Другой было далейшае самаўзвышэнне і самасцверджанне з дапамогаю пазанавуковых сродкаў уласнай асобы як найвышэйшага суддзі ва ўсіх пытаннях культуры, улучаючы навуку, дзеля таго каб запанавала аднолькавасць, аднастайнасць, абавязковае для ўсіх тлумачэнне з'яваў грамадства і прыроды, якое б знаходзілася пад кантролем партыйна-бюракратычнага апарату.
Пачаліся навуковыя паводле формы, але антынавуковыя паводле сутнасці дыскусіі. У Беларусі квінтэсэнцыя ўсіх гэтых дыскусій была змешчаная ў кнізе дырэктара Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР В. Шчарбакова «Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі» (Менск, 1932).
У кнізе В. Шчарбакова можна знайсці суворую крытыку «перакручванняў» гісторыі з боку беларускіх нацыяналістаў, вялікадзяржаўных шавіністаў, бундаўскіх, сіянісцкіх, трацкісцкіх інтэрпрэтацый гісторыі. Можна сказаць, што гэтая кніга была юрыдычным абвінавачваннем асноўным кадрам гістарычнай навукі Беларусі. Сама цікавае, што яе змест амаль без зменаў характарыстык лёг у аснову аднаго з трох раздзелаў манаграфіі сучаснага гісторыка У. Міхнюка «Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии» (1919–1941 гг.) (Менск, 1985) з сімптаматычным назовам «Идейно-теоретическая борьба в исторической науке и становление ее марксистско-ленинской методологии». А Шчарбакоў у кнізе характарызуецца як гісторык, які «ў гістарычнай навуцы займаў цвёрдыя партыйныя пазіцыі і актыўна змагаўся супраць апартунізму і перакручванняў марксізму-ленінізму» [18].
Той факт, што сам Шчарбакоў трапіў у косцедрабільны механізм той пякельнай машыны, часцінкай якой быў, і загінуў пад час рэпрэсій, нічога не мяняе.
Пасля Шчарбакова на полі ідэйнай барацьбы супраць «ворагаў» у гістарычнай навуцы Беларусі добра працавалі ягоныя ідэйныя пераемнікі К. Шабуня, Л. Абэцэдарскі, А. Залескі і іншыя.
У 8-м нумары часопіса «Бальшавік Беларусі» за 1948 год былі надрукаваныя «Тэзісы аб асноўных пытаннях гісторыі БССР (частка першая)», складзеныя калектывам аўтараў на чале з К. Шабунем. Л. Абэцэдарскі, выкарыстаўшы «Тэзісы», развіў іх у тую сістэму, якая лепей за ўсё адлюстравалася ў ягонай брашуры «У святле неабвержных фактаў» (Менск, 1969). (Гэтая праца была перавыдадзеная па-расейску ў вядомым сваёй ідэалагічнай накіраванасцю і адначасова двухсэнсоўным назовам выданні ЦК КПБ «Дары данайцев» (Менск, 1987) як зброя для барацьбы супраць руху за незалежнасць і чалавечую годнасць.)
Потым надышлі часы, калі Л. Абэцэдарскі разам з В. Яфрэмавай, Я. Карнейчыкам, К. Шабунем даў адмоўную ацэнку «Нашай Ніве» ў № 5 «Коммуниста Белоруссии» за 1963 год, а пасля таго ён жа з іншымі паплечнікамі ў 1966 годзе выступіў супраць тэорыі беларускага характару Вялікага Княства Літоўскага. У 1974 годзе зноў жа супраць гэтай тэорыі выступалі І. Ігнаценка, З. Капыскі, а ў 1973 годзе быў забаронены сімпозіум па праблеме беларускага этнагенезу. Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў дакладзе П. Машэрава на ХIII пленуме ЦК КПБ «Аб далейшым павышэнні дзейснасці ідэйна-палітычнай работы ў святле рашэнняў XXIV з'езда КПСС». Першы сакратар ЦК КПБ наракаў на «адгалоскі пазакласавага аб'ектывізму» ў некаторых беларускіх гісторыкаў. Хапала яшчэ такіх выступаў, якія трымалі ў надзейных цуглях гуманітарныя веды Беларусі.
Ва ўсіх такіх дыскусіях і спрэчках культываваўся стыль «чорна-белага» мыслення. Адзін бок разглядаўся як «чорны», другі як «белы». Тых, каго далучалі да першага, трэба было ачарняць і выкрываць як ідэйных ворагаў. Тыя ж, хто выступаў у ролі выкрывальнікаў, былі апрыёрна правымі. Тым самым удзельнікі дыскусій пачаткова ставіліся ў няроўнае становішча. Дачыненні між імі нагадвалі судзілішча, у якім адны гралі ролю абвінавачаных, другія — абвінаваўцаў. Становішча тых, хто трапіў у «чорны спіс», станавілася трагічным. Ім даводзілася або каяцца, або, захоўваючы свае перакананні, станавіцца ахвярамі дыскрымінацыі, адміністрацыйных рэпрэсій, што пазбаўляла кавалка хлеба.
Гэта толькі ў Італіі адзінаццаць прафесараў з тысячы двухсот пяцідзесяці знайшлі ў сабе мужнасць 8 кастрычніка 1931 года адмовіцца ад прысягі на вернасць фашысцкаму рэжыму. Ніхто з іх не быў арыштаваны, абмежаваліся толькі тым, што іх звольнілі з універсітэтаў [19]. Але яны маглі існаваць на даходы ад сваёй прыватнай маёмасці. Іхныя імёны зараз пералічваюцца ў школьных падручніках.
А што казаць пра савецкіх навукоўцаў, якія, як і іншыя месцічы ў савецкай бальшавіцкай імперыі, не мелі свайго ўласнага дома? Яны ж былі ў такім разе асуджаныя на галодную смерць. Ці ж не такое галоднае існаванне напаткала Міхаіла Зошчанку пасля ягонага асуджэння Жданавым?
Читать дальше