Якуб слухаў, але разумеў няшмат і пагаджаўся толькі з адным: спёка была жудасная. Выйшаўшы з кандыцыяніраванай машыны, ён нібыта апынуўся перад адкрытай духоўкай, з якой шугала густое, гарачае, вільготнае паветра.
Вузкая сцежка, што перасякала поле засохлага збожжа, проста перад лесам збочвала да зялёнай сцяны чароту. Прайшоўшы некалькі соцень метраў уздоўж густой агароджы з высокіх сцяблін, Якуб трапіў на палянку. З аднаго боку яна была аточаная зараснікамі ядлоўцу, з другога заканчвалася крутым абрывам, які пераходзіў у выцягнутыя пагоркі невялікага пляжа. Удалечыні, на краі масткоў, што знікалі ў возеры, хлопец заўважыў нерухомую фігуру і саскочыў з абрыву. Потым устаў, абтрос пясок – ад масткоў яго аддзяляла некалькі дзясяткаў метраў. Падышоўшы, ён убачыў, што там сядзіць жанчына, і голасна гукнуў яе. Яна не адазвалася – так і сядзела застыўшы, нахіліўшы галаву. Якуб асцярожна пайшоў па скрыплівых спарахнелых дошках. У адным месцы некалькіх не хапала – яны часткова адламаліся ад паржавелай сталёвай канструкцыі і цяпер віселі, кранаючы азёрную роўнядзь. Ён адступіў назад, разагнаўся, пераскочыў дзірку – і раптам адчуў жахлівы боль. Доўгі цвік, што вытыркаўся з дошкі, наскрозь прабіў яму ступак. На вастрыі застаўся акрываўлены абрывак скуры з макасіна. Хлопец аж узвыў. Рэзка падняўшы нагу, ён страціў раўнавагу і, падаючы ў ваду, стукнуўся аб дошку патыліцай. І ў тую ж хвіліну жанчына, што сядзела на краі масткоў, скокнула ў возера. Якуб выпаўз на пясок, кашляючы і выплёўваючы ціну. З параненага ступака цякла кроў, і ён паспрабаваў яе спыніць, сціснуўшы рассечаныя краі пальцамі. І тут пачуў голас:
– Гэта твой чаравік?
Якуб рэзка падняў галаву. Перад ім стаяла дзяўчына, трымаючы ў руцэ макасін, з якога сцякала вада. Хлопец кіўнуў. Прыгледзеўшыся да яго акрываўленага ступака, дзяўчына, не кажучы ні слова, зняла станік і скруціла з яго вузкую павязку. Потым укленчыла перад Якубам, абвязала яму ступакі, штосілы зацягнула. Кроў спынілася.
Так у адзін спякотны жнівеньскі дзень ён пазнаёміўся з Надзяй.
Яны адразу зблізіліся – нават тыдня не прайшло «пасля возера», як пачала гэта называць Надзя. Раптам аказалася, што яны вяртаюцца на тое месца і што, калі захочуць, гэта перастане быць толькі мімалётнай летняй сустрэчай, пасля якой застанецца кантакт у тэлефоне і некалькі ўспамінаў, ды і тыя з часам паблякнуць. Яны захацелі. Абое. Пачалі бавіць час разам. Адчулі адно да аднаго сімпатыю. І гэтая сімпатыя была для Якуба тады самым важным. А яшчэ – быццё «тут і цяпер». У тыя першыя месяцы нічога большага яму не хацелася – толькі простых пачуццяў, спакою і кагосьці блізкага, але не настолькі блізкага, каб яму зрабілі балюча ці зняважылі, калі ўжо выпадзе прывязацца, – а так цалкам магло здарыцца. Ён цудоўна пра гэта ведаў – і менавіта гэтага баяўся больш за ўсё.
Таму Якуб не хацеў, каб іх адносіны – хаця тады ён і не думаў называць гэта так – пачаліся, як яно звычайна бывае: з аповедаў пра мінулае. Да таго ж… ну якое, бляха, мінулае? Пра што тут расказваць? Пра дзяўчат, якіх не было? Ну, апроч той, не ягонай, па якой ён сох і якая пачала хадзіць з яго стрыечным братам. Пра тое, што яго тады як камбайнам пераехала і што ён у сямнаццаць гадоў падумваў вены сабе парэзаць ці пад цягнік кінуцца? Пра тое, што той кавалак мінулага хочацца незваротна выкрасліць, вычысціць з памяці? Да апошняга біта. Але так не атрымаецца. Лепш пра гэта не думаць. Таму ён нічога і не казаў. Бо нельга ж нешта казаць і пры гэтым не думаць.
Потым у сімпатыю пачало ўплятацца захапленне. Надзя была на чатыры гады старэйшая, але ўсё яшчэ вучылася, як і ён. Яна зачаравала яго сталасцю, уразіла розумам. Ён адчуваў сябе асаблівым – на яго звярнула ўвагу такая дзяўчына. Калі яны бавілі час разам, яна засяроджвалася на ім адным.
Яе прыгажосцю цяжка было не захапіцца, хаця Надзя ніколі не выстаўляла яе напаказ. Бляск для вуснаў, бясколерны лак – вось і ўсё фарбаванне. Апраналася яна вытанчана і з густам, але без эпатажу – найчасцей у класічныя шэрыя, чорныя або сінія касцюмы са спадніцамі да калена і пінжакамі, пад якія надзявала гольф альбо кашулю – звычайна з ядвабу стрыманага колеру. Больш за ўсё Якуб любіў, калі кашуля была белая і дастаткова празрыстая, каб можна было разгледзець станік. Фігуру Надзя таксама не старалася падкрэсліваць, яму нават здавалася, што яна з нейкіх прычын яе хавае. І нягледзячы на гэта, было ў ёй нешта шалёна прывабнае – эфемернае, яно цяжка паддавалася апісанню, але моцна прыцягвала ўвагу, вельмі жаночае, але і дзявочае таксама. Яна была ў чымсьці Лалітаю ў касцюме сцюардэсы, які змушаў трымаць дыстанцыю. Вялізныя бліскучыя вочы, што лёгка наліваліся слязьмі, кучма залацістых валасоў, высокія скулы, маленькі, крышачку кірпаты нос, шырокія, нібы трохі прыпухлыя, сакавітыя вусны. Часам ён заўважаў рэакцыю мужчын на яе – і сваіх аднагодкаў, і аднагодкаў бацькі. Надзя не звяртала на гэта ніякай увагі. Яна была толькі з ім – усёй сабою.
Читать дальше