Змяняўся з лютым сакавік
У згодзе ды ў дамове.
Завёўся неяк дамавік,
Завёўся ва ўстанове.
Смерць крытыканам-крыкунам
Ён лепшы выручальнік.
Сам ведаў,
Што абедаў нам,
А нам —
Што сніў начальнік.
Настаў спакой.
Навошта злосць!
Навіны ўсе прымалі
На самай зручнай
Што ні ёсць
Ультракароткай хвалі.
I так стараўся дамавік,
Адвык
Ад рэзкіх рухаў.
Знік
Цень яго,
Прапаў язык.
Маўчаў i толькі слухаў.
Віноўнікаў шукаць дарма!
Зацішша на выгодзе.
Паклёпнікі?
Такіх няма!
Ёсць дамавік, дый годзе.
Каму, як кажуць,
Па каму,
Каму па два нібыта.
Ды што казаць,
Калі,
Каму,
Аднойчы пераблытаў.
Перастараўся дамавік,
Як той каваль няўдалы,
Што звёў калісь лямех
на пшык,
I справа заняпала.
У гнева цяжкая рука,
Ён пасмяяцца рады,
i выгналі дамавіка,
Або знялі з пасады.
Што шаптуны?
Што маўчуны?
Бяда адміністрацыі!
Ішла зарплата i чыны.
i раптам —
Ён без працы!
Ён не спакойны тылавік,
Знаём з франтамі ўсімі.
Пакуль свабодны дамавік...
Хто
на пасаду
прыме?..
Слану ў цырку на час халадоў выдаецца літр гарэлкі.
З успамінаў былога даглядчыка
Цырк,
Вядома ўсім здаўна,
Быць не можа
Без слана.
Слон —
Галоўная персона,
Слон —
Заўсёды цвік сезона.
Па персоне —
Рацыён.
З апетытам слынным
Слон.
Цёпла ў Афрыцы яму,
Толькі ж слон —
Не Мішка белы.
Не пашыеш на зіму
Футра,
Каб. як лета, грэла.
Слон — персона,
А таму,
Гэта факт,
Не чуткі,—
Прапісалі на зіму
Літр гарэлкі ў суткі.
Што ж,
Разумнаму слану
Добра ведалі цану!
i аўтарытэт рос,
Вылятаў корак.
Сорак градусаў мароз,
I гарэлка — сорак!
Кожны дзень
Хістаўся слон.
I яно не дзіва,—
«Белая» не столькі тон
У бакі вадзіла.
Чуткі
Горш за злых варон
Каркаюць спрадвеку.
Паляцелa:
«Спіўся слон...»
Крыўдна недарэку.
І ў мароз,
І без марозу
Малаватай стала доза!
Як жа памагчы слану?
Што рабіць тут будзеш?
Як каня цыгану,
Ты слана не збудзеш.
А калі і збудзеш,
Дзе яшчэ набудзеш?
Не паклічаш на мясцком,—
Трэба ж перакладчык.
...Што так вечарам крадком
Стаў хадзіць даглядчык?
З папугаем цвеліцца,
Раніцою —
Хмеліцца.
Хобатам матляе слон
Ды вачыма лыпае.
Сам, напэўна,
Звыкся ён
З гэтакаю «ліпаю».
Хітра шчэрыцца адна
Злосная ваўчыца.
Пастанова ёсць:
Слана
Пасылаць лячыцца...
Не шукаў я спарышоў,
А балот, імшарын,
Аж пакуль цябе знайшоў —
Вельмі шмат абшарыў.
Ой ты, ягадка мая,
Ой ты, журавінка.
I якой жа цябе я
Напаткаў часінкай?
Спёку выцерпеў, імжу.
Мая баравая,
Анікому не скажу,
Дзе цябе сарваў я.
Вобраз твой з сабой насіў,
Сніў i ўдзень, i ўночы.
А цябе як раскусіў —
Аж заплюшчыў вочы...
Так пачалося гэта
(Што галаву ўжо вешаць!):
Быў вечар факультэта —
Сустрэча з курсам першым.
Адна ў душу запала...
На пасяджэннях потым
Успамінаў, бывала,
Ды ўздыхаў употай.
Заўсёды мала часу,
Баляць заўсёды ногі —
Быў старшынёю касы
Ўзаемадапамогі.
Бяда! —ўступаць у касу
Дзяўчына не спяшала.
Аднойчы з ёй спаткаўся,
Агітаваў з запалам.
Выказванняў дэкана
Працытаваў ёй шэраг.
Сказала нечакана:
— А мне пара вячэраць!..
Хвала грамадскай справе,
ТыМ, хто кіруе масай!
Дзяўчына неўзабаве
Усё ж стала членам касы.
Але няўмольным лёсам
Пастаўлена плаціна —
Нерэгулярна ўзносы
Яна заўжды плаціла.
На пасяджэнні клікаў
(А засядаў ён многа!),
Пытаў,
як на заліках
Выкладчык самы строгі:
— Дзе крыецца прычына
Такой пратэрміноўкі?
Ўсміхалася дзяўчына.
I так плаціла зноўку.
За вокнамі марозы
I снежныя заносы.
А ён заняты прозай —
Ўсё ведамасці,
ўзносы.
За вокнамі у белі
Стаяць —
як глянуць —
вішні.
Грыміць, пяе вяселле.
Дзяўчына замуж выйшла.
Эх, ведамасці,
ўзносы!
Астаўся хлопец з носам...
Дождж рунь спаласкаў,
Вяз
пакарабаціла.
Для мяне з Полацка
Ясь
прывёз пацеркі.
Рыжанькі, кірпаценькі
Любы Ясенька.
Іскрынкі-пацеркі
Павязаў пад ясенем.
Шыю мне апяклі
Пацеркі Ясевы.
Ад чаго, як жар, былі,
Не ведаю я сама,—
Ці ад палкіх губ,
Ці ад дужых рук.
Читать дальше