Замест навуковых школаў узнікалі кланы. Рабілася гэта пры падтрымцы партыйнага апарату. Захоплівалася адміністрацыйная ўлада ў навуковых установах. Напрыклад, на пасадах дырэктараў інстытутаў гісторыі Акадэміі навук БССР і гісторыі КПБ мяняліся жонка намесніка старшыні Савета Міністраў БССР і былы гарадскі пракурор у 1948–1950 гадах (а потым сакратар гаркама партыі ў 1958–1960 гадах) [8] Н. В. Каменская (1913–1986) і І.М.Ігнаценка (нар. 1919).
.
«Рэспубліка навукоўцаў» ператваралася ў феадальна-бюракратычную структуру з няспыннымі звадкамі, інтрыгамі, барацьбою за лепшае месца ў навуковай герархіі, за званне члена-карэспандэнта ці акадэміка.
Калі б дыскутавалі па прынцыповых пытаннях, то гэта можна было б зразумець, але проста сварыліся, нібыта на камунальнай кухні — з палітычнымі абвінавачваннямі, абавязковымі скаргамі ў ЦК КПБ і ў іншыя камітэты.
З'явілася процьма кандыдатаў і дактароў гістарычных навук, якія абаранілі дысертацыі па такіх, напрыклад, тэмах, як «Укрепление и развитие совхозов. Из опыта Компартии Белоруссии по руководству совхозным строительством», «Партийные организации села. Направления, формы и методы работы», «Движущая сила коммунистического строительства», «Социалистическое соревнование ИТР и служащих», «Демократические принципы и общественные начала в работе Советов. На материалах Белоруссии (1961–1984 гг.)», «Повышение роли первичных организаций партии. На материалах Компартии Белоруссии», «Действенность партийного контроля. Из опыта работы Компартии Белоруссии» і г. д. [28]
І вось за такія рытуальныя заклінанні, нібыта пры скоках вакол шаманскага вогнішча, даваліся навуковыя ступені. Першым жа, хто ў Беларусі асудзіў гэта, быў не гісторык. Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч разглядзеў кнігу У. Міхнюка і П. Петрыкава «Историческая наука Белорусской ССР: 80-е годы» і знайшоў там, што «крупные актуальные проблемы истории Советской Белоруссии и Компартии республики после XXVI съезда КПСС исследованы в 13 докторских диссертациях» [29].
Галоўную бяду гэтых дысертацый Н. Гілевіч убачыў у спекулятыўным падыходзе, «які ёсць не што іншае, як прафанацыя гістарычнай навукі…» Бо тэмы такіх дысертацый, якія, як правіла, выдаваліся ў выглядзе манаграфій, былі, паводле ягонага меркавання, «звычайнымі тэмамі звычайных рабочых дакладаў на паседжанні гарсавета ці, можа, нават і Саўміна… Але — прычым жа тут навука гісторыя?.. Ну, гэта ўжо як хто разумее. «Отметим, — чытаеш далей (піша Н. Гілевіч, цытуючы згаданую вышэй кнігу «Историческая наука Белорусской ССР»), — что эти труды в полном соответствии с требованиями ВАК СССР являются самостоятельными исследованиями, в которых осуществлено теоретическое обобщение и решение крупных проблем исторической науки». Так што — ніякіх жартаў».
Горкую выснову зрабіў Н. Гілевіч з гэтага: «Такія пісаліся даследванні, такія рыхтаваліся кадры вучоных. На вачах усяго грамадства, на ўзроўні здзеку не толькі з навукі, але і з усякага здаровага сэнсу, ішла прафанацыя навуковай дзейнасці» [30].
Сорамна за сябе, за іншых гісторыкаў, якія не страцілі прафесійнага сумлення, за тое, што мы не адважыліся сказаць гэтакае [9] Праўда, супраць асобных праяваў гэтай прафанацыі ўздымалі голас Мікола Ўлашчык, Мікола Алексютовіч, а таксама Анатоль Грыцкевіч, Мікола Ермаловіч, Генадзь Кісялёў, Адам Мальдзіс, Арсень Ліс і некаторыя іншыя.
, сказаць, што кароль голы. Не сказалі дзеля боязі. І апраўданнем ня можа быць тое, што мы рабілі так, як казаў некаторым з нас старэйшы сябар Аляксей Анішчык, які паспытаў сталінскага лагера. Ён казаў, што не трэба чапаць таго, чаго не патрэбна, а трэба рабіць сваю нефантомную навуку, простую, будзённую, чорную, неўдзячную працу — падмурак для адраджэння гуманітарнай навукі і культуры, якую можа рабіць той, хто пазбегне размолу ў шасцярэньках таталітарнай рэпрэсіўнай машыны.
Дарэчы, і легенду пра Стахора Мітковіча як нібыта правадыра класавай барацьбы магілеўскіх месцічаў першым зняпраўдзіў не гісторык, а пісьменнік Максім Лужанін.
Акадэмік Ю. Рыжоў сказаў, што «на працягу дзесяцігоддзяў мы мелі (і ў значнай частцы маем сёння) безынтэлектульнае, паўпісьменнае кіраўніцтва з комплексам непаўнавартасці — і таму з пагардаю да інтэлекту. Інтэлект не запатрабуецца кіраўніцтвам, а ўслед і грамадствам» [31].
Тое, што замест дыскусіі, як неадлучнай ад вытворчасці ведаў формы творчых дачыненняў, навуковую супольнасць запаланілі псеўдадыскусіі — судзілішчы для расправы з іншадумцамі, спусташала кадравы патэнцыял навукі, тармазіла яе прагрэс, разбэшчвала маладыя розумы. Жудасную шкоду зрабілі не толькі тэорыі і методыцы гістарычнай навукі, але і педагагічнай практыцы. Таму гісторыя Беларусі была бязмежна засацыялагізаваная, падпарадкаваная шматслоўным апрыёрным схемам, пры якіх рэальныя факты знікалі за сфальшываным, але быццам раз назаўсёды пастаўленым фасадам. Гэтым былі зведзеныя на нішто тыя кнігі з гісторыі Беларусі, у якіх рабіліся спробы разгледзець мінулае рознабакова, бо іхных аўтараў абвінавачвалі ў «нацдэмаўшчыне» ці «нацыяналістычных ухілах».
Читать дальше