Сьв. Ярош рабіў рэвізію ў абв. Ката Янкі і знайшоў чатыры адозвы камун., якія абв. Кот падняў на дарозе.
Эмігрант Картуша кажа, што грамадаўцы ня пушчалі яго на драм. рэпэтыцыі і сабраньні гурткоў, бо ня меў запросін. Сьв. Невэнглоускі кажа аб сабраньні ў вёсцы Аранчыцах, на якім прамаўляў абв. Патапчук. У гэтай прамове Патапчук казаў аб тым, што ў Польшчы замнога войска і паліцыі: няма бел. школаў, падпальваў слухачоў, каб ня слухалі валасных уладаў і часта зьвяртаўся да паліцыі з запытаньнямі, чаму яна перасьледуе "Грамаду", легальную партыю. Некаторыя сябры Грамады прызнаваліся, што Цэнтр. Сэкр. "Грамады" быццам атрымліваў грошы на арганізацыю з Расеі. Абв. Бурсэвіч прыслаў Патапчуку пісьмо, у якім казалася аб помачы з боку бальшавіцкага ГПУ.
Абв. Патапчук асьвядчае, што ніякага пісьма ад Бурсэвіча ён не атрымаў і што паказаньне сьведкі ёсьць ня праўдай.
Сьв. Жыткевіч і Скуркоўевіч кам. пал. У Валажанах нічога новага да справы ня ўносяць.
Сьв. Замковіч М. быў на сабраньні ў Аранжыцах, на якім прамаўляў абв. Патапчук. Аб тым, што ня трэба слухаць валасных уладаў і аб паўстаньні Патапчук нічога не казаў.
Сялянская Ніва №27(174), 25 красавіка 1928 г.
20-ты працэсу, 29 сакавіка. Дваццаты дзень быў прысьвечаны дзейнасьці "Грамады" ў Пружанскім павеце.
Пшад. Бэднарскі гаварыў аб дзейнасьці Патапчука, які на адным з мітынгаў меў прамову антыдзяржаўнага зьместу.
Пшад. Вржэсьня паўтарыў паказаньні Бэднарскага і дабавіў, што гаёвы Грошэк данёс яму, што ў лесе бачыў 4 уваружаных людзей. Будучы прыпадкам у памешканьні пастарунку Грошэк убачыў Патапчука і пазнаў у ім адну з тых 4 асобаў, якая пагражала яму.
Барушка, асуджаны за прыналежнасьць да КПЗБ, паказаў, што большасьць грамадоўцаў належала да КПЗБ.
Адчытана паказаньне адсутнага Чарноцкага, чыгуначнага інжынера. Чарноцкі добра знае сям'ю Астроўскіх. Р. Астроўскі — дробны земянін быў у ўнівэрсытэце, з якога аднак быў змушаны выйсьці. Пасьля вайны кіруе маёнткам Сьвянціцкага, але і тут жылося блага. Паправа быту Астроўскага заўважаецца ад распачацьця прац у Польска-Амэрыканскім Камітэце Помачы Дзецям. У гэтым-жа часе Астроўскі пачынае вясьці палітычную працу і жыве звыш свайго стану.
Праф. Петрусэвіч, абаронца Астроўскага, аказаў суду дакуманты, якія пярэчаць некаторым пунктам гэтага абвінавачаньня. Дакуманты суд далучыў да справы.
Паліц. Грабоўскі сьцвярджае, што пры рэвізіі ў Гурына знайшоў квітанцыі, выданыя МОПР-ам і што на адным з сабраньняў быў пабіты паліцыянт за тое, што ня зьняў шапкі падчас пяяньня беларускага нац. гімну.
Ярош — пры рэвізіі у Ката знайшоў чатыры адозвы КПЗБ.
Паліц. Невэнглоўскі ведае выпадак, калі, грамадоўцы хацелі пабіць солтыса за лёяльнасьць да ўраду. Сябры "Грамады" дзяліліся на пэўных, гатовых на ўсё, і няпэўных.
Паказаньні: Ягадзінскага і Люстыбэра ня цікавы.
21-шы дзень працэсу. 29.III.1928 г.
Голас Працы №3, 21 красавіка 1928.
Сьв. Дзялак Т. у траўні 1926 г. даведаўся аб нейкай тайнай арганізацыі на абшары Ваўкавыскага пав. Абв. Шкодзіч быццам меў упаважненьне закладаць гурткі. У сваіх прамовах Шкодзіч казаў аб стварэньні незалежнай Беларусі, аб патрэбе для белар. народу школ у роднай мове. З 12 гурткоў на абшары Падароскае вол., Ваўкав. пав. найнебесьпячнейшым быў гурток у в. Галышках, які дамагаўся адарваньня ад Польшчы.
Адв. Дурач: скуль пан мае гэтыя ведамасьці?
Сьв. — ад мяйсцовае люднасьці, прозьвішч ня памятаю.
Падчас рзвізіяў аружжа нідзе ня знойдзена. З бел. газэтаў, апрача грамадоўскіх, атрымоўваліся такжа "Бел. Крыніца" і "Сялянская Ніва".
Сьв. Мікуловіч знае Патоцкага ад малых гадоў, калі ён вучыўся ў Расеі і па сканчэньню школы застаўся вучыцелем. Ад мясцовае люднасьці чуў, што Патоцкі на сабраньнях гуртка казаў аб незалежнай Беларусі, аб сялянска-работн. урадзе, які ўтворыць большасьць народу, аб белар. школах. Другі ж абв. Шкодзіч — імкнуўся да зьдзяйсьненьня гэтых мэтаў шляхам паўстаньня. Дзеля арганізацыі паўстаньня часта езьдзіў у Вільню, у Цэнтр. Сэкр.
Абв. Шкодзіч свае паездкі ў Вільню тлумачыць тым, што ён адвозіў брата ў гімназію і ня раз падвозіў яму харчоў.
Сьв. Дробнін Антоні — кажа аб Шчыглінскім, як аб дужа актыўным дзеячу Грамады, які закладаў гурткі і ўтрымліваў нелегальна ў сваёй вёсцы бел. школу, за што быў пакараны 7 днямі арышту.
Абв. Шчыглінскі выясьняе справу са школай гэтак: 60 сялян іх вёскі напісалі просьбу да школьнага інспэктара аб адчыненьні бел. школы і выпаўнілі ўсе фармальнасьці. Інспэктар сказаў, што, пакуль адчыніцца ўрадавая бел. школа, можна вучыць прыватна і забраў з вёскі польскую вучыцельку. Шчыглінскі вучыў якраз адзін тыдзень і быў пакараны за нелегальнае арганізаваньне школы.
Читать дальше