Сучасніца падзей 1930-1980-х гадоў у гуманітарных навуках літаратуразнавец з Пецярбурга Лідзія Гінзбург пісала, што ў гэтых умовах «гуманитарная интеллигенция, занятая собою, самонадеянная и безрассудная, думала смутно: так себе, неотесанные парни… (пра тых, хто яе граміў у 1949 г. — В. Г.). А там шла между ними своя внутренняя жизнь — к ней никто не считал нужным присмотреться — исполненная злобы и вожделений. Интеллигенты думали сквозь туман: ну, при всей неотесанности, они не могут не понимать, что науку делают образованные люди. Эту аксиому пришлось как-нибудь признать.
Доверие к непризнанной аксиоме погубило многих. Своевременно не угадавших, что люди 49-го не были самотеком, но людьми системы, которая, включив гуманитарию в свой идеологический механизм, меньше всего нуждается в ее научной продукции.
(…). Люди фланировали над бездной, кишевшей придавленными самолюбиями. Пробил час — они вышли из бездны. Проработчики жили рядом, но все их увидели впервые — осатаневших, обезумевших от комплекса неполноценности, от зависти к профессорским красным мебелям и машинам, от ненависти к интеллектуализму, от мстительного восторга… увидели вырвавшихся, дорвавшихся, растоптавших» [20].
Міжволі напрошваецца параўнанне «навуковых» дыскусіяў сталінскіх часоў з «тэхнікай» арганізацыі працэсаў, на якіх тым, каго падазравалі ў палітычнай нелаяльнасці, інкрыміраваліся шкодніцтва, шпіянаж, тэрарыстычныя акты. Уся розніца ў тым, што «тэхніка» пераносілася з падвалаў НКВД у сферу дачыненняў між навукоўцамі.
МАРАЛЬНЫЯ ВЫНІКІ РЭПРЭСІЙ
Юрий Олеша стал бояться не лжи, а неприятностей.
Он пересматривал концепцию не потому, что она была ложной, но потому, что она становилась опасной.
Истина в эти годы как-то сразу перестала интересовать Юрия Олешу, если из-за нее могли быть неприятности. Такая истина была плохой, вредной и никому не нужной, с ней просто не стоило связываться.
А. Белинков
Глыбокую душэўную траўму нанёс «розум, гонар и сумленне эпохі» савецкаму народу і ў тым ліку навукоўцам. У іх з'явіліся спецыфічныя, «савецкія» рысы, якія саветолаг А. Аўтарханаў пералічвае ў сваёй працы «Імперыя Крамля»:
— абсалютная апатыя да духоўных пошукаў,
— атрафія ўсялякага грамадзянскага пачуцця і грамадзянскай годнасці,
— панічная прыхільнасць да страху перад начальствам,
— рабская пакора самым дзікім актам самавольства рэжыму,
— геніяльная палітычная крывадушнасць і мэтанакіраваная хлусня як сродак самазахавання,
— абагаўленне ўласных катаў як вялікіх мудрацоў, асуджэнне іхных ахвяраў як вылюдкаў роду чалавечага.
Гэтыя рысы нарадзілі масавую псіхалогію маўклівых рабоў [21]. Рабоў у жыцці, у палітыцы, навуцы, у тым ліку і ў гістарычнай навуцы.
Фальшывае разуменне самабытнасці расейскай навукі, якое адлюстроўвала сталінскія ўстаноўкі, спрычынялася да надта небяспечнага адрыву яе ад сусветнай навукі.
Ідэі марксізму набывалі дагматызаваныя формы. Асноўная бяда яго, паводле меркавання польскага тэарэтыка гісторыі Е. Тапольскага, у тым, што Маркс быў інтэрпрэтаваны па-пазітывісцку, у рамках канцэпцыі стадый гістарычнага развіцця. Ягоныя паслядоўнікі ўзялі з канцэпцыі Маркса толькі тое, што датычыла ідэалогіі. Але канцэпцыя Маркса глыбейшая за ідэалогію. Яна была глабальнай, бо амаль уся гістарыяграфія ХХ стагоддзя дапаўняла або карэктавала яе. Без Маркса не было філасофіі гісторыі ані нямецкага гісторыёсафа Макса Вэбэра, ані славутых французскіх тэарэтыкаў гістарычных ведаў Марка Блока і Люсьена Фэўра [22].
Але навуковая гісторыя, як было даведзена вышэй, не можа быць працягам ідэалогіі. Пераўтварэнне марксісцкай навукі ў дзяржаўную канцэпцыю было для яе згубным. У шматлікіх сацыялістычных краінах гэта прывяло да страты агульнай мовы з сусветнай гістарыяграфіяй. Да гістарычных ды іншых гуманітарных ведаў цалкам можна аднесці тое, што сказаў А. Камю пра літаратуру: «У краінах з таталітарным рэжымам літаратура гіне не толькі з прычыны, што яна адрэзана ад іншых літаратур. Кожны мастак, ад якога хаваюць рэальнасць ва ўсёй паўніні, становіцца калекам» [23].
Дагматызацыя марксізму вяла да таго, што ягоныя дагматызаваныя формы былі няздольнымі прадуктыўна ўздзейнічаць на творчую актыўнасць навукоўцаў, бо паралізавалі яе пагрозай адступлення ад прадпісанняў і заклінанняў «папоў марксісцкага прыходу» — партыйных функцыянераў, якія вызначалі, што пісаць і як пісаць.
Читать дальше