Толькі з упадкам камунізму мы вярнуліся ў свет гісторыі. Гэта можа гучаць дзіўна, бо, уласна кажучы, марксізм быў аглядам гістарычнага свету, пабудаваным на разуменні чалавека, якія ўпісваўся ў гістарычны працэс, і на дэтэрмінізме, які гэтым працэсам кіруе. Але калі камунізм стаў панавальным і адзіна слушным светапоглядам, ён увёў сапраўдную феадальную стабільнасць, затрымаў гісторыю.
Яшчэ павінна адбыцца апошняя, канчатковая барацьба між злодзеямі памяці і абкраданымі імі нацыямі, грамадствамі і асобамі.
РЭПРЭСІІ Ў НАВУЦЫ. ЯК РЭПРЭСАВАЛАСЯ НАВУКА
У выпадках, калі выключаюцца дыскусіі, пачынаюцца рэпрэсіі.
А. Белінкоў
Кому быть живым и хвалимым,
Кто должен быть мёртв и хулим,
Известно у нас подхалимам
Влиятельным только одним.
Не знал бы никто, может статься,
В почете ли Пушкин иль нет,
Без докторских их диссертаций,
На всё проливающих свет.
Б. Пастернак
Масы беларусаў на працягу дзесяцігоддзяў выхоўваліся ідэалагічнай машынай «у святле вядучага значэння класавай барацьбы» і неадлучнасці лёсу свайго краю ад лёсу ўсходняга суседа. А што ж спецыялісты гісторыкі — ці ж яны не ведалі праўды пра мінулае, ці ж яны не маглі неяк паспрабаваць давесці яе да шырокіх колаў?
Уся справа ў тым, што між чытачамі і сапраўднымі ведамі пра мінулае знаходзіліся не гісторыкі Беларусі, а гісторыкі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Яны выхоўваліся самі і метадычна выхоўвалі іншых у міфалагічным кірунку. Рабілася гэта дзесяцігоддзямі.
Каб такое адбылося, спатрэбілася беспрэцэдэнтная ў гісторыі чалавецтва праца — стварэнне феномена рэпрэсаванай навукі. Аб'ектам рэпрэсій пры таталітарным рэжыме сталася навуковая супольнасць у цэлым, ягоная ментальнасць, ягонае жыццё ва ўсіх праявах. Адны навуковыя дысцыпліны — генетыка, педалогія — забараняліся, другія дэфармаваліся, трэція — асабліва гісторыя і філасофія — скажаліся [10].
Навуковая супольнасць пад уздзеяннем ідэалагічнага дыктату перажыла глыбокую дэфармацыю. Бальшыня навукоўцаў падпарадкавалася партыйна-бюракратычнаму дыктату, захоўваючы, з аднаго боку, успрымальнасць да голасу навуковага сумлення, а з другога, вымушаная жыць з расшчэпленай свядомасцю, падвойнай мараллю.
Гістарыяграфія (гістарычная навука), якая заклікана сумленна адлюстроўваць падзеі мінулага, ператварылася ў кампанент рэпрэсаванай навукі. Атручаная ленінізмам-сталінізмам гістарыяграфія не магла адэкватна рэканструяваць мінулае. Між тым, як вядома, веды пра мінулае служаць абавязковаю ўмоваю разумення таго, адкуль мы ўзяліся і з чым належыць ісці ў будучыню.
Адміністрацыйна-карныя захады былі (ці не ўпершыню?) ужытыя да іншадумцаў, якія не рабілі ўчынкаў, накіраваных на гвалтоўнае звяржэнне тагачаснага ладу, у верасні 1922 года. Тады болей за сотню навукоўцаў-гуманітарыяў былі высланыя з Савецкай Расеі за мяжу.
Звычайна пры гэтым цытаваўся надрукаваны ў Поўным зборы твораў У. І. Леніна ліст Ф. Э. Дзяржынскаму за 10 траўня 1922 года, у якім Ленін прадстаўлены як чалавек, які прапануе абмеркаваць усе «захады падрыхтоўкі да іхнай высылкі». Вядома, высылка — гэта не турма, не лагер, не расстрэл. Але калі ўдумацца, то ці магчыма такое ў цывілізаваным свеце толькі за іншадумства, за тое, што навукоўцы выказвалі свае навуковыя, а не палітычныя разважанні аб новым савецкім ладзе, разглядалі яго з навуковых, а не палітычных бакоў?
Для нецывілізаванага ж свету высылка, як і рэпрэсіі і нават пагібель асобаў, якія самастойна мысляць, наканаваная, бо таталітарызм у прынцыпе выкараняе інтэлігенцыю, як сілу, здольную да крытычнага творчага мыслення («рознадумнасці») і да незалежнай творчай ролі.
Ленін не быў бы самым сабою, калі б абмежаваўся гэтакім стаўленнем да тых, каго высылалі. Бо ён як увасабленне радыкальнай часткі расейскіх марксістаў быў вытокам татальнай ідэалагічнай неталерантнасці. Ён зрабіў сваім улюбёным дзіцём ЧК і здолеў пераканаць партыю ў тым, што амаральнасць, калі яна ў інтарэсах справы, можа быць «маральнай». Ягоны вучань С. І. Гусеў на XIV з'ездзе партыі казаў:
«Ленин нас когда-то учил, что каждый член партии должен быть агентом ЧК, то есть смотреть и доносить… Можно быть прекрасными друзьями, но раз мы начинаем расходиться в политике, мы вынуждены не только рвать нашу дружбу, но идти дальше — идти на доносительство» [11].
Перад разгонам Устаноўчага Сходу адна з кіраўнікоў левых эсэраў М. Спірыдонава прыгадала ў размове з Леніным пра мараль. Той, згодна з успамінамі левага эсэра, пазней пісьменніка С. Мсціслаўскага, «узняў бровы: «Маралі ў палітыцы няма, а ёсць толькі мэтазгоднасць» [12].
Читать дальше