У нейкі момант Вы можаце здзівіцца з уласнага блакнота. За некалькі дзён столькі лічбаў набегла на яго старонкі! Але не пра адны толькі лічбы Вы думалі, збіраючыся ў Бельгію. Вы марылі, напрыклад, пазнаёміцца з маладымі фламандскімі паэтамі, запісаць назвы найбольш цікавых кніг. На Вашае пытанне Марыета толькі разгублена паціспула плячыма — не, на вялікі жаль, яна не ведае сучасных бельгійскіх паэтаў... яна больш цікавіцца французскай літаратурай.
Дзеля ўвагі да Вас Марыета звярнулася да шафёра, ці не ведае ён якога-небудзь паэта? «Не»,— аскетычна прамовіў Элі.
У Генце пра тое ж Вы спыталіся ў Апатоля Клауса [ 6 6 Кіраўнік клуба «Younost». Гэты клуб уваходзіць у таварыства «СССР — Бельгія».
]. Анатоль скончыў Генцкі універсітэт, аддзяленне славістыкі, добра ведае рускую класічную літаратуру. Але ён таксама збянтэжыўся, пачуўшы пытанне пра сучасную фламандскую паэзію. Ён абяцаў пацікавіцца і заўтра некалькі імёнаў назваць. Магчыма, каб Хюга Клаус даводзіўся Анатолю не проста аднафамільцам, а сваяком, Анатоль назваў бы Вам імя гэтага паэта.
Але затое пра архітэктурную даўніну і колішні жывапіс, пра каралёў і герцагаў Вам раскажуць у Бельгіі з вялікім жаданнем. I той жа Анатоль Клаус хоць гадзіну, хоць дзве, цікава і захоплена, будзе апавядаць пра кожны вобраз, пра кожную біблейскую алюзію, пазначаную Янам Ван Эйкам на Генцкім алтары ў саборы святога Бавона, альбо на палатне 1436 года «Мадонна каноніка ван-дэр-Пале», што ў музеі Грунінэн.
У такія хвіліны ўзрушаны Анатоль быў падобны на герояў Уладзіміра Арлова з кнігі «Добры дзень, мая шыпшына», тых, пакуль яшчэ рэдкіх, беларускіх юнакоў з дакладна пазначаным гістарычным зрокам і нацыянальна свядомай душой.
На працягу ўсёй вандроўкі Вас будзе здзіўляць і захапляць моцная гістарычная памяць, што ўвасобілася амаль у кожным фламандцу альбо валонцу. І Вам таксама давядзецца здзіўляцца на відавочную размытасць іхняй «сучаснай» памяці.
На вечары дружбы ў адным з прыгарадаў Гента Вас будуць вітаць землякі. Гэта пераважна жанчыны, ужо сталага веку, якіх у маладосці вывезлі фашысты на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вызвалення Бельгія ім сталася другой радзімай. Яны знайшлі тут сваё жаночае і сямейнае шчасце. Яны размаўляюць на чыстай рускай мове, але з відавочным ужо халаднаватым акцэнтам. Яны хочуць зрабіць Вам хоць якую-небудзь ласку: ці то ў выглядзе падарунка, нейкага там сувеніра, ці проста абдымаюць Вас, як сваё печакана знойдзенае, ужо дарослае дзіця...
Жанчыны плачуць і не хаваюць слёз. А ўнукі не разумеюць сваіх яшчэ маладых бабуль і па-фламандску пытаюцца — чаго яны плачуць?
Гледзячы па малых, Вы, мусіць, згадаеце імправізаваны дзіцячы садзік, які ўбачылі ў адной генцкай кавярні. За шкляной сцяной рухалася электрычная горка, аздобленая каляровымі лямпачкамі, пасвіліся пластмасавыя конікі, а на падлозе стракацела розная цацачная драбяза. За дзецьмі сачыла часовая выхавацельніца, пэўна, адна з афіцыянтак. Пакуль бацькі бавілі час за кубкам кавы, іхнія дзеткі таксама мелі прыемны па ўзросце занятак.
Ці не паблізу ад той кавярні знаходзіўся дом Цільціля і Міціль, што з такой кранальніай непасрэднасцю чакалі свой калядны падарунак?
Дарэчы, у Генце ніхто з фламандцаў не згадаў імя Метэрлінка. Нібыта славуты драматург нарадзіўся ў Валоніі. Мусіць, Метэрлінк яшчэ не гісторыя, а сучаснасць, і яму рана атайбоўвацца на адной з палічак гістарычнай памяці бельгійцаў.
Апоўначы, вяртаючыся ў Брусель. Вас не столькі ўразіла, што на ўсім працягу ад Гента да сталіцы шаша асветлена мякка-жоўтым святлом, ад якога не стамляюцца вочы, а хутчэй за ўсё здзівіла абыякавасць таўстуна Элі да такой выгоды. Ён нават фары не выключыў, хоць мог не карыстацца імі.
Нікуды Вам не падзецца ад абавязковага параўнання Элі з Ламэ Гудзакам. Вы ж настроіліся ўспрымаць малавядомую Бельгію праз вобразы класічнай літаратуры. Элі не хто іншы, як зычлівы кастэраўскі таўстун. Чэрава яго неабдымнае, жарты, звернутыя да Вас, вядома праз перакладчыка, трапныя, і добры ён не па службовай волі, а праз сваю генетычную фламандскасць...
Развітаўшыся з савецкай групай, толькі ў гаражы ён выявіў, што нехта з нас пакінуў у аўтобусе плашч. Праз увесь Брусель на максімальнай хуткасці, каб паспець, гнаў ён сваю парожнюю машыну ў аэрапорт авіятаварыства «Сабена». I такі паспеў, і вярнуў адзежыну нядбайнаму турысту.
Зычлівасць у пераважнасці сваёй рыса інтэрнацыянальная. Няма незычлівых народаў, пра што сведчыць мастацтва і ў канкрэтнай сваёй выяве пачуццёва-манументальны жывапіс Рубенса. У Аптверпене, у доме-музеі Рубенса, з вострай незадаволенасцю падумаеце, што ўрэшце ж трэба навучыцца адрозніваць зычлівасць сапраўдную, роўную вялікаму мастацтву, ад зычлівасці гандлярскай.
Читать дальше