Мы мелі (і зараз маем) такіх неінтэлігентных, неадукаваных правадыроў, што горшых можна было адшукаць, бадай, толькі ва Ўгандзе, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы ці на Гаіці. Новы кіраўнічы клас паступова стаў арганічна аднародным, убогім знізу даверху з той пары, калі былі знішчаныя больш-менш здольныя і адукаваныя бальшавіцкія кадры.
Ніхто ніколі не пераканае мяне ў тым, што слесар чыгуначнага дэпо, тэхнік па будаўніцтве мастоў ці краўчыха з «Чырвонага Кастрычніка», якія б яны ні былі здольныя самародкі, не атрымаўшы нармальнай, а не партыйнай адукацыі, маглі кваліфікавана кіраваць палітыкай і эканомікай цэлай рэспублікі, а то і Саюза. А вось задушыць славянскую «Пражскую вясну» — якраз было пад сілу такім кадрам [3] Дарэчы, гэтым задушэннем кіраваў славянін Кірыла Мазураў.
.
Культурны ўзровень падобных кіраўнікоў мы ўбачылі на свае вочы, калі пачалі назіраць фігуру Хрушчова на тэлеэкране і слухаць ягоныя бясконцыя прамовы па радыё. Тады знікла таямніца, якой прыкрываўся Сталін. А яшчэ Вялікі інквізітар у Дастаеўскага наказваў кіраваць, абапіраючыся на цуд, таямніцу і аўтарытэт.
Найвышэйшы розум сістэмы ніяк не дасягаў узроўню, прыдатнага да вырашэння гістарычных задач. Гэта не выпадковасць, а заканамерны вынік развіцця.
Кіраўнічы пласт ні палітычна, ні інтэлектуальна не быў здольным вырвацца з таго кола, якое сам ён і абвёў вакол сябе. Ён быў засяроджаны на адной мэце і патрабаваў задавальнення сваіх нястрыманых, маніякальных патрэбнасцяў. Аднатэматычнасць, зашоранасць з гадамі прыводзілі прадстаўнікоў гэтага пласта да адрыву ад рэчаіснасці. Падобна наркаману, якому штодня патрабуецца пэўная доза наркотыку, камуністычныя палітыкі рэгулярна ўпырсквалі сабе новыя порцыі свайго палітыканства. Тыя, хто быў здольны зразумець існы стан рэчаў, знішчаўся, абвяшчаўся ворагам менавіта за гэта.
Грамадства было даведзенае да нізкага роўню ведаў (якія кіраўнікі, такія й падначаленыя, і наадварот), да абмежаванасці бачання свету, каб лягчэй было кіраваць. Для людзей не існавала іншага свету, апроч таго, у якім яны нарадзіліся. Іх не выпускалі за межы краіны. У свядомасці такіх людзей лёгка насадзіць стэрэатыпы, спрошчанае бачанне свету без духоўных каштоўнасцяў.
Спачатку знішчалі тых, хто ствараў такія каштоўнасці. Потым тых, хто ведаў ім цану і ведаў, што менавіта знішчаныя раней людзі іх стваралі. Калі страчвалася здольнасць да ацэнак, тады ніхто ўжо не разумеў, што ён рабіў, гэта і завецца барбарствам.
Мэтаю сістэмы быў усеагульны кантроль за дзейнасцю і думкамі людзей. Парушыліся ўзаемадачыненні чалавека з часам. Чалавек пры гэтым траціў арыентацыю і разгубляўся.
Вобраз мінулага дэфармаваўся з гледзішча палітычных і ідэалагічных патрэбнасцяў. Тым болей што свядомасць фармуюць не толькі гісторыкі (якія дапамагалі містыфікаваць гісторыю), але і пісьменнікі і публіцысты, ідэолагі і палітыкі, агітатары і прапагандысты, якія карысталіся набыткам прэпараванай гістарычнай навукі ў духу сваіх уяўленняў.
Як пісаў гісторык А. Некрыч, партыйная ўстаноўка палягала ў тым, каб стварыць новую калектыўную памяць народа, дашчэнту выкінуць успаміны пра тое, што адбывалася ў рэчаіснасці, выкінуць з гісторыі ўсё, што не адпавядае ці проста зняпраўджвае гістарычныя прэтэнзіі камуністычнай партыі.
Гэтая ўстаноўка галосна нідзе не выказвалася. У мафіёзных структурах, а, згодна з назіраннем Густава Герлінг-Грудзіньскага, партыя адпавядала такой структуры, рашэнні апранаюцца ў імглістую форму, не фармулююцца выразна. Таму нікога з завадатараў схапіць за руку нельга. Падпарадкаваны сам адгадвае думкі свайго шэфа, ніколі не выказаныя напрасткі.
А вынік? Нацыя, якая страчвае памяць, страчвае сумленне. Злачынствы, учыненыя грамадству, застаюцца непакаранымі.
Ачыстка калектыўнай памяці праводзілася перш за ўсё шляхам фізічнага знішчэння жывых сведкаў гісторыі. Сістэматычны тэрор знішчыў паслойна інтэлігенцыю — захавальніцу народнай памяці, улучаючы ўсіх прадстаўнікоў буржуазных партый. За імі пайшлі эсэры, потым марксісты-меншавікі і ўрэшце марксісты-бальшавікі.
Пасля гэтага пачаліся рэгулярныя чысткі сярод новага пакалення гуманітарыяў. І кожны раз народ пазбаўлялі ад часткі ягонай калектыўнай памяці, ад часткі ягонай гісторыі. Замест гэтага насаджалася памяць пра тое, чаго на самой справе не было, — штучная памяць [9].
Мінулае ці адмянялі, ці вярталі, і чалавека пакідала бачанне ў ім трывалай апоры. Улада спыняла час, бо рух часу таіў у сабе перамены. У чалавека кралі час і памяць. Было ўсё роўна, што гаварылася, што абяцалі яшчэ ўчора. Хлусня станавілася непакаральнаю. Адсутнасць памяці адкрывала перад хлуснёю шырокае поле дзейнасці.
Читать дальше