— уводзіць у свет вартасцяў, якія цэняцца ў калектыўным жыцці (аксіялагічная функцыя, ад слова «аксіялогія» — вучэнне аб вартасцях),
— рабіць магчымым карыстанне шматвяковай спадчынай культуры (культурная функцыя),
— забяспечваць асноўнымі «даследніцкімі» метадамі, якія робяць магчымым пошук праўды аб фактах грамадскага жыцця (даследніцкая функцыя),
— абуджаць цікавасць да свету, палягчаць яе задавальненне, даваць адпаведны інтэлектуальны занятак для тых, хто бачыць у гісторыі паратунак ад нудоты (забаўляльная функцыя).
СПОСАБЫ НАВУКОВАГА ГІСТАРЫЧНАГА МЫСЛЕННЯ
Сярод задач навучання гісторыі ў школе найбольш важным мне ўяўляецца прышчапленне моладзі асноваў навуковага гістарычнага мыслення. Хочацца падкрэсліць важнасць у гэтым менавіта навуковага мыслення, бо ёсць і іншыя формы гісторыі, якія ўплываюць на вучняў па-за школаю. Гэткія формы кіруюцца ўласнымі правіламі, якія маюць мала агульнага з патрабаваннямі навуковага мыслення. Як прыклад можна прывесці гутаркавую, побытавую, размоўную гісторыю, якая прасякнута міфамі і стэрэатыпамі.
І ў гэтым раздзеле, як і ў папярэднім, мною выкарыстаны пэўныя думкі польскага метадолага гісторыі Я. Матэрніцкага.
Паводле меркавання Я. Матэрніцкага, можна вылучыць шэсць асноўных спосабаў навуковага гістарычнага мыслення: дынамізм, глабалізм, номатэтызм, актывізм, генетызм і ўніверсалізм [40].
Дынамічнае мысленне. Чалавек, які мысліць дынамічна, усведамляе магчымасць зменаў і, дзейнічаючы, бярэ пад увагу сфармаваную сітуацыю. Чым лепшая гістарычная адукацыя, тым больш адэкватнае гістарычнае мысленне і тым больш дынамічнае дзеянне. Толькі грамадства, якое можа мысліць дынамічна, падрыхтавана да перспектыўнасці мыслення, бо яно можа ставіць перад сабою смелыя задачы і паслядоўна іх рэалізоўваць.
Глабальнае мысленне. Другая якасць гістарычнага мыслення — гэта ягоная інтэгральнасць, ці глабальнасць. Глабальнае мысленне ёсць адной з асноўных умоваў ацэнкі сітуацыі ў грамадскім жыцці і эфектыўнасці дзеяння.
Сярод усіх грамадскіх навук адна гісторыя (а не марксісцка-ленінская імітацыя філасофіі, як вучылі нас пакаленне за пакаленнем) мае сваім прадметам усе бакі жыцця грамадства. Толькі яна паводле характару свайго прадмета можа стварыць аб'яднальны пункт гледжання на разважанні пра мінулае. Гісторыя дае магчымасць кантакту з усімі формамі жыцця грамадства і мінулага: з дзеяннем палітычным, гаспадарчым, культурна-мастацкім ды іншым.
Гэта мае ўплыў на разуменне сучаснага сацыяльнага жыцця. Людзі, што мысляць гістарычна, а гэта значыць глабальна, бачаць повязі між рознымі бакамі сучаснага грамадскага жыцця, лепей разумеюць ягоную абумоўленасць, патрэбы, а таксама магчымасць далейшага развіцця.
Номатэтычнае мысленне. Номатэтызм гістарычнага мыслення (ад грэцкага «номас» — закон) азначае разуменне гістарычнай зменлівасці і яе механізму, разуменне заканамернасцяў гістарычнага працэсу як правільнага. Гэтая якасць дае магчымасць зразумець складаныя механізмы развіцця гісторыі.
Дзякуючы сваёй канкрэтнасці, гісторыя ёсць найлепшымі ўводзінамі да разумення складаных механізмаў грамадскага жыцця. Важна зразумець гістарычную зменлівасць. Трэба ўлічваць, што жалезных законаў гісторыі няма. «Единственно верного учения» (як іранічна акрэсліў камуністычнае вучэнне А. Салжаніцын) не існуе, бо кожная філасофія гісторыі зыходзіць не ад гісторыкаў-прафесіяналаў, а навязваецца ім звонку, не адлюстроўваючы аб'ектыўных заканамернасцяў. Яны маюць пярэсты характар, але глабальных заканамернасцяў не існуюць увогуле.
Гісторыя можа навучыць лепей разумець розныя абумоўленасці сучаснасці, сярод якіх навука і шырокае распаўсюджанне культуры займаюць істотнае месца. Разуменне складанасці гістарычных працэсаў можа палегчыць трапную ацэнку сучасных магчымасцяў і патрэбаў будучыні. Моладзь беспасярэдне, але з дапамогаю гісторыі, зможа ўбачыць, колькі намаганняў асобаў і групаў, колькі гадоў няўдзячнай працы патрабавалася для стварэння новых каштоўнасцяў. Яна здолее ўбачыць, як шмат задумаў, у перспектыве часу прызнаных простымі, узнікала ў атмасферы варожасці і неразумення. Можа быць, разуменне гэтых працэсаў зробіць яе больш уражлівай да сучасных праблем культуры і вяртання паўнавартаснасці сэнсу працы. Дзякуючы пазнаванню мінулага сённяшні чалавек можа выпрацаваць у сябе «гістарычнае пачуццё», якое дазваляе разумець зачыненыя для іншых механізмы, што фармуюць грамадства.
Читать дальше