— Ну, як бедната варушыцца, Параска?
— A трохі варушыцца, хоць i на адных драніках сядзіць. Хадзілі мы гэта з Мікодымам ў Лаўстыкі i ў Рудню. Сабралі самую галечу, расказалі, як зямлю дзяліць думаем. Мікодым гаворыць, i я часам слоўца ўстаўлю. А людзям верыцца i не верыцца, што панская i шляхецкая зямля будзе іхняю. Баяцца тых легіёнаў. Кажуць, шампаламі пісяжаць за панскае дабро. Каму ж ахвота падстаўляць сцегнякі?
— Трэба, каб нас легіянеры баяліся, а не мы ix. Прывязуць хлопцы з Мінска трохі стрэльбаў, мы тады ім пакажам, у які бок уцякаць.
13.
Рудабельскія «паслы» ў Асіповічы так-сяк дабраліся на змярканні i адразу кінуліся шукаць Каменшчыкава. Ён сам толькі што прыехаў сюды, i ніхто не ведаў, дзе яго можна знайсці. Старая стрэлачніца тыцнула замасленым флажком у цемень:
— Шукайце унь там у тупіку вагон. Прыехаў учора нейкі камандзір, а той ці не той, самі дапытаецеся.
Доўга хадзілі рудабельцы па пуцях, хлюпаючы па расталым енезе. На ix пакрыквалі вартавыя: «Правальвай, правальвай, няма чаго тут лазіць». I яны ішлі далей. Нарэшце ў акне адзінокага вагона ўбачылі — гарыць свечка. Пастукаліся ў замкнутыя дзверы. Асіплы голас запытаў, хто i чаго трэба.
— Таварышу Каменшчыкаву запіска з Мінска.
Дзверы адчыніліся, i высунулася галава ў папасе.
— Відаць, цяжкая запіска, іпто столькі вас яе валачэ,— змрочна пажартаваў асіплы голас.— Хто з вас старшы, залазь сюды.
Анупрэй намацаў прыступку, ухапіўся за парэнчы i знік у вагоне.
У купэ было накурана i людна. Пры мітуслівым святле свечкі Анупрэй разглядзеў чалавек восем вайсковых. Яны сядзелі вакол стала, пра нешта спрачаліся i гаварылі ўсе разам. Пасярэдзіне стаяў невысокі чалавек у расшпіленым фрэнчы. Калі ён загаварыў, усе замоўклі.
— Корпус Доўбар-Мусніцкага Чырвоная гвардыя адціснула з-пад Рагачова. Цяпер з Бабруйска легіянеры рушылі на Мінск. Многія салдаты корпуса пад выглядам сялян пераходзяць нашы пазіцыі...— I тут ён заўважыў Анупрэя, перарваў сваю гаворку i звярнуўся да яго: — Што скажаце?
— Мне таварыша Каменшчыкава.
— Слухаю вас.
Анупрэй моўчкі падаў канверт ад Мяснікова. Той прабег запіску вачыма, прыкусіў губу, задумаўся. Па яго постаці, па тым, як трымаецца i гаворыць, Драпеза адразу пазнаў нядаўняга афіцэра. На плячах фрэнча яшчэ не злінялі сляды ад пагонаў. «Ну, гэты знойдзе прычыну, каб не даць»,— падумаў Анупрэй i неспадзявана пачуў:
— Добра, чым можам, паможам. Заўтра раніцаю ў шостым пакгаузе вас будзе чакаць таварыш Васільеў. Я яму ўсё перадам. Паможам i транспартам. Абы толькі ціха прайшла гэтая ноч.
Каменшчыкаў падышоў да стала, выдраў з блакнота аркушок паперы i размашыста напісаў: «Тав. Васільеў! Задавольце рудабельскіх партызан згодна разнарадкі т. Мяснікова», распісаўся i падаў Анупрэю.
— А пакуль што з майго рэзерву артымаеце асабістую зброю. Колькі вас? — Анупрэй сказаў, што ix шасцёра.— Значыць, шэсць вінтовак, па сотні патронаў i па тры гранаты выдасць вам дзяжурны. Начаваць прыйдзецца на вакзале, Больш няма дзе.
Драпеза шчоўкнуў стаптанымі абцасамі, прыклаў далонь да шапкі. Каменшчыкаў усміхнуўся i падаў яму руку:
— Пазнаю салдата. Жадаю поепеху вашым партызанам. Так i трэба. Само нічога не прыйдзе.
— Мы i не чакаем, таварыш камандзір. Абы было чым, дык мы любому дамо па загрыўку, а без струманту i гніду не заб'еш.
Камандзіры весела зарагаталі. Анупрэй па-вайсковаму крутнуўся, але загойдаўся язычок свечкі.
У калідоры дзяжурны выдаваў рудабельцам асабістую зброю. Анупрэй падаваў вінтоўкі i гранаты таварышам, патроны хлопцы ссыпалі ў торбачкі.
— Хоць за вайну намуляла плечы трохлінейка, а цяпер з ёю весялей i спакайней,— сказаў Званковіч.
Усе пайшлі следам за Анупрэем да вакзала. Там было людна i тлумна, як на кожным вакзале ваеннай пары.
Прымасціліся рудабельцы каля печы. Пад галовы паклалі мулкія торбачкі, захуталіся ў кажушкі, світкі i бравэркі. Змораныя за столькі мітуслівых i бяссонных начэй i дзён, яны адразу заснулі. Hi паравозных гудкоў, ні ляскату дзвярэй, ні гамонкі, ні лаянкі i крыкаў яны не чулі.
Далека за поўнач скаланулася падлога, нешта напялася i лопнула, як разадранае палатно, загрукатала, завухкала, затупалі сотні ног, зацокалі конскія капыты, затарахцелі кулямёты. Даляталі каманды, перасыпаныя густою лаянкай.
Свечка ў вакзале патухла. Людзі крычалі, хапалі свае клункі, душыліся каля дзвярэй, лямантавалі i енчылі, некуды беглі, прыгнуўшыся.
Анупрэй высадзіў прыкладам акно.
Читать дальше