1 ...6 7 8 10 11 12 ...37 Потым з’явілася пажада. А ўжо за ёю – туга. Вярнуўшыся дадому з сустрэчы, ён падаў на ложак і тужліва пачынаў чакаць наступнай. Думаў пра Надзю. Неадчэпна. І пры гэтым адчуваў нешта кшталту меланхоліі і замілавання. Часта яго агортваў смутак. Без яе ён пачуваўся адзінокім – ён, якому на адзіноту ніколі не хапала часу. Засяродзіцца на чымсьці іншым не ўдавалася – вучыцца не атрымлівалася, праграмаваць не хацелася. Нават музыка раздражняла. Ён ляжаў на ложку і сумаваў, чакаючы нейкага знака. Званка, эсэмэскі або хоць бы лайка ў фэйсбуку. Хоць чагосьці. Але нічога не было, а дэбільны мужчынскі гонар не дазваляў яму напісаць ці пазваніць самому.
Надзя ні на чым не настойвала. Не падавала выгляду, што чакае якіх-небудзь знакаў увагі. Ніколі не гаварыла пра будучыню, у якой бы фігураваў Якуб, – нават пра найбліжэйшую, што ахоплівала наступны тыдзень. Відавочна радавалася кожнай сустрэчы, але не пытала, калі будзе наступная і ці будзе ўвогуле. І Якуб не пытаў. Ён і цяпер не разумее чаму. Яны развітваліся і вярталіся да сваіх спраў, не ведаючы, ці сустрэнуцца зноў, бо дамаўляліся максімум на «можа быць». Чаціліся на фэйсбуку, часам абменьваліся эсэмэскамі, часам – кароткімі мэйламі, часам – паведамленнямі ў ватсапе. Але заўсёды для гэтага патрабавалася нагода. Нейкая падзея. Прэм’ера фільма, новы спектакль, «незаслуханы» канцэрт у філармоніі, «доўгачаканая» сустрэча з пісьменнікам у бібліятэцы, нейкая асаблівая лекцыя ва ўніверсітэце альбо – што апошнім часам усё часцей здаралася – у кавярні або рэстарацыі. У такіх выпадках Надзя асцярожна і вельмі далікатна пытала: «Ты можаш?», «Ці выкраіш час?», «А не хочаш?..», «Табе гэта цікава?» А потым ужо кожны раз пісала ў пастскрыптуме: «Я б хацела быць там з табой. Вельмі».
І гэты пастскрыптум быў для яго найважнейшы. І найцудоўнейшы. Менавіта праз яго наяўнасць Якуб кожны раз хацеў, мог і выкройваў час, нават калі быў вымушаны адмяняць іншыя важныя справы, выкручваючыся, а раз-пораз і манячы. Яму заўсёды было цікава «гэта», нават калі ён не ўяўляў, каго ўбачыць у бібліятэцы, што там за лекцыя або канцэрт у філармоніі. Таму што Якуб таксама хацеў быць. З ёю. Перадусім з ёю. Дзе заўгодна. Ён таксама хацеў гэтага «вельмі». Усе тыя падзеі былі іх спатканнямі. Надзя ніколі не пытала, ці пойдзе Якуб з ёю гуляць, ці не хоча ён пабалбатаць за кавай, забегчы на сушы перад сном альбо ці думаў ён сёння пра яе. І ён таксама не пытаў, хаця сушы вельмі любіў і думаў пра яе кожны дзень, як у нервовай гарачцы.
І яны хадзілі ў кіно і тэатр, наведвалі выставы, слухалі лекцыі і канцэрты ў філармоніі, бывалі на сустрэчах у бібліятэках. Якуб сумняваўся, што ў цэлым горадзе знойдзецца пара студэнтаў, якая акультурылася гэтак жа грунтоўна, як яны з Надзяй падчас сваіх спатканняў.
Аднойчы вечарам ён сказаў, што кахае яе. Гэта было ў пачатку снежня, у суботу. Яны вярталіся з тэатра і схаваліся пад дахам трамвайнага прыпынку. Парывісты вецер раскідваў навокал дажджавыя кроплі, змяшаныя з гіганцкімі ашмёткамі мокрага снегу. Яны забіліся ў кут, і Якуб закрываў яе сабою ад ветру. Узрушаная спектаклем, Надзя спачатку доўга маўчала, а потым пачала свой маналог. Яна хацела абавязкова выказаць яму, што адчувае, і была цалкам занураная ў сябе. У пэўны момант Якуб заўважыў, што яна плача. Набліжаўся трамвай. Якуб даў ёй насоўку. Яна прыхілілася да яго, і хлопец адчуў, што момант настаў. І сказаў. Ён і цяпер не ўпэўнены, што яна пачула. Хутчэй за ўсё – не, бо машыніст тармазіў з жудасным віскам, а на Надзі ў той вечар была тоўстая ваўняная шапка, насунутая на вушы.
Часцей за ўсё яны вярталіся трамваем. Таксоўкамі – толькі пасля начных кінасеансаў. З прыпынку, на якім яны выходзілі, Якуб праводзіў Надзю дадому і развітваўся, цалуючы ёй руку. Можа, і старамодна, але так яго навучыла маці. Ён заўжды чакаў, пакуль Надзя знікне за дзвярыма, а ў кухні на першым паверсе запаліцца святло. Потым яшчэ колькі хвілін стаяў, узіраючыся ў ганак – спадзяваўся, што яна вернецца, адчыніць дзверы і запросіць да сябе. Такога ні разу не здарылася.
За некалькі дзён да Калядаў ён гэтаксама яе праводзіў. Надзя сказала, што святкаваць будзе дома і калі Якуб хоча, то – вядома, пасля сямейнай вячэры – можа зайсці, бо яна робіць найлепшыя ў свеце варэнікі з капустай і грыбамі.
Яна запрасіла яго да сябе! Надзя вырашыла пусціць яго ў свой свет! Якуб памятае, што, калі ён вяртаўся тады на трамваі дадому, яму хацелася спяваць.
Ніколі раней ён не чакаў Калядаў з такім хваляваннем. Нават калі быў маленькі і перад сном лічыў, колькі разоў яшчэ трэба легчы спаць, каб прыйшоў час падарункаў, ён ні разу так нецярпліва не прагнуў Святога вечара. Ён перакапаў увесь інтэрнэт і ўрэшце знайшоў у Польшчы краму, дзе прадавалі найлепшыя акрылавыя фарбы для малявання на шкле – самага вялікага Надзінага захаплення. «Ніякіх падробак, толькі імпартныя з аднаго заводзіка ў Партугаліі, даюць патрэбную густату малюнка», – часцяком тлумачыла яна. Ён не ўяўляў, што такое «густата малюнка», але пра Партугалію запомніў, бо ведаў, што такі падарунак Надзю неймаверна парадуе. Каб быць упэўненым, што фарбы дойдуць своечасова (ён не верыў абяцанкам ні UPS, ні DHL, што ўжо гаварыць пра «Польскую пошту»), Якуб гадзін пятнаццаць валокся цягніком з трыма перасадкамі на «Далёкі Усход» – так гэта назваў Вітальд, які не змог зразумець, як «дзеля нейкай там дзяўчыны можна гэтак надоўга звязацца з польскай чыгункай». Якуб нават не паспрабаваў яму растлумачыць, што Надзя для яго – не «нейкая там дзяўчына», бо ведаў, што не варта. Звычайна Віт уключаў спачатку іронію, потым сарказм і, толькі ўбачыўшы, што зачапіў нешта важнае, пераходзіў да здзіўлення і захаплення. Таму з Вітам трэба было пачакаць. Як гаварыла Марыка, «у Віткацы афектыўная біпалярка, ад сарказму да плаксівага замілавання ён часцей за ўсё даходзіць за пятнаццаць хвілін». Так было і тым разам. Менавіта Віт падвёз Якуба на вакзал, адкуль ён выправіўся на іншы канец Польшчы, у гарадок побач з Хелмам, каб асабіста атрымаць фарбы для Надзі. І гэта Віт чакаў уначы на пероне, калі Якуб з вялікай кардоннай скрынкай вярнуўся з «Далёкага Усходу».
Читать дальше