Цікава было б раней выдаць падборку гэтых працаў Маркса, Энгельса, Леніна ці вытрымак з іх пад назовам «Беларуская марксіяна-ленініяна» (накшталт «Бразільскай бахіяны» Э. Віла-Лобаса). Але сёння такая задумка здаецца ўжо неактуальнай.
Мысленне комплексамі спалучалася з вобразам ворага. Галоўным жа ворагам для гісторыкаў ды іншых байцоў (а дакладней, стралкоў) ідэалагічнага фронту ў Беларусі быў беларускі нацыяналізм.
Гісторыкаў Беларусі прызвычаілі да таго, што калі яны набралі пэўную колькасць фактаў і далі ім абагульненне («обобщение»), дык гэта і ёсць сапраўдная навука. Але ніхто з іх не звярнуў увагі на адсутнасць тэорыі і методыкі гістарыяграфічнага (у тым ліку крыніцазнаўчага) даследвання. А без яго немагчымы якасны рух наперад. Пакаленні гісторыкаў выхоўваліся без абавязковай для іх веды тэорыі і методыкі прафесійнай працы.
І гэта нягледзячы на тое, што заснавальнік вышэйшай гістарычнай адукацыі ў Беларусі У. Пічэта ў 20-х гадах, як значна пазней ягоны вучань М. Улашчык у 70-х гадах, распрацоўвае пытанні апісальнага крыніцазнаўства і гістарыяграфіі! Праўду кажучы, А. Ігнаценка (1965) у Беларускім універсітэце працягнуў працу У. Пічэты, але ў ягоным дапаможніку па крыніцазнаўстве і гістарыяграфіі, на жаль, няма сучаснай класіфікацыі крыніц, а з гістарычных працаў адвольна адабраныя толькі асобныя працы на расейскай і беларускай мовах, што не дало магчымасці аўтару адлюстраваць хоць бы на прыкладах усё багацце і разнастайнасць гістарыяграфіі Беларусі.
Галоўнаю ўмоваю і адначасова асноўным механізмам рэпрэсаванай навукі і навукоўцаў было адзяржаўленне і падпарадкаванне навукі дыктату акадэмій, у нашым выпадку Акадэміі навук БССР. Галоўнай зброяй дзяржаўнага кантролю была ўсеабдымная ідэалагізацыя і палітызацыя навукі. Галоўнай задачай рэпрэсаванай навукі было прывядзенне навуковай супольнасці да адзінадумства. Пры гэтым выкарыстоўваліся: кантроль над тэматыкай навуковых даследванняў і планаванне навукова-даследчай работы, потым знішчэнне шляхоў распаўсюджвання «іншай думкі» — «вертыкальных», г. зн. змена праграмаў выкладання ў ВНУ і планаў падрыхтоўкі аспірантаў, «гарызантальных», г. зн. змена складу рэдкалегій часопісаў і выдавецтваў. І нарэшце, звальненне супрацоўнікаў і закрыццё (рэарганізацыя) навуковых установаў.
Выкарыстоўваўся фетышызаваны аўтарытэт «карыфея навукі» ў якасці аднаго з асноўных відаў зброі задушэння. Характэрным было змяненне зместу аргументаў, якія ўжывалі для «навуковай» крытыкі іншадумцаў. Спасылка на «скажэнне ідэяў заснавальніка», застаючыся па форме апеляцыяй да «класіка», па сутнасці пераўтваралася ў апеляцыю да «гарадавога» — данос аб палітычнай нядобранадзейнасці.
Адстойванне ідэяў «карыфея» набывала не навуковы, а палітычны характар. Пры гэтым не выконвалася правіла «Не капай іншаму яму, сам трапіш у яе». Навуковец, які пераступаў цераз нормы навуковай і агульначалавечай этыкі, не быў застрахаваны ад таго, што ў дачыненні да яго гэтыя нормы таксама не будуць захоўвацца.
Так склаўся таталітарны ленінскі, сталінскі і паслясталінскі спосаб кіравання ўсімі грамадскімі працэсамі, які стаў праекцыяй стэрэатыпу, што вызначаў кожныя іншыя палітычныя рашэнні таталітарнай эпохі. Вынікам гэтага стала глабальная дэфармацыя маральных асноваў навуковай супольнасці.
Вернемся да трапных характарыстык Л. Гінзбург, якая магла назіраць гэтакае становішча ў Ленінградзе:
«Люди большого напора, направленные вовне (экстраверты), направленные на овладение и властвование, неотвратимо влеклись в стан побеждающих. Тщеславие, честолюбие, потребность в комфорте, разные другие свойства определяли градации поведения. Решающим определителем была также бездарность, потому что бездарность порождала безоглядность. Только талантливые люди могли крутиться так, чтобы сквозь формулу у них просвечивала какая-то суть. Крутились вокруг нее, во всяком случае, все пытавшиеся осуществиться. Это было первичным условием, а градацию можно было выбрать. Очень важно. Градация определяла ценность осуществляемого и цену вознаграждения — от жирного пирога до пайка нищеты» [26].
Як лічыць гісторык навукі М. Крамянцоў, шырока распаўсюджаны міф аб правядзенні рэпрэсій выключна па ўказцы «зверху» павінны быць адкінуты [27]. Указанні і ўхваленні цэнтральным апаратам часта спадарожнічалі, а не папярэднічалі ініцыятыве «знізу».
Маштабныя рэпрэсіі, як і ўсе іншыя сацыяльна значныя захады, заўсёды абапіраюцца на інтарэсы пэўнай дастаткова шырокай групы асобаў, а часта і натхняюцца ёю. Пры гэтым кожны ўдзельнік рэпрэсіўных падзеяў, як правіла, дбае пра ўласную, часта вельмі карыслівую мэту (пасада, званне, прэмія і г.д.) [7] У атмасферы агульнага маральнага заняпаду руйнаваліся такія формы арганізацыі супольнай працы і ўзгадавання талентаў, як навуковыя школы. Прыклад: вучань У. Пічэты М. Улашчык змог працаваць пад навуковым кіраўніцтвам свайго былога выкладчыка па Беларускім універсітэце толькі тады, калі абодва пасля рэпрэсій сустрэліся ў фактычнай эміграцыі з Беларусі — у Маскве. У Менску ім не дадзена было супрацоўнічаць.
.
Читать дальше