— Канечне, мала,— падтрымалі яго.
— Што ж, людзей у нас добрых няма? Прыгледзецца толькі трэба, пагаварыць з чалавекам, i ён сам прыйдзе да нас. Узяць хоць бы Антона Кісяля ці Аляксандра Раговіча. Ды яны, яны ў пекла пойдуць за Савецкую ўласць.
— А Мацвей Калінковіч чым не бальшавік, хоць i беспарцейны? — дадаў Максім Ус.
— От я й кажу, трэба, каб у нас была добрая баявая парцейная арганізацыя.
— Я думаю, хлопцы, парцейнаю ячэйкай няхай зоймецца Пракоп Малаковіч, баявыя атрады арганізоўваюць Салавей з Драпезам, a ў рэўкоме, пакуль суд да дзела, Максім Ляўкоў пабудзе,— прапанаваў Якаў Гошка.
Так i парашылі. Максім Ус выйшаў з рэўкома разам з Зянонам Рыгоравічам. Ім было ў адну дарогу. Максім жыў у маленькай лясной вёсцы Грабінка, а Раговіч — у Старой Дуброве.
Прыцярушаная тонкім сняжком зямля зноў добра ўмерзла, закамянелі грудкі гразі, заледзянелі на дарозе каляіны. Высокі шыракаплечы Максім, у абмотках i салдацкім шынялі, спыніўся, адвярнуўся ад ветру, прыкурыў i яшчэ раз зірнуў на рэўком. Над дахам трапятаў чырвоны сцяг, трымцела i калыхалася ад ветру дрэўка. На хатах віселі большыя i меншыя, шырокія i вузкія чырвоныя палотнішчы.
— Бачыш, вісяць.
— Калі не будзем разявакамі, заўсёды вісецьмуць,— адказаў матрос, i яны спорнай хадою пайшлі на вуліцы. Ззаду затарахцелі колы, гулка зацокалі конскія капыты. Ix нагнала i пакацілася па дарозе лёгкая брычка, запрэжаная паркай сытых коней. За кучарам на глыбокім скураным сядзенні разваліўся Мікалай Мікалаевіч. Ён быў важны i незалежны, у чорным казачыне, круглай рудой шалцы, сівыя вусы звісалі аж на каўнер. Ён ледзь павярнуў галаву, абвёў хлопцаў халодным позіркам, i брычка пакацілася па дарозе.
-— Колькі ж ён тут яшчэ будзе ездзіць? — запытаў Максім.
— Пакуль не дадзім па карку i не спорам з панскага седала.
— Як ты думает, куды ён ляціць, а?
— Мабыць, на Ратміравічы. Куды ж яшчэ па гэтай дарозе? Можа, паехаў прасіць, каб легіянераў паставілі ў двары, а можа, i так чаго,— спакойна разважаў матрос.
— Пачакай трошкі. Збегаю Аляксандру з Пракопам скажу. Гэта ж не так сабе ён паехаў.— I Максім, грукаючы па сцежцы падкоўкамі салдацкіх чаравікаў, вярнуўся ў рэўком.
7.
На досвітку Салавей, а з ім яшчэ адзінаццаць чалавек, выйшлі з сяла. У некаторых на плячах віселі вінтоўкі i двухстволкі, у дваіх пры баку целяпаліся шаблі, на папругах калыхаліся падобныя на таўкачы, бляшаныя, з драўлянымі ручкамі гранаты. Ішлі па трычатыры чалавекі.
За ноч яшчэ паядранеў марозік. Нібы капусны ліст, парыпваў пад нагамі свежы сняжок. За чорнымі зубцамі лесу хаваўся тоненькі маладзік.
Салавей, прывычны да далёкіх пераходаў, ішоў панерадзе, лёгка i вельмі спорна. Якаў Гошка, заплятаючыся ў крыссі шыняля, ледзьве наспяваў за ўсімі. Калі добра Вывіднела, яны выйшлі з маладога асінніку на палявую дарогу. На ўзгорку паказаліся хаты, хлявы, азяроды i гіуні.
Хлопцы сталі вакол Салаўя. Ён ссунуў на патыліцу зялёную вайсковую шапку, правёў пальцам па маленькіх падстрыжаных вусіках i ціха, зусім па-сяброўску, сказаў:
— Яша з Анупрэем пойдуць прама на станцыю. Садзіцеся сярод людзей i маніце, колькі ўлезе. Можаце сказаць, што едзеце ў войска пасля ранения ці шукаеце фурманку, каб даехаць дадому. Часцей заходзьце да дзяжурнага, пытайцеся, калі прыйдзе поезд. Глядзіце i нюхайце, чым там пахне. А мы загуменнямі, агародамі, хто як, разыдземся па сялу. У кожнага ж тут ёсць ці сваяк, ці знаёмы. Я буду ў Пракопавага швагра. Калі што якое пачуеце на станцыі, адразу ж дасцё знаць. А к вечару i мы па адным, па два прыйдзем туды. Трэба, каб ніхто не ведаў, колькі нас i хто мы такія.
Дні позняй восені кароткія i шэрыя: адразу пасля паўдня пачынае змяркацца. Аляксандр, не разуваючыся, прылёг на палок за печчу — мінулаю ноччу не спаў i ў гэтую наўрад ці засне. У сенцах вішчаў галодны парсюк, на дрывотні цюкаў сякераю гаспадар, на лаве маленькая мурзатая Манька калыхала анучную ляльку, спявала ёй «ката», крычала i біла за тое, што «не спіць», i зноў спявала.
Аляксандр ляжаў з заплюшчанымі вачыма, але сон не браў яго. «Якою ты будзеш, Манька, праз дзесяць гадоў? — думаў ён.— Будзеш вучыцца. Усе тады будуць вучыцца ў вялікіх новых школах. Бацька паставіць прасторную хату, з злектрыкаю, як у горадзе. Забрукуем вуліцы, зямлю ўробім, як пух, машыны будуць араць i сеяць. Эх, дажыць бы да тае пары, паглядзець бы на нашу Рудабелку, на гэтую мурзатую Маньку гэтак гадоў праз дзесяць?»
Непрыкметна ён нібы паплыў у сінім тумане. Ужо здавалася, не гаспадар грукае на дрывотні, а чуваць далёкія глухія стрэлы, трэба ўскакваць, сагнуўшыся, бегчы па полі, паўзці пад калючы дрот, страляць i некага калоць штыхом. Karo i за што? Невядома.
Читать дальше