Дэфармаванымі сталіся ўсе прынцыпы нармальнай дзейнасці навуковай супольнасці. Яна ж здольная паспяхова функцыянаваць толькі пры перадачы ад пакалення да пакалення непарушных каштоўнасцяў, якія ствараюць каранёвую сістэму навуковай творчасці. У склад гэтых каштоўнасцяў уваходзяць незалежнасць ад ідэалагічных стэрэатыпаў, пошук ісціны, «дыялагізм» як гутарка розумаў, якія не атручаныя бояззю ўлады (у супрацьлегласць «маналагізму» — дыктату аднаго «голасу» і ягоных падпявалаў).
Можна пагадзіцца з гісторыкам навукі Э. І. Калчынскім, які сцвярджае, што:
• недапушчальная манапалізацыя якой-небудзь адзінай філасофскай сістэмы,
• навука павінна быць свабодная ад адміністрацыйных метадаў кіравання,
• навука адзіная, яна не дзеліцца па класах, краінах ці нацыянальнасцях,
• усялякая спроба надаць дыскусіі палітычны характар сведчыць пра слабасць навуковай аргументацыі,
• актыўная прапаганда практычнай значнасці сваіх даследванняў, як правіла, зыходзіць ад тых, хто не мае тэарэтычных і фактычных доказаў сваіх пабудоваў,
• значнасць той ці іншай навуковай канцэпцыі даказваецца не ў нутраных дыскусіях, а ў шырокай апрабацыі яе на сусветным рынку навуковых ідэяў і канцэпцый [32].
А як жа зараз быць тым, хто вылучыўся ў гістарычнай навуцы Беларусі ў выніку трывалага яе рэпрэсавання, усплыў на паверхню афіцыйнага навуковага істэблішмэнту па заслугах не ў даследчай працы (маецца на ўвазе сапраўдная даследніцкая праца свабоднага мыслення) — як жа ім зараз даводзіцца?
Аб іх можна сказаць тымі словамі, якімі Аркадзь Белінкоў яшчэ ў 1969–1971 гадах сказаў пра Юрыя Алешу, што той «атрымаў апраменьванне хуткабежнымі канцэпцыямі, якія яшчэ за пяць хвілін да сваёй пагібелі лічыліся вечнымі, непарушнымі, напахіснымі, бясспрэчнымі.
Калі б ён ведаў, што на свеце ўсё так хутка змяняецца!
Я ўпэўнены, што калі б ён (і не адзін ён!) гэта ведаў, то ніколі б так не рабіў. Але ці ж людзі здольныя прадбачыць, каго заўтра будуць хваліць, каго ганіць»? [33]
Здаецца, што памянёных гісторыкаў можна толькі пашкадаваць за зроблены імі выбар між дабром і ліхам. І раней іхная навуковая творчасць мела попыт не ў шырокага чытача, а ў ідэалагічных супрацоўнікаў ЦК КПБ. Канкрэтныя чытачы, бадай, і не цікавілі аўтараў, якія стваралі дысертацыі і кнігі, поўныя маны. Ці не пра гэта пісала Л. Гінзбург: «В психологическом выражении — жизнь на два душевных дома, и переживается она не как дурное — лицемерие, обман, а как своего рода правила игры в двух разных играх. Когда-то, помню, это поразило меня при общении с молодыми писателями 30-х годов (мы были воспитаны иначе). Они же вовсе не чувствовали себя обманщиками. Они просто знали, что литература — это такая область, вступая в которую, нужно врать. Это было свойством, профессиональной принадлежностью данного рода деятельности. Позднее появилась теория, что в официальной сфере моральные нормы заранее сняты (такое условие), а для частной жизни они остаются. Теория эта должна была помочь жить и выжить.
Не помогла» [34].
Зусім не дзіўна, што гэтыя гісторыкі не зважалі на крытыку на іхны адрас са старонак «ЛіМа», «Полымя», «Советского славяноведения», кнігі «З гісторыяй на «Вы». (Яны трывала сядзяць на сваіх пасадах. І будуць трымацца, пакуль існуе стары апарат улады.) Бо калі б яны паспрабавалі нешта абгрунтавана адказаць (падкрэсліваю — абгрунтавана, зыходзячы з аналізу, а не падбору крыніц, не на загадзя зададзеных умовах), то адразу адкрылася б іхная прафесійная непадрыхтаванасць, некарэктныя спасылкі на тыя даследванні, што ляжаць у аснове іхных поглядаў, ці ў лепшым выпадку адзінкавых і штучна адабраных і старанна прэпараваных цытат з адзінкавых крыніцаў, інфармацыя якіх не адпавядае інфармацыі комплексаў іншых крыніцаў.
Можна прадбачыць і проста перакручванне фактаў (дарэчы, даволі традыцыйнае для камуністычнае прапаганды), прыпісванне апанентам таго, чаго яны не казалі, і іншыя элементы з набору сафістычных «аргументаў».
Дарэчы тут працытаваць словы статыстыка Ф. Гальтана, якія прыводзіць Піцірым Сарокін: «Наша раса застаецца сутнасна рабскай. Паводле сваёй прыроды мы схільныя слепа верыць у тое, што любім, а не ў тое, што найбольш ісціннае. Прыпадабняючыся дзікунам, якія ўжываюць зброю, калі місіянер разбівае іхныя фетышы, мы абураемся, калі іншыя даследуюць нашых ідалаў і беспакарана крытыкуюць іх. Шчаслівыя тыя, хто з дзяцінства прывучаецца да думкі, што навуковае даследванне можа быць абсалютна свабодным, не будучы непачцівым, што павага да ісціны ёсць бацькам свабодных доследаў, а фальсіфікацыя ісціны — найвялікшы смяротны грэх».
Читать дальше