Дзеяльнасьць "Грамады" праяўлялася і ў МОПР (Міжнар. Арг. Помачы Рэвал). Кіравалі ёй Валошын і Астроўскі, штабам быў Цэнтр. Сэкрэтар. Грамады. Грошы на помач вязьням палітычным ішлі вялікія і расходы на гэтую мэту не маглі быць пакрыты з дыет пасольскіх.
Адносна рэлігіі Грамада заняла адразу варожае становішча. Грамадавец Шынкевіч, вучань Астроўскага. зазначае, што "датуль будзе вясьці камуністычную працу, пакуль абраз Маткі Боскае Вострабрамскае ня будзе спалены". "Маланка" высьмявае сьв. Камунію. Абв. Валошын на мітынгу ў Кляшчэлях крычыць: "Прэч з ксяндзамі! Няма розьніцы паміж ксяндзом і паліцыянтам"!... Згодна з атрыманымі інструкцыямі, "Грамада" выступала варожа проціў камасацыі і падаткаў. Войты ня ведалі, што рабіць. Спакойныя сяляне зьвярталі ўвагу ва агітацыю: "Да чаго яна давядзе"?
Пасол Мятла захопліваецца тым, што бачыў ў Расеі. За прыкладам паслоў, гурток у Чорнай Руце пастанаўляе выслаць у Расею Кузьміча і Шарка дзеля навязаньня лучнасьці. Калі ўжо "Грамада" арганізавалася, праваднікі яе, ведаючы, што рэвалюцыю робіць натоўп, пастанаўляюць выкарыстаць яго. Робяць гэта ў Вільні і на паветах. У Вільні маем дэманстрацыю ў студзеню 1926 г., на правінцыі — у Косаве.
На грамадаўскую прэсу Рады давалі вялікія сумы, бо разумелі яе значэньне. Прэсай кіраваў Луцкевіч. У прэсе падкрэсьлівалася, што "Грамада" імкнецца да такога вырашэньня беларускага пытаньня, як гэта зроблена ў Радавай Расеі. Факт, што грошы на прэсу давалі Рады, пацьвярджае Гурын. Абв. Рак-Міхайлоўскі стараўся пераканаць, што выдаткі на прэсу пакрываліся даходамі. Але трэба верыць Гурыну.
Адносна Луцкевіча пракурор кажа, што ён кіраваў прэсай грамадаўскай. Пацьвярджаюць гэта сьведкі.
Луцкевіч — асабістасьць вельмі цікавая: ад паляка, шляхціца і да беларуса — палякажэрцы. Быў платным агентам нямецкім, пасьля-ж — платным агентам бальшавіцкім.
У канцы сваёй прамовы пракурор стараецца даказаць, што Луцкевіч праз увесь час прыймаў учасьце ў палітычным жыцьці.
Аб канфэрэнцыі ў Гданьску пракурор Раўзэ кажа пры зачыненых дзьвярох.
48-мы дзень працэсу Грамады.
Голас Працы №13, 26 траўня 1928.
У далейшым працягу прамаўляе прак. Раўза. Тактыка "Грамады", кажа ён, была знамянітая. Дэмагогія пацягнула шыбкае разьвіцьцё "Грамады". Усюды і ўсьцяж выступае квэстыя зямельная. Зямлю атрымаюць тыя, якія ўступяць у "Грамаду". Нідзе няма мовы аб незалежнасьці Беларусі. Паступ "Грамады" пацягнуў за сабой узрост крымінальных праступкаў наагул. На абшары толькі аднаго віленскага ваяводзтва было 1000 адміністрацыйных спраў.
Білі паліцыянтаў, выганялі іх, а яны не рэагавалі... бо нехацелі спляміць мундзіра(?!). Губляецца паняцьце, што можна і чаго ня можна. I нічога дзіўнага, што ўсе грамадзкія арганізацыі, пав. соймікі зьвяртаюцца да цэнтральных уладаў з мэмарыяламі аб патрэбе ліквідацыі "Грамады". Мне здаецца, што ня можна казаць, быццам з 14/15.I.27 г. зроблена гвалт. Гэта быў акт самаабароны са стараны дзяржавы.
Далей пракурор стараецца даказаць, што Тарашкевіч не зьўляецца ідэёўцам, але чалавекам кар'еры. Ен перакідваўся з аднаго абозу ў другі. Пачаткава быў паляком, пасля зрабіўся беларусам.
Кончыў сваю прамову прак. Раўзэ гэткімі славамі: "Адвечная трагэдыя Польшчы паўтараецца. Яшчэ не скадыфікаваў вялікі Карсыканец (Наполеон) здабычы рэвалюцыі, а ўжо ліквідавалі Польшчу перакупленыя праз пасланніцтва расейскае, паслы Рэчыпаспалітае. Высокі Суд відзіць цяпер бледны абраз Польшчы, на які гатовы кінуцца са штылетамі людзі. Я пазнаю іх — гэга абвінавачаныя. Трэба гэтую небясьпеку прыкрыць, як гэта зрабілі Грэкі з пекнымі статуямі сваіх багоў.
Пракурор дамагаецца ўкараньня абвінавачаных паводле 102 арт. ч. 2 К.К.
Мова пракурора Калапскага. Высокі Суд! Заданьнем маім зьяўляецца прадставіць антыдзяржаўную акцыю "Грамады" на абшары 4 ваяводзтваў. Паўстае пытаньне — чаму гэтая акцыя, пачатая легальнай "Грамадой", знайшла спачуваньне пасярод люднасьці і ў працягу кароткага часу лічыла аж 87 тыс. сваіх сяброў. Крыніцай гэтага зьяўляецца бальшавіцкая інвазыя 1920 г., калі люднасьці былі прышчэплены бальшавіцкія гаслы. Не здарма адзін выбітны камуніст сказаў: "Можа мы і адойдзем, але так трахнем, што Эўропа затрашчыць". Часы Гонты і Жалязьняка вяртаюцца, Паўтараюцца напады на двары, цягнікі і мястэчкі. Калі абарона граніц перайшла да КОР, то здавалася, што можна будзе адпачыць і пачаць рэалізаваць трактаты і ўставы, датычучыя нар. меншасьцяў у Польшчы. Але гэта ня сталася, бо перашкодзіла дзеяльнасьць "Грамады".
Читать дальше