Укаранілася перакананне, што навучанне гісторыі складаецца галоўным чынам з пераказвання вучням ведаў пра мінулае, пра гістарычныя падзеі. Гісторыю атаесамляюць тут з гістарычнымі ведамі. Такі спосаб разумення гісторыі адмоўна ўплывае на навучанне прадмета, бо надае яму надта аднабаковы, амаль чыста фактаграфічны характар.
Мне б хацелася выказацца за шырэйшае разуменне гісторыі і гістарычнай адукацыі. У паняцце «гістарычная навука» змяшчае не толькі збор фактаграфічных сцверджанняў рознага роўню ці нават абагульненняў, але таксама, а можа і перадусім, акрэсленую даследніцкую працэдуру, якую ўжываюць гісторыкі, і ўласцівы ім спосаб разумення грамадскіх з'яваў. Пры навучанні гісторыі нам трэба не толькі забяспечыць вучняў навуковымі ведамі пра мінулае, але таксама, а можа больш за ўсё, вучыць навуковаму гістарычнаму мысленню і знаёміць з элементарнымі даследніцкімі працэдурамі, якія даюць магчымасць пошуку праўды пра чалавека і грамадскі працэс.
Прыняцце такога гледзішча грунтоўна змяніла б цяперашні погляд на змест і характар школьнага навучання гісторыі. Аднабаковая арыентацыя на «фактаграфію», на эрудыцыю абмежавала інтэлектуальныя каштоўнасці гістарычнай адукацыі, прывяла да значнага яе спрашчэння. Патрабуючы рабіць большы націск на развіццё гістарычнага мыслення вучняў, на азнаямленне іх прынамсі з некаторымі даследніцкімі працэдурамі гісторыі, мы не адмаўляем цалам патрабаванні пераказваць веды аб значных гістарычных падзеях і з'явах. «Грунтоўныя» гістарычныя веды, аднак, не могуць вычэрпваць мэты школьнага навучання гісторыі, якія павінны таксама ўлічваць шырокую гаму ўменняў, неабходных чалавеку для жыцця ў «свеце з гісторыяй», гэта значыць з гістарычнай культурай.
Мэты навучання гісторыі можна падзяліць на дзве катэгорыі: пачатковыя, ці асноўныя, да нейкай меры аўтаномныя, і другасныя, інструментальныя. Гэтыя назовы досыць умоўныя, і ня трэба надаваць ім надта вялікую вартасць.
Мэты асноўныя, аўтаномныя ― навучаць моладзь жыць у «свеце з гісторыяй». Справа ідзе не пра падрыхтоўку ў школе гісторыкаў, а пра прышчапленне моладзі «гістарычнага пачуцця», пра падвядзенне саліднага падмурку пад яе гістарычную культуру і рацыянальную гістарычную сведамасць. Малады чалавек мае зараз магчымасць знаёміцца са шматлікімі сродкамі гістарычнай інфармацыі, няраз сутыкаецца з рознага роду няпраўдай і паўпраўдай, знаёміцца з гістарычнымі міфамі і легендамі. Ён часта атрымлівае некарэктныя гістарычныя веды, якія паўсюль вакол яго. Не заўсёды моладзь патрапіць дастасаваць гістарычныя веды, якімі яна валодае, і здабытае раней уменне гістарычнага мыслення для аналізу сучасных палітычных ці гаспадарчых з'яваў. Школа мусіць навучыць гэтаму, інакш яна не здолее выканаць задання падрыхтоўкі моладзі да свядомага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці.
Так мы падышлі да другасных, інструментальных мэтаў гістарычнай адукацыі. Тут ад яе патрабуецца шмат чаго.
Урокі гісторыі павінны развіваць у моладзі дапытлівасць і крытычнасць, вучыць яе палітычнаму мысленню, узмацняць пачуццё патрыятызму, абуджаць прыхільнасць да такіх вартасцяў, як справядлівасць, дэмакратыя і г. д. Спіс другасных мэтаў невычарпальны. Гэта задачы, якія прымаюцца паўсюль. Мы далёкія ад таго, каб прынізіць іхнае значэнне, залічваючы да другасных мэтаў. Робіцца гэта пераважна дзеля таго, што іх крыніца знаходзіцца звонку «свету гісторыі», гэта значыць гістарычнай культуры.
Аднак тут істотнае значэнне мае іншае. Мэты другаснныя, інструментальныя, рэалізаваныя многімі іншымі прадметамі школьнай адукацыі, процілеглыя мэтам асноўным, аўтаномным, рэалізаваным выключна ў працэсе навучання гісторыі.
Дыдактыкі гісторыі мусяць вылучаць гэтыя мэты навучання, якія маюць спецыфічны, непаўторны, асаблівы характар. Гісторыя ў школе мусіць служыць падрыхтоўцы моладзі да зменлівага жыцця, поўнага разнастайных ускладненняў. Мы мусім гарманізаваць нацыянальную парадыгму з іншымі патрабаваннямі сучаснага свету, такімі, як цывілізацыйнае развіццё, прагрэс у сферы арганізацыі калектыўнага жыцця, гаспадаркі, культуры і г. д. Зараз гаворка пра тое, каб моладзь мела шырока расплюшчаныя на свет вочы, разумела перамены, што адбываюцца ў ім, хацела і магла будаваць лепшую будучыню для сябе і свайго краю.
Грамадскую функцыю гісторыі можна было б акрэсліць наступным чынам. Гэты прадмет павінны:
— даваць інтэлектуальныя прылады, неабходныя для лепшага разумення грамадскага жыцця і пераменаў, якія ў ім адбываюцца (метадалагічная функцыя),
Читать дальше