За імі спалены масты,
I сцежка даўняя глушэе,
Крышталь адвечнай мерзлаты
Аздобіў брацкую траншэю.
Яе карэнні аплялі
I дол сціскае невыносны.
Каторы год на той зямлі
Гайдаюцца над імі сосны.
А я жыву. I вось ізноў
Гляджу, як з клёна лісце льецца.
Паклічу ў госці ўсіх сяброў,
Хоць i ніхто не азавецца.
Пабачылі б яны хаця
Наш новы дзень, i свет зялёны,
I вернутыя з забыцця
Святых пакутнікаў імёны.
Я шукаю цябе, маладосць,
Я гукаю цябе, маладосць.
Дзе ты ёсць? Дзе ты ёсць?
Маладосць адказала:
«Заляцеў ты ў сіло,
I таму маладосці ў цябе не было.
Юнаком згаладалым
З палескіх дарог
Пехатою прыйшоў
I прабіцца ты змог
Да натхнёнай работы,
Да шчырых сяброў,
Аж кіпела у жылах юначая кроў,
Ды на ўзлёце цябе
Захліснула сіло.
I таму маладосці ў цябе не было.
Незваротную сцежку
Да роднае хаты
Засланілі надоўга
Іржавыя краты.
У вялікім натоўпе ты быў адзінокі...
Замаўкалі штодзённа пакутнікаў крокі.
Ты ў дарозе лічыў
За вялікае шчасце
Не прыстаць, не спыніцца,
Каб толькі не ўпасці,
Дапаўзці да парогa,
Зваліцца на нары
I яшчэ ўратавацца
Ад новае кары.
Ты пачаў забываць,
Кім ты быў, хто ты ёсць,
Як цябе абмінула твая маладосць.
Ты не бачыў радні,
Hi вясновых садоў
Дзевятнаццаць гадоў,
Дзевятнаццаць гадоў!
I таму адзінокі,
Стамлёны, нясмелы
Ты з юнацтва вярнуўся
Дамоў пасівелы.
Вочы засцілі слёзы,
Завея i дым.
Кім ты толькі ні быў?
Ды не быў маладым.
Мабыць, добра цяпер
I самому відно:
Маладыя цябе перагналі даўно.
Нават будні для ix — урачыстыя святы,
A здабыткі твае
Больш падобны на страты.
Адыходзяць усе, як часовыя госці.
Нe шукай i дарэмна пе кліч маладосці.
Паглядзі: падрастае надзейная змена.
Ты шчаслівы, што век дажываеш сумленна».
Звалілася бяда, нібыта камень:
Мяне мой друг пакінуў без сяброў,
I мне здалося,— белымі вянкамі
Укрылася спакойнае Дняпро.
Нa Беларусі — яблыневы снежань,
I салавей спакою не дае,
Дзяўчаты на пясчаных узбярэжжах
Спяваюць песні першыя твае.
На Беларусі — месячный ночы
Засыплюць срэбрам цёмныя сады,
A маці i варожыць, i прарочыць,
Што сын з выгнання прыйдзе малады.
Ёй кожнай ноччу мроіцца i сніцца,
Што праз завеі i здзічэлы лес
Праб'ецца i паціху ў аканіцу
Пастукаецца сын яе Алесь.
Каторы год не спіць, i мроіць маці,
I чуе крокі сына ля акна,
Каторы год у апусцелай хаце
I днём i ноччу журыцца яна.
Але ніхто не скажа ёй ніколі,
Што ў тую ноч, калі прысніўся сын,
Калі душа заходзілася болем,
Яго хавалі каля трох асін.
У гушчары тайгі без дамавіны,
Засыпаны зямлёю назаўжды,
I толькі з адзінокае рабіны
Сцякалі кроплі дажджавой вады.
Шуміць тайга над братняю магілай,
I слёз няма, i не хапае сіл
Злічыць усё, што Беларусь згубіла,
Стаптаных лёсаў i зламаных крыл.
I я, магчыма, следам за сябрамі
Пакіну свой барак без забарон,
I нехта пажартуе каля брамы:
— На «волю» едзе з біркаю i ён.
Дзяўчаты заспяваюць на купалле,
Русалка карагоды павядзе,
I там, дзе слёзы матчыны упалі,
Патухнуць нашы свечкі на вадзе.
Я спальваю сябе штодня
Пакутамі i хваляваннем,
I памагае мне радня
Наблізіць дату развітання.
Упарты, быццам Авакум,
Пакутую за ўсе пакуты,
За крывадушны гулкі тлум,
За кроплі горкае атруты,
Не за сябе, а за другіх,
За самых блізкіх i далёкіх,
За незваротных дарагіх,
За кінутых i адзінокіх.
О, як душа мая баліць,
Як сэрца стомленае ные,
Што мне грахі не замаліць
Hi ўласныя i ні чужыя.
Знясілены ад горкіх дум,
Гатовы ўпасці на калені
I дагарэць, як Авакум,
На вогнішчы свайго сумлення.
Сіноптыкі прадказваюць надвор'е,
Дакладна часам, часам неўпапад:
То раптам Грузію, то Чарнамор'е
Заваліць снег або златошыць град.
I я прагнозы ўсе свае узважу,
Ды не магу прадбачыць аднаго,
Што ўвечары ці раніцай пакажа
Барометр у начальніка майго.
Як толькі распагодзіцца, знянацку
Прысніцца птушка з вогненным пяром,
А прахаплюся, страчу, быццам цацку,
Калі захмарыць, калі грымне гром.
Читать дальше