У загалоўку артыкула аўтар выступае СУПРАЦЬ выкарыстання гісторыі ў мэтах палітыкі, а ў тэксце артыкула надта агрэсіўна выступае за абавязковы разгляд гісторыі Беларусі ў старым, наскрозь палітызаваным на карысць расейскацэнтрычнаму імперскаму мысленню рэчышчы. У рэчышчы, як ён выказваецца, «гісторыі Айчыны» (прычым гэтай назваю называе не гісторыю Беларусі, у якой працуе, а гісторыю Расеі).
Сам аўтар артыкула з какецтвам піша, што «некоторые сомнения все же точат мою заскорузлую от консерватизма душу» ў той час, калі ён чытаў артыкул А. Грыцкевіча. В. Сураеў, мусіць спадзяецца, што яго кінуцца пераконваць у адваротным. Можа, хто і знойдзецца такі. Але гэта будзе чалавек з ліку тых, хто не здолее ўбачыць на самой справе закарэлых кансерватыўных думак В. Сураева накшталт сцверджання аб існаванні міфічнага «маларускага» народа, чыя гісторыя, як і гісторыя іншых «народаў-братоў» — беларускага і вялікарускага, паводле меркавання В. Сураева, «настолько переплелась, что делить ее на свою и чужую (…) значит, резать по живому». Зразумела, калі ведаць гісторыю ўкраінцаў і беларусаў па наскрозь дагматызаваных савецкіх ці царскіх падручніках, дык не ўбачыш у ёй нічога асобнага ад расейскай гісторыі, бо першая пададзена суцэльна з гледзішча другой.
Даволі дзіўна гучыць вышэйпрыведзенае сцверджанне гісторыка, які піша ў аўтарэфераце сваёй дысертацыі, што яе «теоретической и методологической основой являлись труды классиков марксизма-ленинизма» [123]. Чаму? Ды таму, што тыя ж класікі, на якіх ён спасылаецца ў дысертацыі, выказваліся, як і іншыя правадыры бальшавізму і складальнікі дакументаў ВКП(б) па пытанні аб Украіне, а не Маларосіі, што яе засяляюць не «маларосы», а ўкраінцы.
В. Сураеў прыпісвае свайму апаненту, нібыта той лічыць, што «факты надо подобрать по-новому, а использованные прежде не употреблять». На самой справе той казаў, што «выкладчыкі гісторыі не адышлі ад вядомай ідэалогіі і, яшчэ больш, ад трактоўкі і старога падбору фактаў для лекцый і семінарскіх заняткаў». Бачыце, як вытанчана перакруціў думку А. Грыцкевіча В. Сураеў. Тое-сёе пераставіў — і папрок апаненту гатовы.
В. Сураеву зусім недаспадобы патрабаванне апанента «оторвать изучение истории Беларуси от истории государства, частью которого она являлась». Гэта В. Сураеў лічыць «класічным прыкладам антыгістарызму».
Дзіўна, вельмі дзіўна. Адрывам вывучэння гісторыі краіны ад гісторыі імперыі, часткаю якой тая была, В. Сураеў лічыць толькі адмаўленне ад вывучэння гісторыі Беларусі разам з гісторыяй Расеі. Чаму ж ён сам і ягоныя шматлікія калегі вывучаюць гісторыю сваёй айчыны, якую і толькі якую ён называе «историей Отечества» (Беларусь для яго, зразумела, не айчына) у адрыве ад гісторыі Мангольскай імперыі і Залатой Арды? Ці ж яму не вядома, што тэрыторыя сучаснай Расеі знаходзілася пад мангола-татарскім ігам у складзе імперыі заваёўнікаў 240 гадоў. Гэта крыху большы тэрмін, чым знаходжанне Беларусі пад ігам Расейскай (пазней Савецкай) імперыі. Але тое, што В. Сураеў патрабуе ад іншых, згодна з ягонай бальшавіцкай маральнасцю, да сябе ён не прымяркоўвае.
У святле згаданага вышэй ужо не здзіўляе неўспрыняцце законнага патрабавання ягонага апанента А. Грыцкевіча стварыць нацыянальную канцэпцыю гісторыі Беларусі, такую, якая, напрыклад, стагоддзямі існуе ў Расеі. Сам В. Сураеў, робячы выгляд, што гэткай у Расеі няма, актыўна адстойвае яе, хоць для недасведчаных сцвярджае, нібыта «концепция не может быть белорусской, турецкой, русской и китайской, но только научной либо ненаучной». Вельмі цікава! Сваю канцэпцыю бальшавіцкі гісторык, вядома, лічыць сама навуковай, хоць яна — тыповая вялікадзяржаўная расейская.
Зразумела, паняцце «Отечество» выкладчык вайскова-палітычнай навучальні ў Менску В. Сураеў лічыць «понятием святым и вечным». Даволі метафізічнае меркаванне для шчырага паслядоўніка Маркса і Леніна. Згодна з марксісцкай і ленінскай тэорыяй, у пралетарыя няма айчыны, вечных і святых паняццяў не існуе, бо яны маюць свой абмежаваны сэнс. Каму ж гэта не вядома? Ці не той жа Ленін дыялектычна спачатку выступаў супраць манархічна-клерыкальнай трактоўкі паняцця сваёй айчыны ў часы Першай сусветнай вайны, але потым выступаў за іншае, сацыялістычнае яе паняцце. В. Сураеў не можа не ведаць гэтага, бо ягоная дысертацыя якраз прысвечана доказу вялікага ўплыву бальшавіцкай ідэалогіі на салдатаў Заходняга фронту ў гэты час. Дзіўна чуць такое ад гісторыка Першай сусветнай вайны. Асабліва калі В. Сураеў лічыць, што «считать, что до 1991 года (стыль аўтара захоўваю. — В. Г.) было одно Отечество — плохое, а после провозглашения суверенитета появилось другое — хорошее, кощунство».
Читать дальше