А цяпер справа подкупу паслоў праз "Вялікага Містра".
Гданьская канфэрэнцыя і Гурын. Там, дзе хочацца перачыркнуць усю культурную здабычу чалавека, апошліць і пакрыць ганьбай яго жыцьцё, там трэба абапёрціся на доказах. I вось, зьяўляецца Гурын. Хачу даказаць, што тое, што казаў Гурын, было няпраўдай, бо праўдай быць не магло. Крыніца веды — Гурын — адзін толькі ведае аб канфэрэнцыі гданьскай. На пытаньне першае вагі — ці можна яму верыць — адказваю, што гэта такі сьведка, якому, хочучы астацца ў згодзе са сваім сумленьнем, верыць ня можна. Я не хачу тут займацца спрэчкай адносна асобы канфідэнта, але фатамі даказаць — кім быў Гурын. Ад 19.1.1925 года Гурын перастае быць у кантакце з камуністычнай партыяй, сам кажа, што згубіў з ёй сувязь. Ен-жа быў прадажнікам, рэнэгатам ад хвілі, як зрабіўся канфідэнтам паліцыі. I нічога ведаць ня мог. Скуль-жа ён, Гурын, рэнэгат, прадаўшык, выкінуты па-за абруб партыйнага жыцьця, мог ведаць аб спробах подкупу Тарашкевіча, аб складзе камуністычнае фракцыі ў "Грамадзе", аб тым, што Тарашкевіч быў у Гданску? Гэта, паны судзьдзі, толькі звычайная хлестакоўшчына і нічога больш.
А на пытаньне судзьдзі сьледчага, скуль пан гэта ведае, адказвае: ведаю гэта ад Тарашкевіча. Гэта адказ дзіўны. Ці ж Тарашкевіч ёсьць такім лёгкамысным, што ня вкдае, кім зьяўляецца Гурын у жыцці? Урэшце Гурын кажа, што ведае аб гэтым ад асобы, прозьвішча якой сказаць ня можа. Тыповы выкрут канфідэнта. А тут яшчэ гразяць даўгія гады вастрогу. Усё яго паказаньне — гэта інсынуацыя і лганьне. На гэтым можна з Гурыным скончыць — абвінавачаньне з арт. 110 адпадае разам з ім. Трэба жалець, што ён ня мог прыбыць на суд — бо спаткаў бы яго лёс Бабіча.
Іншыя сьведкі абвінавачаньня. Бабіч — гэта сьведка, які нічога не памятае. Мы стараліся звэрыфікаваць падаваныя праз яго факты, але ён нічога не памятаў. Не памятаў, як выглядаюць Мінскія Лашыцы, скуль уваходзіў у Крэмль, дзе жыў у Гданьску і Бэрліне. Гэта выяўленае лганьнё абурала нас усіх. Яго паказаньні пры стычнасьці з рэчавістасьцю рассыпаюцца, і на іх ня можна будаваць абвіненьня з арт. 102 Ч. II, і арт. 110 К. К.
Астаецца Кузьма ў расказе Капнэра. Але ў яго пісьмах ёсьць столькі глупстваў, што трудна ў гэта верыць. Трудна верыць, каб грошы на дывэрсыйныя банды атрымлівана праз Бел. Пас. Клюб, каб кс. Станкевіч быў пачтальёнам і даваў грошы Сымону Рудому, грошы ад "Вялікага Містра".
Гэта — доказы кантакту бел. паслоў з "Вялікім Містрам". Натарычныя ілгуны ня могуць быць філярамі абвіненьня і навет калі дадаць "Miłosć Polski". Ясна, што акт волі можа запоўніць вастрогі, але прыгавор ёсьць рэзультатам справядлівасьці, дзівам, што творыць справядлівасьць, але ня актам волі.
Р.-Міхайлоўскі і Тарашкевіч. Што датычыцца Рак-Міхайлоўскага, то яго інтэрвэнцыя ў справе канфіскату беларускае прэсы ня можа быць праступкам. Яго ўдзел у дэманстрацыі і яго інтэрвэнцыя ў гэтай справе ў прак. Штэймана, каб спыніць няшчасьце, якім зьяўляецца галадоўка, гэта становішча ляяльнага і мудрага грамадзяніна. Што гэтыя закіды маюць супольнага са сьпіскам, з 102 арт.? Ня толькі сьведкі з беларускага грамадзянства, але і з польскага схарактэрызавалі Р.-Міхайлоўскага, як чалавека, які імкнуўся да паразуменьня з Польшчай, палёнафіла. Гэта чалавек, які, калі для Польшчы ўжо згублены, дык трэба вельмі і вельмі жалець.
Што да Тарашкевіча, дык пяройдзем адразу да тых цяжкіх закідаў, як прадажнасьць, і кар'ерызм палітычны. Ці ж гэта кар'ера, што сядзіць у ваотрозе? Ці можа кар'еру яму хоча зрабіць пракурор, жадаючы даўгіх гадоў вастрогу? I чаму пракурор назваў яго "barbarzyńcem"? Ці можа таму, што да апошняга верша ператлумачыў на беларускую мову, седзючы ў турме, Іліяду? Ці можа таму, што прысваівае беларускай культуры "Пана Тадэўша"? Ці можа дзеля таго, што хоча ўвесьці лацінскую абацэду?
Чаму-ж затым пракурор назваў яго гэтак? Можа дзеля таго, што шукаў супольных шляхаў з Польшчай, што заўсёды кіраваўся на Захад? I ці ж ня было ніякіх шляхоў да паразуменьня, апрача вастрогу і працэсу? Ці не павінен тут прыйсьці акт вялікае палітыкі, вялікае творчасьці?
Успомніце, паны судзьдзі, што тут казалі Тугут, Касмоўская, Хамінскі. Свае вялікія сілы Тарашкевіч мог прынесьці Польшчы не як ахвяру, даніну, не як карны падданы, але на падставе раўнаважнае замены. Ня мог гэтага зрабіць, бо спатыкала яго з польскага боку дэмагогія, шавіністычная ненавісьць, трактаваньне, як грамадзяніна другой катэгорыі.
Роля мая скончана. Разумею, што пэўнасьцю ня вычарпана. Можна ліквідаваць сваіх палітычных праціўнікаў, калі дзяржаўныя інтарэсы гэтага вымагаюць, але ня можна ліквідаваць іх з помачу Суда бо тады, паны судзьдзі, акт справядлівасьці робіцца проста загадам ураду.
Читать дальше