, што вы заблукалі ў цэнтры Мінска, – замест адказу заўважыў юнак, упэўнена кіруючы. – Наўрад ці хто-небудзь паверыць, што вас збіў са шляху лясун. Напэўна, кінулі штосьці міма сметніцы?
– Недапалак, – шэптам прызналася Ліза.
Юнак кіўнуў:
– Заўсёды апранайце што-небудзь навыварат, як будзеце хадзіць праз гэты парк адна – ён ад вас цяпер не адчэпіцца. Лясун часта водзіць дзяўчын, якія, па яго меркаванню, непрыстойна сябе паводзяць. А ў лесуна погляды, скажам так, старамодныя.
У які іншы дзень Ліза б толькі пасмяялася ды пакруціла пальцам ля скроні, але цяпер яна пакорліва кіўнула, запамінаючы кожнае сказанае юнаком слова.
– Поспехаў з бацькам. Беражыце сябе.
Ёй не хацелася выходзіць з машыны, але ў яе была ўсяго хвіліна, каб узляцець на пяты паверх.
Пад ногі кідаліся бардзюры, лаўкі ды агароджы. На бровы, на вейкі наліпаў снег. Каржакаватыя старыя яблыні замерлі ў чаканні ахвяры. Толькі спыніся – разарвуць крывымі заімшэлымі кіпцюрамі.
Каваныя белыя альтанкі прывідамі плылі ўздоўж ракі. Напаўразбураная цагляная забудова глядзела з супрацьлеглага берага пустымі вачніцамі.
Яна стаяла на драўляным мастку, што вёў да выспы з трыма самотнымі дрэвамі.
Сёння яна прачнулася ў чужой кватэры. Яе абудзіла гадавалая дзяўчынка, што разрывалася ад плачу ў яе пад бокам. Ля ног мітусіўся невялікі сабака.
Не было ў яе ні сабакі, ні дзіця.
Узнялася, механічна ўзяла малую на рукі. У пакоі – дзіцячая вопратка, кнігі, цацкі. Леваруч – старая шафа з зацёртым люстэркам, праваруч – стол, застаўлены кветкамі. Хіба яна калі любіла кветкі?
Выйшла з пакоя, пагойдваючы дзіця. Сабака ўвязаўся за ёю, жалобна скуголячы.
На безгустоўна зялёнай кухні сівая жанчына варыла каву.
– Нешта вы рана, Улечка…
– Вы… Вы хто?
– Ты лунаціш ці што? – занепакоена пацікавілася кабета.
Яна аддала дзіця.
– Я хутка вярнуся.
Накінула паліто на піжаму і выбегла з кватэры.
Яна не памятала, куды вяртацца. Як апынулася ў парку. Рака клікала. Халодныя хвалі абдымуць яе, заплюшчаць ёй вочы, загушкаюць. Вадзе ўсё адно, хто ты. І кім быў учора.
Галава кружылася, рабілася ўсё пусцейшай. Далягляды сціраліся. Сусвет звужаўся да выспы з трыма дрэвамі ды драўлянага мастка. Яна пералезла праз парэнчы. Яшчэ крок і яе не будзе.
Яе ўжо няма.
* * *
Пахла палыном. Не расплюшчваючы вочы, яна памацала побач з сабою. Падхапілася:
– Кацечка! Бобс!
Сёння яна прачнулася ў чужой кватэры. У пакоі, прывідным ад тлення зёлак, было светла і пуста. Пад столлю – пучкі сухацветаў. Святаяннік, чабор, крываўнік, рамонак – яна пазнала толькі дзясятую частку. Коўдра ды прасціна расшытыя па краях чырвонымі беларускімі арнаментамі, якія нібы свяціліся знутры. Напэўна, ніткі з люрэксам.
– Вам трэба ляжаць, – у дзвярах з’явіўся юнак.
Не сівы барадаты дзядуля ў ільняной кашулі, не кабета ў хусцінцы ў кветкі, нават не загадкавая дзяўчына з уплеценымі ў касу валошкамі – звычайны юнак.
У чорных спартовых штанах – здаецца, нават, фірмовых – у расцягнутай барвовай футболцы з надпісам «Wizards rule» і ў цёплых вязаных шкарпэтках.
Читать дальше