Ён падзякаваў, паклікаў за сабой Дзіка. Той неахвотна пабег, азіраючыся на Кацю.
— Бачыш, нават сабакі мяне любяць!
Нейкі папрок прагучаў у яе голасе, але Антон змоўчаў, таму што папрок адносіўся да таго, аб чым гаварыць яны не маглі. I ўсё-ткі Каця пераступіла тую забарону:
— А чаму ты... ты мяне не любіш?!
— Не трэба,— прамармытаў ён, памкнуўшыся ўстаць. Але яна сама паднялася, заступіла дарогу, кінула рукі на плечы, наблізіла твар:
— Паедзем адсюль, Антон, міленькі! Паедзем! Абмяняю сваю палову, у любы горад паеду, абы з табой!
Было цёмна, і твар яе бледным паўкругам уставаў над чарнатою паліто — твар, які ён столькі разоў накрываў пацалункамі, дзе ведаў, здаецца, кожную клетачку... Ад яе патыхала нейкімі духамі,— у іх адчувалася горыч раздаўденых хрызантэм,— Каціным цяплом, гэткім жа знаёмым, як кожны яе рух, кожная інтанацыя ў звонкім, шчабятлівым голасе! Ён з сілай адвёў яе рукі, прагаварыў хрыпла:
— Позна ўжо. Пойдзем.
— I зноў як не чуў! Зноў як быццам нічога не гаварыла! Скажы хаця нешта!
— Столькі ўжо гаворана.
— О, я ненавіджу яе! Яна ўсё нам перакрэсліла! Няхай бы яна памерла!
Яна адпусціла яго плечы, закрыла твар рукамі, затрэслася ў плачы.
Антон моўчкі сядзеў, працяты болем і гневам. Калісьці за гэтыя словы аб маці ён ударыў Кацю — яна адляцела ў кут, ударылася, і ў вачах яе заіскрыўся жах, а ён таропка, як уцякаючы, пайшоў з дому, і кожны крок адклікаўся ў галаве тым жа тупым, раздзіраючым болем, як і цяпер...
— Замаўчы.
— Ты зноў пачні гаварыць мне пра абавязак, пра цярпенне! Пра дабрыню! — Каця адняла рукі ад твару, і словы яе секлі, сцябалі, нібы пугай.— Восем гадоў ты ёй служыш! Восем гадоў, якія яна забрала ў мяне!
Словы біліся ў ім — біліся таксама балюча, словы суцяшэння. Калі яна не ведала, што такое шкадаванне, цярпенне, ёй варта было спагадаць. I біліся таксама словы гневу — не захацела анічым паступацца, патрабавала ўсяго яго, не пакідаючы болей нікому і нічому! Але ён зноў маўчаў — усё, што маглі сказаць словы, было толькі бледным адбіткам таго, што бушавала ў ім, што душыла і што немагчыма было бясконца паўтараць, таму што яно не даходзіла да яе душы. Тое, чым ён жыў,— змаганне са смерцю, з нерухомасцю, было ў Каціных вачах глупствам. Ён дзівіўся з таго, што яна можа жыць толькі сваім каханнем, не думаючы ані пра тых, хто побач. Было нешта страшнае і ў тым, што такія ж словы — пра неразумнасць яго, пра тое, як легка было б яму, калі б памерла маці,— ён чуў і ад іншых.
Антону ўвогуле здавалася, што ў апошнія гады як бы нешта гублялася ў навакольным жыцці — меней спагадалі адзін аднаму, болей гаварылі пра. дабрабыт, падрабязна пералічвалі рэчы, якія купляліся, забываючы запытацца пра здароўе... Тое, што Каця хацела судзіцца з маці і айчымам, жахнула яго. Але за апошнія гады на вуліцы, дзе ўсе ведалі адзін аднаго, некалькі разоў судзіліся — дзеці з бацькамі, нявесткі са свякрухамі — з-за метраў жылплошчы, за дываны ці сумы на ашчадкніжках.
Ён глытнуў цяжкі камяк.
— Маўчыш, усё маўчыш! Гэткі ціхі мужычок-маўчальнік, ты...— яна захлынулася абразлівымі словамі, а ён усё болей шкадаваў жонку. Раздаўся грукат, і далёка ў небе ўзляцеў букет рознакаляровых агнёў, што асвяціў парк, Каціну постаць, заплаканы твар і растрапаныя валасы, што з-пад шапкі рассыпаліся па плячах. Ён пацягнуўся, каб паправіць яе валасы, але яна адхінулася, выкрыкнула самае злоснае, несправядлівае. Паляцела на зямлю банка, белыя пластмасавыя кубачкі. Ён пацягнуўся за імі, але Каця імкліва тупнула нагой, пасля зноў. Затрашчала пластмаса, белы аскабалак вылецеў з-пад абцаса. I тады ён падняўся і цяжка пабрыў прэч, а рознакаляровыя букеты ўсё ўзляталі, і з розных бакоў парку, там, дзе пачыналіся асветленыя вуліцы, былі чуваць маладыя крыкі: «ура», пасля яшчэ, яшчэ... Парк асвятляўся зялёным, сінім, чырвоным, самі панурыя ствалы таполяў, здаецца, выпрасталі худыя спіны, а ён ішоў, машынальна адзначаючы толькі, як мякка, раздаўлена чвякала пад нагамі мешаніна лістоты і вільгаці, бо брыў напрасткі, не разбіраючы дарогі. У вачах стаяў той вечар, калі Каця, бледная, з ценямі вакол вачэй, заявіла яму, хутаючы плечы ў цёплы пуховы шалік:
— Я болей не магу... Гэта катарга. Яна ўсё роўна памрэ, нашто ж ты выцягваеш душу і мне і сабе?!
Тады, у першыя месяцы, было сапраўды цяжка спраўляцца з нерухомым целам маці, бачыць неразумны яе погляд, што праясняўся часамі і ненадоўга, карміць з лыжачкі, рабіць мноства чорнай, непрыкметнай работы, якая цяпер была звыклай I ўжо не такой пякельнай. Ён разумеў Кацю: маці была для яе чужой — амаль чужой. Самому ж пераступіць праз сябе Антон не змог бы. Ён ведаў: здарылася б што з Кацяй — гэтак бы ўпарта і штодзённа глядзоў бы і за ёй, бо і яна была — родны чалавек, родны, крэўны, на якога распаўсюджваліся законы сям'і... Маці вырасціла яго адна — не, не адна, з дзедам, сваім бацькам, бо ўласны Антонаў бацька загінуў пры нейкім выбуху на ТЭЦ, дзе быў качагарам. Але заўсёды з ім, у ім, было гэтае адчуванне сям'і, крэўнасці, абавязку. I Каця не змагла прымусіць яго жыць па-іншаму...
Читать дальше