Не багослаўляць ён будзе вас, а праклінаць, бо вы кінулі яго ў прорву няшчасьцяў і сьлёз матчыных — заместа таго, каб пякіраваць на шлях адраджэньня і працы. На кожным кроку ляпечаце вы аб тым, што народ наш дзеліцца на варожыя клясы і павінен грызьціся паміж сабою, гаворыце, што хочаце злучыць Беларусь, а займаецеся тым, што ўсё і ўсюды беларускае дзеліце.
Так, вораг я ваш, але хацеў-бы, як беларус, ад усяе мае душы і гарачага сэрца, каб усе вы зразумелі, што ідзеце вы ня шляхам жыцьця, а шляхам сьмерці і не ў краіну сьветлае яснае будучыны, а ў краіну сьмерці вядзеце беларускі народ.
Іншыя газэты прашу перадрукаваць.
Вільня, 3.ХІ.27. М. Гурын.
Беларускі дзень №11(51), 25 сакавіка 1928 г.
Забойства М. Гурына.
У пятніцу 16 сакавіка, каля 11 гадзіны ўночы ў кавярні Тамашэвіча ў Вільні на Ягелонскай вул. ад кулі забойцы згінуў беларус, б. супрацоўнік "Беларускага Дня" Міхал Гурын.
Гэта ўжо другі раз стралялі да Гурына, першы замах улетку 1927 г., які меў месца ў Горадне, свае мэты не асягнуў — Гурын вылячыўся ад ран і пражыў яшчэ 1½ года.
З сумам і ў цяжкім настроі пішам гэтыя радкі. Як-бы не глядзець на асобу і дзейнасьць забітага, да якой-бы орыентацыі не належаць — адно мусіць прызнаць кожны беларус, што нейкія цёмныя сілы зацягнулі свае сеці над нашым жыцьцём, атруцілі яго бег і руйнуюць усе праявы асабістага, грамадзкага, культурнага і палітычнага беларускага жыцьця, марнуюць тое невялічкае нашае багацьце, якое маем, з радоў сьвядомых грамадзян, культурных работнікаў, вырываюць людзей і кідаюць іх у ахвяру таму чорнаму злому і антыграмадзкаму богу, які выслаў на нашую зямлю гэтыя цёмныя сілы.
Міхал Гурын — гэта такая ахвяра беларускага руху. Яшчэ не пара даць об'ектыўную ацэнку ягонае дзейнасьці, яшчэ занадта востра адчуваюцца галасы проці гэтае дзейнасьці і за яе прамаўляючыя, яшчэ чутны гук стрэлаў забойцы Гурына і сьвежая магільная зямля, дзе знайшла спакой гэтая ахвяра беларускага руху.
Адно можна сказаць — ува усіх беларусаў павінна заварушыцца сумленьне і вырваць з душы й сэрца крык протэсту і роспачы проціў тых цёмных сілаў, якія ўлажылі аружжа ў рукі забойцы, папхнулі яго да расправы з чужым, мо' нязнаным для яго чалавекам, вырваўшы з ягонага сэрца ўсё людзкое, вырвалі і самога забойцу з радоў жыцьцёвага, штодзённага змаганьня за праўду і долю шляхамі людзкое барацьбы, а ня зьверскае расправы.
Мы ня ведаем, ці забойца ёсьць беларусам, калі-ж так, то вывад з трагічнага морду яшчэ цяжэй, яшчэ сільней кладзе жах і сум на душу кожнага беларуса.
Міхал Гурын паявіўся ў радох беларускіх працаўнікоў пасьля вайны. Быў сябрам Камуністычнае Партыі і рэдактарам "Савецкай Беларусі" і, здольны публіцыстык відаць карыстаўся, поўным давер'ем камуністычных вярхоў, і яго як камуністага беларуса партыя выслала на нелегальную работу ў Заходнюю Беларусь.
Тут ён зьяўляўся відным працаўніком III інтэрнацыяналу, належаў да Цэнтральнага Камітэту КПЗБ і блізка быў знаёмы з мэтодамі працы камуністых на беларускіх землях. Але адно трэба сьцьвярдзіць, што Гурын быў заўсёды беларусам. Гэтая беларуская нацыянальная сьвядомасьць пакіравала ім, калі ў 1924 г. ён з другімі сябрамі падпольнае нелегальнае арганізацыі парывае з загадамі маскоўскага камуністычнага цэнтру і ўтварае групу сэцэсыяністых у радах КПЗБ. У свой час беларуская прэса прывітала сэцэсію ў КПЗБ, як пашырэньне беларускага нацыянальнага фронту. Сэцэсыяністыя з КПЗБ выхадам з яе запратэставалі проціў антыбеларускага характару дзейнасьці правадыроў камуністычнае нелегальнае работы на беларускіх землях. Гэты паступак Гурына сьведчыць аб яго адвазе і шчырасьці беларускага самасазнаньня. Ужо талы ён добра ведаў, што III-ці інтэрнацыянал, проціў загадаў якога выступіў Гурын, будзе старацца зьнішчыць яго. Мы ведаем, што менскія беларусы моральна і матар'яльна падтрымалі Гурына, як сэцэсыяністага, няздольныя там у Радавай Беларусі на гэткі крок. Аднак сэцэсія КПЗБ, пакіненая без дапамогі, не магла ўстаяць проціў націску справа і зьлева. Гурын апынуўся ў турме. I там той працэс, які пачаўся яшчэ задоўга перад арыштам, разьвіўся ў душы Гурына да канца. Ён ясна здаў сабе справу, што камуністычная. інтэрнацыянальная работа на беларускіх землях нішчыць малады і чысты беларускі рух у варунках палітычнага жыцьця пад Польшчай. Гэта было найглыбейшым перакананьнем Гурына.
Вышаўшы з турмы, Гурын шукае шляхоў як-бы зьвязаць беларускую работу з легальным дэмакратычным рухам у Польшчы. Ён носіцца з проектамі арганізацыі беларускае соцыялістычнае партыі, зьвязанае таварыскімі адносінамі з Польскай Соцыялістычнай партыяй. На шляху да гэтага творыць разам з беларускай групай эсэраў соцыялістычную групу. Пасьля паўстаньня "Беларускага Дня", супрацоўнічае ў ім аж да пачатку працэсу "Грамады". У сувязі з паказаньнем сьведкі Ясінскага, які выставіў Гурына ў ролі інфарматара аб дзейнасьці "Грамады" задоўга да яе ліквідацыі, сам Гурын адыходзіць ад супрацоўніцтва ў "Бел. Дні".
Читать дальше